Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Старшыня АГП Мікалай Казлоў ня выйшаў на волю пасьля 15 сутак на Акрэсьціна


Мікалай Казлоў каля суду ў Магілёве, дзе праходзіў працэс над блогерамі, 11 лютага 2021

Яго мусілі вызваліць вечарам у аўторак, 6 красавіка.

Старшыня Аб'яднанай грамадзянскай партыі Мікалай Казлоў меўся выйсьці 6 красавіка ў 18:30 з ізалятара на Акрэсьціна, дзе ён адбыў 15 дзён адміністрацыйнага арышту. Але сябры па партыі яго не дачакаліся. Праз паўгадзіны пасьля меркаванага часу вызваленьня супрацоўнік ізалятара паведаміў, што «сёньня Казлоў ня выйдзе».

«Прычыны нам не патлумачылі», — паведаміў Свабодзе актывіст АГП Дзяніс Красачка. На ягоную думку, Мікалая Казлова могуць трымаць пад вартай яшчэ пэўны час, які яму не залічылі, бо пасьля затрыманьня лідэр АГП трапіў у шпіталь.

«У іх на яго можа быць падрыхтавана яшчэ некалькі пратаколаў за непадпарадкаваньне, а яшчэ пагражалі і крымінальнай справай. Будзем высьвятляць, што атрымаў», — сказаў Дзяніс Красачка.

Лідэр АГП Мікалай Казлоў адмаўляецца даваць падпіску аб невыдаваньні ў крымінальнай справе аб дзейнасьці Каардынацыйнай рады, сябрам якой зьяўляецца. За гэта палітыка ўжо двойчы каралі арыштамі па 15 сутак. Апошні раз Казлова затрымалі 23 сакавіка каля дому. У ізалятары Мікалаю стала блага, яму выклікалі хуткую дапамогу і адвезьлі ў шпіталь. 25 сакавіка суд, які праходзіў дыстанцыйна, пакараў палітыка чарговым арыштам на 15 сутак.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG