Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сваякам Тарайкоўскага не далі азнаёміцца з матэрыяламі праверкі ягонай гібелі


Аляксандар Тарайкоўскі, архіўнае фота.
Аляксандар Тарайкоўскі, архіўнае фота.

Цяпер, каб абскардзіць адмову завесьці крымінальную справу па факце гібелі Тарайкоўскага ў часе разгону пратэстаў, прадстаўніца сям'і мае спачатку аспрэчыць адмову ў азнаямленьні з матэрыяламі праверкі.

Сям’я забітага на пратэстах Аляксандра Тарайкоўскага спрабавала азнаёміцца з матэрыяламі справы і абскардзіць адмову пачаць крымінальную справу па факце гібелі. Але ёй у гэтым адмовілі, паведаміла Tut.by афіцыйная прадстаўніца сям’і адвакатка Альвіна Мінгазава.

З моманту атрыманьня паведамленьня аб адмове пачаць крымінальную справу адвакат, прадстаўніца бацькі забітага, спрабавала атрымаць копію пастановы аб адмове і азнаёміцца з матэрыяламі праверкі. Але атрымала ліст з адмовай ад 2 красавіка, падпісаны намесьнікам начальніка кіраваньня УСК па Менску Андрэем Матолькам.

Адмова матываваная тым, што «паводле ч. 2 арт. 178 КПК права азнаёміцца з матэрыяламі праверкі па заяве або паведамленьні аб злачынстве маюць заяўнік і асоба, у дачыненьні якой прынята рашэньне аб адмове заводзіць крымінальную справу».

Крымінальную справу пачалі на падставе паведамленьня пра сьмерць службовай асобы гарадзкой станцыі хуткай мэдычнай дапамогі. Сьледчы камітэт лічыць, што з матэрыяламі можа знаёміцца альбо гэта службовая асоба, альбо сам загінулы Аляксандар Тарайкоўскі, а вось ягоны бацька і адвакат сям’і такога права ня маюць.

Дзеля таго, каб абскардзіць адмову распачаць справу, сям’і і яе прадстаўніку для пачатку давядзецца абскардзіць адмову ў азнаямленьні з матэрыяламі праверкі. Адвакатка зьбіраецца зрабіць гэта.

19 лютага папярэдні кіраўнік Сьледчага камітэту Іван Наскевіч заявіў, што пачынаць крымінальную справу па факце сьмерці Аляксандра Тарайкоўскага ня будуць. Па вэрсіі сьледзтва, «сілавікі дзейнічалі па законе і выкарыстоўвалі несьмяротную зброю».

Аляксандар Тарайкоўскі загінуў 10 жніўня каля станцыі мэтро «Пушкінская» ў Менску. У МУС заявілі, што ён спрабаваў кінуць неўстаноўленую выбуховую прыладу ў бок сілавікоў і тая выбухнула ў руцэ і прычыніла яму траўмы, несумяшчальныя з жыцьцём. Аднак відэакадры зь месца падзеі цалкам абверглі заяву МУС: Тарайкоўскі нічога ў руках не трымаў і ўпаў на зямлю пасьля раненьня ў грудзі.

Забойства Тарайкоўскага і змаганьне ўладаў з народным мэмарыялам

10 жніўня падчас акцыі каля станцыі мэтро «Пушкінская» загінуў 34-гадовы мянчук Аляксандар Тарайкоўскі. Тарайкоўскі стаў першай вядомай ахвярай гвалту сілавікоў падчас пратэстаў.

Агенцтва Associated Press апублікавала відэа, зробленае 10 жніўня 2020 году. На запісе відаць, як ён падае пасьля стрэлаў сілавікоў. Паводле афіцыйнай вэрсіі, у яго ў руках узарвалася выбуховая прылада, аднак нічога такога на відэа няма.

Паводле былога намесьніка камандзіра баявой групы антытэрарыстычнага падразьдзяленьня МУС Беларусі «Алмаз» Ігара Макара, у Тарайкоўскага страляў супрацоўнік «Алмазу» з помпавага ружжа, якое прымяняецца толькі на дыстанцыі ад 50 мэтраў, хоць да ахвяры было 20–25 мэтраў.

Бацька Тарайкоўскага таксама перакананы, што сына застрэлілі сілавікі.

У лістападзе Сьледчы камітэт прыпыніў праверку па факце сьмерці Тарайкоўскага. Крымінальную справу не распачалі, падазраваных у сьмерці няма. ​

Змаганьне ўладаў з народным мэмарыялам

11 жніўня каля месца гібелі Аляксандра Тарайкоўскага зьявіўся мэмарыял з надпісам «Не забудзем» на ходніку. Людзі прыносілі да імправізаванага мэмарыялу кветкі і вянкі.

У жніўні камунальнікі пад кантролем міліцыі спрабавалі засыпаць літары пяском і рэагентамі, аднак кожны раз менчукі аднаўлялі надпіс. У верасьні людзі ў масках зафарбавалі надпіс «Не забудзем».

Прынамсі пяць чалавек асудзілі за аднаўленьне народнага мэмарыялу на месцы сьмерці Аляксандра Тарайкоўскага.

Максім Паўлюшчык (26 год), Уладзіслаў Гуліс (25) — 2 гады калёніі.
Ігар Самусенка (25), ​Дзяніс Граханаў (42) — 1,5 года «хіміі»
Марыя Бабовіч (25) — 1,5 года «хатняй хіміі».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG