Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ужо сёньня: дзень дзяржаўнасьці беларускай мовы ў БНР, гадавіна красавіцкага страйку-1991


Падзеі 3 красавіка ў беларускай і сусьветнай гісторыі.

Дата дня

3 красавіка 1918 году Народны Сакратарыят Беларускай Народнай Рэспублікі абвясьціў беларускую мову дзяржаўнай і абавязковай мовай краіны.
Усе акты, дакумэнты і ліставаньне ўрадавых установаў БНР павінны былі пісацца на дзяржаўнай беларускай мове. Нацыянальным мяншыням Беларусі дазвалялася карыстацца сваёю моваю ў афіцыйных дачыненьнях зь дзяржаўнымі ўстановамі.

Таксама ў гэты дзень

1922 — Ёсіф Сталін быў выбраны генэральным сакратаром Расейскай камуністычнай партыі (бальшавікоў).

1940 — аддзелы НКВД пачалі масавыя расстрэлы палонных афіцэраў Польскага войска ў Катыні, Мядовым і Курапатах. Агульны лік ахвяраў — каля 16 тысяч. Сярод расстраляных было шмат беларусаў-вайскоўцаў. Толькі ў Курапатах загінулі каля 5 тысяч ваеннапалонных, якія склалі зброю ў Заходняй Беларусі.

1981 — у Менску быў заснаваны Літаратурны музэй Максіма Багдановіча. Пасьля шматгадовага самастойнага існаваньня 1 красавіка сёлета Багдановічаў музэй афіцыйна стаў філіяй Дзяржаўнага музэю гісторыі беларускай літаратуры.

1991 — пачаўся страйк работнікаў менскіх заводаў з эканамічнымі і палітычнымі патрабаваньнямі.

2008 — у Менску пасьпяхова зрабілі першую ў Беларусі апэрацыю перасадкі нырак.

У гэты дзень нарадзіліся

1885 Барыс Вількіцкі, дасьледчык Арктыкі, гідрограф-геадэзіст беларускага паходжаньня.

1937Іван Антановіч, беларускі палітык і дыплямат, прафэсар філязофіі. Быў загадчыкам аддзелу культуры ЦК КПБ, у 1997–1998 гадах займаў пасаду міністра замежных спраў. Пазьней пераехаў у Маскву.

У памяці

1973 Анатоль Марцінкевіч, адзін з пачынальнікаў беларускага баскетболу.

1980 Леанід Галяк, юрыст, журналіст, дзяяч беларускай эміграцыі ў Нямеччыне і ЗША.

2003 Алег Табола, удзельнік моладзевага антысавецкага падпольля ў Глыбокім, вязень ГУЛАГу.

Пасьля вызваленьня Беларусі ад гітлераўцаў пятнаццацігадовы Алег Табола прыйшоў давучвацца ў адну з глыбоцкіх школаў. На шыльдзе было напісана, што школа — беларуская, але ўсё выкладаньне ў ёй (як гэта зазвычай бывае й сёньня) ішло па-расейску.

Для юнакоў і дзяўчат, якія ў гады нямецкай акупацыі вучыліся сапраўды ў беларускіх школах, такое становішча было дзікім і незразумелым. Яно наводзіла на думку, што акупацыя зьмянілася не на свабоду, а на новую няволю, якая ў стаўленьні да ўсяго беларускага выглядала значна больш жорсткаю.

Адзін раз на ўроку гісторыі Алег зь сябрамі запытаўся ў настаўніка, чаму беларусы павінны вучыцца на мове іншага народу. «Что здесь непонятно? — ня проста зьдзівіўся, але абурыўся настаўнік. — Зачем ваш белорусский язык, если местное население хорошо понимает по-русски? Ведь и сами белорусы согласны, что их наречие излишне».

Але згодныя з гэтым былі зусім ня ўсе беларусы. Праз год, ужо ў Глыбоцкай пэдвучэльні, дзе таксама поўным ходам праводзілася русіфікацыя, Алег Табола ўступіў у нелегальны Саюз беларускіх патрыётаў. Асноўным пунктам яго праграмы была не дэкляратыўная, а рэальная незалежнасьць Беларусі зь дзяржаўнай беларускай моваю, бел-чырвона-белым сьцягам і гербам «Пагоня».

Кансьпірацыйныя сустрэчы, прысяга перад нацыянальнымі сымбалямі, аб’яднаньне з аднадумцамі з пастаўскай групы «За Беларусь» — усё гэта адпрэчвала безнадзейнасьць і напаўняла жыцьцё сэнсам.
Але ў арганізацыі ўжо дзейнічаў правакатар Алег Стахоўскі. У лютым 1947-га пачаліся арышты, допыты з выкарыстаньнем сэансаў гіпнозу, катаваньні.

Табола быў асуджаны на восем гадоў лягераў і пяць гадоў пазбаўленьня грамадзянскіх правоў. Пасьля вызваленьня ён здолеў вярнуцца ў Беларусь, дачакаўся рэабілітацыі й стаў адным з герояў прысьвечанай Саюзу беларускіх патрыётаў кнігі «Гарт», выдадзенай у 1990-я Архівам найноўшай гісторыі...

Ужо амаль напрыканцы свайго шляху спадар Алег завяршыў кароткія, але надзвычай насычаныя імёнамі й фактамі мэмуары «Мой жыцьцяпіс».

Ёсьць у іх згадка пра немаладога сулягерніка, які, каб умацоўваць беларускі дух землякоў — сяброў па няволі, чытаў ім на памяць клясыку айчыннай паэзіі.

Гэта прыносіла добры плён, але, як піша Табола: «Былі сярод нас і такія, што не хацелі звацца беларусамі, а імкнуліся далучыцца да расейцаў. Аднак расейцы, палічыўшы іх ненадзейнымі людзьмі, да сябе групоўку ня бралі. Такія беларусы ёсьць сярод нас і сёньня. Ніяк яны ня хочуць усьвядоміць, што ў расейцаў заўсёды будуць людзьмі другога гатунку».

Уладзімер Арлоў, Імёны Свабоды, 4-е выданьне, 2020

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG