Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Камэры на Акрэсьціна заліваюць канцэнтраванай хлёркай. Доктар тлумачыць, чым гэта шкодна


Вязьніца на завулку Акрэсьціна

Вязьні з Акрэсьціна заяўляюць, што, сярод іншых катаваньняў, іхныя камэры заліваюць канцэнтраваным растворам хлёрнай вапны. Як гэта шкодзіць здароўю чалавека?

«Яны самі баяліся да нас заходзіць»

Мастачка Ліза Ганчарова пасьля вызваленьня сказала, што камэру, дзе яна знаходзілася ў ЦІП на Акрэсьціна, пэрыядычна залівалі хлёркай.

«Зачынялі „кармушку“, закрывалі ўвесь кісларод і проста залівалі хлёркай. Мы гэтым дыхалі, у нас запалілася сьлізістая ва ўсіх. Рабілі гэта з пэрыядычнасьцю раз на два дні», — расказала дзяўчына.

Старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Мікалай Казлоў падчас працэсу над ім у судзе Цэнтральнага раёну Менску сказаў, што кепска сябе адчувае, падвысіўся ціск, бо суткі сядзеў у ізалятары на Акрэсьціна ў камэры на аднаго, дзе былі 8 чалавек. А на падлогу вылілі пад 20 літраў канцэнтраванага раствору хлёркі. Ён заявіў, што праз стан здароўя ня можа паўнавартасна ўдзельнічаць у працэсе.

У лістападзе электрамантажнік Юры Шафранскі расказаў «Белсату», што ў камэру на Акрэсьціна залівалі хлёрку.

«У камэру залівалі вядро хлёркі, паўдня балота стаяла. Яны самі да нас баяліся заходзіць, таму што смурод стаяў», — падзяліўся ён.

«Апёкі, алергічныя рэакцыі»

Паводле лекара Андрэя Вітушкі, хлёрка можа выклікаць хімічны апёк дыхальных шляхоў і вачэй. Таму такое ўжываньне хлёркі ў закрытых памяшканьнях, як апавядаюць былыя вязьні, будзе адмоўна ўплываць на здароўе.

«Ад гэтага адбываецца апёк сьлізістых абалонак. Яны праз пэўны час, безумоўна, аднаўляюцца, але гэта не прыносіць здароўя чалавеку. Калі гэты апёк працяглы і моцны, то яны могуць і не аднавіцца, — кажа Андрэй Вітушка. — Могуць быць, напрыклад, апёкі вачэй, хаця такое здараецца рэдка. Таксама могуць быць алергічныя рэакцыі на хлёрку».

«Барабаніць у дзьверы і крычаць: «Вы нас забіваеце!»

Што можа зрабіць чалавек у зьняволеньні, каб неяк засьцерагчыся ад хлёркі? Што ён мусіць ведаць?

«Можна намачыць нейкую тканіну і дыхаць празь яе, гэта трохі зьмяншае ўзьдзеяньне хлёркі на арганізм. Таксама мэтад — барабаніць у дзьверы і крычаць: „Вы нас забіваеце!“, — кажа Андрэй Вітушка. — Сама сытуацыя абсурдная, бо чалавек ня мусіць думаць пра тое, як ён будзе сябе паводзіць тады, калі яго закруцяць у „ластаўку“ альбо будуць заціскаць пальцы дзьвярыма. Да гэтага не падрыхтуесься. Ты можаш рыхтавацца маральна, але гэта абсурдна, таму што гэта ненармальная сытуацыя. Тады давайце думаць пра тое, як мы будзем на іншых узроўнях супрацьдзейнічаць гэтай сытуацыі, больш актыўна нейкімі іншымі мэтадамі».

Андрэй Вітушка згадвае творы Аляксандра Салжаніцына, якія апісвалі жахі савецкага ГУЛАГу.

«Калі ж мы туды ўжо трапілі, то трэба прыняць, як пісаў Салжаніцын, што жыцьцё скончылася, — кажа Андрэй Вітушка. — Патэнцыйна яны могуць зрабіць з табой усё што заўгодна. У „Архіпэлягу ГУЛАГу“ ўсё напісана. Адпаведна, падрыхтуйся да самага горшага. І ўспрымай свой выхад з гэтых месцаў як незвычайны падарунак лёсу, тады табе будзе лягчэй».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG