Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Натальля Хершэ: «Спартовыя залі ў калёніі створаны для „галачкі“, часу наведваць іх няма»


Палітзьняволеная Натальля Хершэ
Палітзьняволеная Натальля Хершэ

Палітзьняволеная Натальля Хершэ распавяла пра востры недахоп часу і прыніжэньне годнасьці ў папраўчай калёніі № 4 Гомлю. Яна не пасьпявае пад’есьці пасьля працы, а ў лістах да яе нельга пісаць палітычных навінаў.

Натальля Хершэ ўжо прайшла абавязковы карантын, а цяпер пачала працу. Брат Хершэ Генадзь распавёў «Вясьне», што спачатку Натальля працавала «на машыне», потым яе перавялі абразальніцай нітак. Яна прасіла дазволіць ёй працаваць у красоўках, бо там гэта забаронена. На працу ня скардзіцца, хоць «на машыне» ёй было больш прыемна працаваць. Акрамя таго, яна прымала таблеткі пасьля выхаду з галадоўкі, цяпер ужо скончыла. Стан здароўя цярпімы.

Натальля чакае, калі яе зможа наведаць у калёніі швайцарскі амбасадар. Адносіны з боку начальства калёніі нармальныя. Галадаць яна больш ня мае намеру.

У новым лісьце палітзьняволеная піша брату, што «сустракаць вясну ў калёніі — гэта як мінімум жорстка!», але яна імкнецца «заставацца на пазытыве». Акрамя таго, Натальля Хершэ апісвае свае ўмовы працы ў калёніі.

«Сёньня нядзеля — адзін выходны на 14 дзён. На фабрыцы праца доўжыцца 6 гадзін плюс каля гадзіны на паход у сталовую».

Натальля скардзіцца на тое, што часу настолькі мала, што дапісаць адзін ліст ёй не заўсёды ўдаецца адразу. Як не хапае і часу нармальна паесьці, бо ў атрадзе 100 чалавек, пасьля вяртаньня з працы кожны хоча пад’есьці, у выніку ўсе сьпяшаюцца пасьпець перад праверкай, а пасьля яе адразу «вэктар» — калектыўны прагляд відэаматэрыялу, у сталовай ніхто знаходзіцца ўжо ня можа.

Раней Натальля прасіла ў брата даслаць ёй спартовыя штаны, паколькі плянавала займацца спортам, але ў лісьце за 27 сакавіка напісала, што яны ўжо наўрад ці спатрэбяцца, бо «спартовыя залі тут для „галачкі“, а магчымасьці іх наведваць у людзей няма».

«Акрамя працы тут яшчэ куча розных дзяжурстваў, разнарадак, інвэнтарных работ, працы па чыстцы гародніны — то бок працы па калектыўным самаабслугоўваньні. За ўвесь тыдзень у мяне не атрымалася ні разу выпіць гарбаты пасьля працы».

Натальля ня ведае, як гэта назваць, Пакараньнем за злачынства, якое яна асабіста не зьдзяйсьняла, або зьдзекам, прыніжэньнем чалавечай годнасьці. Цяпер яна чакае Правілаў унутранага распарадку, каб, у прыватнасьці, паглядзець, чаму ёй забаронена атрымліваць перапіску з палітычнымі навінамі.

Таксама Хершэ наракае, што стрэс у калёніі «ўсюды, пачынаючы з пад’ёму».

Грамадзянку Швайцарыі Натальлю Хершэ, нараджэнку Воршы, 7 сьнежня 2020 году асудзілі па частцы 2 артыкула 363 (супраціў супрацоўніку органаў унутраных спраў) на 2,5 года пазбаўленьня волі ў папраўчай калёніі агульнага рэжыму.

Напісаць палітзьняволенай можна па адрасе: ПК № 4. 246035, г. Гомель, вул. Антошкіна, 3.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG