Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Спроба ціску на Ўкраіну». Заснавальнік CIT аб новых доказах перакідваньня расейскіх вайскоўцаў да мяжы з Украінай


Вучэньні ўзброеных сілаў Расеі ў Крыме, сакавік 2021
Вучэньні ўзброеных сілаў Расеі ў Крыме, сакавік 2021

Дасьледчая група Conflict Intelligence Team (CIT) апублікавала новыя доказы перадысьлякацыі да ўкраінскай мяжы расейскай вайсковай тэхнікі з закрытымі нумарнымі знакамі

CIT вывучыў два відэа, выкладзеныя ў Twitter карыстальнікам @GirkinGirkin. На абодвух відэа бачныя грузавікі, якія буксіруюць гаўбіцы «Мста-Б». Дасьледнікі вызначылі, што відэа зьнятыя ў раёне Растова-на-Доне на трасе М4, якая на поўнач ад месца здымкаў праходзіць блізка да мяжы з Украінай.

4 красавіка гэты ж карыстальнік Twitter апублікаваў відэа, на якім на чыгуначных плятформах стаяць танкі Т-72БЗ. Дасьледчыкі выявілі, што гэтая плятформа належыць 74-й гвардзейскай мотастралковай брыгадзе, якая базуецца ў Юрзе, што ў Кемераўскай вобласьці.

Conflict Intelligence Team — група расейскіх незалежных блогераў, якія расьследуюць узброеныя канфлікты з адкрытых крыніцаў. У прыватнасьці, CIT расьсьледавала войны ва Ўкраіне і ў Сырыі.

Заснавальнік Conflict Intelligence Team Руслан Левіеў распавёў «Настоящему времени», куды, на думку дасьледчыкаў, можа рухацца гэтая тэхніка і навошта Расеі сьцягваць войскі да мяжы з Украінай.

— Расея на працягу сямі гадоў пэрыядычна сьцягвае тэхніку да ўкраінскай мяжы. Хіба ёсьць нешта незвычайнае ў перакідцы сёлета?

— Вучэньні — гэта сэзонная зьява, і ўвесь час адбываецца такая гістэрыка ў СМІ, што сьцягваюць войскі да мяжы. Але, адказваючы на такі довад, я б сказаў, што тыя вучэньні, якія былі заплянаваны ў Крыме і ў Паўднёвай вайсковай акрузе, скончыліся яшчэ 20 сакавіка, а пасьля 20 сакавіка мы ня бачым сыгналаў аб тым, што тэхніка зьяжджае ад мяжы да месцаў дыслякацыі. Наадварот, мы бачым усё новыя і новыя цягнікі, якія прывозяць тэхніку. Больш за тое, той цягнік, які вы цяпер згадалі, ён прыедзе да мяжы толькі прыкладна да 11 красавіка, гэта значыць празь месяц пасьля заканчэньня вучэньняў.

— Ці можна зразумець па далейшай траекторыі руху тэхнікі — гэтая расейская тэхніка рухаецца да памежных украінскіх Харкаўскай і Сумскай абласьцей або можна меркаваць, што яна рухаецца далей да непадкантрольнай тэрыторыі Данбасу?

— Мы бачым частку тэхнікі, якая выгружаецца ў Варонескай вобласьці, у Белгарадскай вобласьці — бліжэй да Харкава. Плюс значная частка тэхнікі едзе ў Крым. Частка тэхнікі праяжджае ўздоўж Растоўскай вобласьці, магчыма, паверне ў бок Матвеева Кургану. Пакуль мы ня бачылі, каб нехта перасякаў мяжу і трапляў на тэрыторыю непрызнаных рэспублік. Асноўныя кропкі канцэнтрацыі тэхнікі — гэта бліжэй да Харкава, з боку расейскай мяжы, і ў Крыме.

— Ёсьць дастаткова вядомыя ваенныя правілы: вясна і восень — гэта ня час для наступу, ва ўсялякім разе, наземнай тэхнікі. Зямля мяккая, тэхніка не праедзе. І ва Ўкраіне ёсьць такі ўстойлівы тэрмін: «Пуцін бразгае зброяй». Ці можна казаць пра тое, што гэта толькі застрашваньне, ці ёсьць сапраўды актыўныя сыгналы, што гэта можа быць паўнавартаснае ўварваньне?

— Мы, як і многія заходнія аналітыкі, лічым, што гэта толькі бразганьне зброяй, гэта спроба аказаць ціск як на саму Ўкраіну, так і на яе партнэраў у сэнсе Захаду праз такое агрэсіўнае нарошчваньне сіл. Адносна Ўкраіны Расея робіць дзеяньні ў адказ на санкцыі, якія ўвёў Зяленскі супраць прарасейскіх асобаў і прарасейскіх арганізацый, плюс праз такое нарошчваньне сілаў Расея цісьне і на ЗША, і на краіны NATO. Расея паказвае, што Крым мы ніколі не аддадзім, бо нарошчваем сілы цяпер і там таксама.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG