Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Беларусь цяжарная вольнай будучыняй». Прэм'ера гістарычнага падкаста Ўладзімера Арлова


Уладзімер Арлоў
Уладзімер Арлоў

На сайце Свабоды і на падкаст-плятформах сёньня стартуе падкаст-цыкль Уладзімера Арлова «Імёны Свабоды». Гэта гістарычны партрэт герояў беларускай свабоды XVIII―XXI стагодзьдзяў.

З нагоды прэзэнтацыі новага падкасту Ўладзімер Арлоў адказаў на пытаньні Свабоды: што адбываецца зь беларускай культурай? Ці выжыве яна ва ўмовах, калі ідуць звальненьні за палітычныя погляды, а ў электрычках людзей хапаюць за чытаньне беларускіх клясыкаў? Што будзе зь беларускім тэатрам, літаратурай і мовай, якія раптам сталі «апазыцыяй» рэжыму?

Сьцісла

  • Пра новае выданьне «Імёнаў Свабоды»: У кнізе семдзесят новых герояў, кароткія эсэ пра якіх разьмешчаныя паводле датаў заканчэньня іх зямнога шляху.
  • Пра кантакт з чытачамі: Цяпер аўтографы я даю на вуліцы. На маю радасьць, час ад часу гэта здараецца.
  • Пра сучасны стан беларускай культуры: Я сказаў бы, што наша культура ўва ўсіх сфэрах пасьпяхова трымае ўдар.
  • Пра Купалаўскі тэатар: Калі я паставіў сябе на месца купалаўцаў, то зразумеў, што іх сыход на той момант быў адзіна правільным рашэньнем.
  • Пра вяртаньне да нацыянальнага: Кнігавыдаўцы расказваюць, што ў некаторых выдавецтвах беларускія кнігі ў мінулую восень замаўлялі значнымі партыямі — на падарункі сябрам, суседзям, аднадумцам.
  • Пра ўрокі гісторыі: Нацыя яшчэ як сьлед не асэнсавала сваю гісторыю, не засвоіла яе ўрокі. Таму тое, што не павінна было паўтарыцца, цяпер зрабілася ў Беларусі вусьцішнай рэальнасьцю.
  • Пра магчымасьць перамен: Наша сытуацыя можа зьмяніцца імкліва, але можа і закансэрвавацца на некалькі гадоў. Адно ведаю дакладна — павярнуць час назад, да кнопкавых тэлефонаў і тэлевізара, немагчыма.

ІМЁНЫ СВАБОДЫ. Усе сэрыі падкасту даступныя ўжо цяпер

Пра новы падкаст «Імёны Свабоды»

— Сёньня Радыё Свабода пачынае публікаваць сэрыю падкастаў па вашай кнізе «Імёны Свабоды». Чаму вы лічыце гэтую кнігу актуальнай у нашу постіндустрыяльную лічбавую эпоху, калі час неверагодна паскорыўся, а 5–10 гадоў для маладога пакаленьня лічацца ледзь не стагодзьдзем? А вы, тым ня менш, пішаце пра тых, хто жыў 100–200 гадоў таму.

— Лічбавая эпоха зусім ня значыць, што чалавецтва — каб рухацца далей — мусіць адмовіцца ад сваіх ранейшых цывілізацыйных каштоўнасьцяў і, у прыватнасьці, такой надзвычай важнай зь іх, якой ёсьць гістарычная памяць. Хіба сучасная Эўропа не дае безьлічы прыкладаў самага беражлівага стаўленьня да гістарычнай спадчыны?

Пагатоў, гэта як ніколі важна для нас, беларусаў, бо нацыя яшчэ як сьлед не асэнсавала сваю гісторыю, не засвоіла яе ўрокі, не асудзіла тое, што было вартае ня проста асуджэньня, але і агульнанацыянальнага грамадзкага суду (мы нават дапусьцілі ўсталяваньне сучасных помнікаў Сталіну). Якраз таму тое, што не павінна было паўтарыцца, цяпер зрабілася ў Беларусі вусьцішнай рэальнасьцю.

Імёны Свабоды, 4-е выданьне
Імёны Свабоды, 4-е выданьне

Што да маладога пакаленьня, пра якое вы кажаце, то гэта, як і ўсё грамадзтва, шматслойны пірог, дзе знойдуцца і асобы, якія апярэджваюць свой час, і пітэкантрапы з нэандэртальцамі паводле свайго разьвіцьця.

На прэзэнтацыях ранейшых выданьняў «Імёнаў Свабоды» (а іх прайшоў не адзін дзясятак) моладзь заўсёды складала вельмі значную частку аўдыторыі. Зь вядомых прычынаў прэзэнтацыі чацьвёртага выданьня адбываліся толькі онлайн, але я таксама зноў і зноў бачыў маладыя твары. Шмат маладых людзей, у тым ліку студэнтаў і нават школьнікаў, сталіся пераможцамі гістарычнай віктарыны, праведзенай Радыё Свабода пасьля выхаду кнігі, і атрымалі выданьне з аўтографам.

— Мы гаворым пра чацьвёртае выданьне «Імёнаў», якое выйшла ў 2020 годзе. Чым яно адрозьніваецца ад трох папярэдніх?

— У кнізе семдзесят новых герояў (пераважна нашых сучасьнікаў), але гэта толькі адно з адрозьненьняў. Цяпер у мяне прынцыпова іншая кампазыцыя: кароткія эсэ разьмешчаныя ня згодна з датамі нараджэньня герояў, як раней, а паводле датаў заканчэньня іхнага зямнога шляху. У выніку героі сустракаюцца ў сваіх эпохах: паўстанцы Кастуся Каліноўскага, ахвяры сталінскага тэрору, нашы сучасьнікі.

Вы заўважыце, што кніга зрабілася больш літаратурнай. Аднак праведзеная і немалая дасьледніцкая праца, калі ўдалося ўдакладніць шматлікія факты з жыцьця герояў — ад датаў і месцаў іхнага прыходу на сьвет да месцаў апошняга спачынку, што павінна зацікавіць, напрыклад, нашых энцыкляпэдыстаў. Цяпер кожнаму чытачу будзе лягчэй знайсьці магілу, на якую захочацца прыйсьці з кветкамі ці проста з удзячнасьцю.

Пра жыцьцё пісьменьніка ў сучаснай Беларусі

— Як сёньня жывецца і працуецца беларускім пісьменьнікам пад дзьвюма пагрозамі — палітычнымі рэпрэсіямі і пандэміяй COVID-19? Як цяпер пісаць і выдаваць кнігі, як сустракацца з чытачамі і калегамі?

— Беларускім пісьменьнікам быць заўсёды было няпроста, часам нават небясьпечна. У 1864 годзе ў менскім Пішчалаўскім замку (сёньня «Валадарка») за падтрымку вызвольнага паўстаньня пад кіраўніцтвам Кастуся Каліноўскага сядзеў наш клясык, адзін са стваральнікаў новай беларускай літаратуры Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч. Ягоны калега Арцём Вярыга-Дарэўскі за ўдзел у паўстаньні скончыў жыцьцё ў Сыбіры. Францішку Багушэвічу пашанцавала больш, але два дзесяцігодзьдзі ён жыў за межамі Беларусі.

На пачатку ХХ стагодзьдзя ў Пішчалаўскім замку адбывалі зьняволеньне Карусь Каганец і Якуб Колас, якому там прыйшла думка пра «Новую зямлю». У 1930-я гады праз «Валадарку» прайшлі дзясяткі беларускіх літаратараў, некаторыя ў яе сьценах былі расстраляныя.

Калі ж гаварыць пра сёньняшні дзень, то днямі я напісаў ліст на «Валадарку» Паўлу Севярынцу — ня толькі палітыку, але і літаратару, сябру нашага Саюзу беларускіх пісьменьнікаў. Этапавалі туды перад судом, які ўжо адбыўся (два гады «хатняй хіміі»), і вядомую перакладчыцу Вольгу Калацкую.

Пісаць кнігі беларускім літаратарам пакуль што не забаронена, а вось з выданьнем усё больш праблем. Пасьля ператрусаў на няпэўны час заблякаваныя рахункі выдавецтва Андрэя Янушкевіча і выдавецтва «Кнігазбор».

Сустрэч з калегамі ўлады пакуль не забаранілі. Хоць дапусьцім, што каранавірус адступіць і Саюз беларускіх пісьменьнікаў захоча правесьці зьезд. Адразу згадваецца, што адбылося 5 сакавіка сёлета ў бізнэс-клюбе «Імагуру», дзе сабраліся прадстаўнікі зарэгістраванага (як і наш Саюз) Свабоднага прафсаюзу, каб стварыць Лігу аб’яднаньняў студэнтаў. Зьявіліся людзі ў масках, і на наступны дзень дзяжурныя судзьдзі, якія цяпер працуюць у Беларусі і па нядзелях, асудзілі студэнтаў, дзьвюх дзяўчат і двух хлопцаў, на 15 содняў.

— Раней вы шмат езьдзілі па Беларусі і сустракаліся з чытачамі. Магчыма, вы самы падарожны пісьменьнік Беларусі. Як вы цяпер падтрымліваеце сувязь з чытачамі?

— Цяпер аўтографы я даю на вуліцы. На маю радасьць, час ад часу гэта здараецца. Хтосьці тэлефануе, прыяжджае з кнігай «Айчына. Маляўнічая гісторыя», каб падпісаць для дзяцей ці ўнукаў, хтосьці прывозіць «Краіну Беларусь» ці «Вялікае Княства Літоўскае» — гэта кнігі ілюстраванай гісторыі. Нехта прыяжджае з «Танцамі над горадам», як нядаўна гомельскі студэнт, які быў у Менску і вырашыў заадно атрымаць мой аўтограф.

Шмат, вядома, падпісваў «Імёнаў Свабоды», якія выйшлі ў «Бібліятэцы Свабоды. ХХІ стагодзьдзе» якраз на Дзяды 2 лістапада 2020 году.

Але паездкі па Беларусі і сустрэчы з чытачамі — гэта сапраўды вельмі значная частка маёй ужо немалой літарацкай біяграфіі. Я з тых пісьменьнікаў, для якіх надзвычай важная, проста неабходная зваротная сувязь з чытачамі. Яна дзівосна падсілкоўвае энэргіяй, нараджае новыя сюжэты, дорыць новых герояў.

Неяк я паспрабаваў падлічыць хоць прыблізную колькасьць гэтых сваіх паездак ды сустрэч і проста жахнуўся. Атрымалася, што іх значна больш за тысячу. Можна было пра гэта напісаць прыгодніцкую кнігу. Там былі б пагоні і затрыманьні, як, напрыклад, у нас са Зьмітром Бартосікам здарылася некалі ў Драгічыне. Былі б у той кнізе і зачыненыя пажарнымі бібліятэчныя залі, як у Гомлі, куды мы аднойчы прыехалі са Сьвятланай Алексіевіч. Былі б сьвірнавыя замкі на дзьвярах местачковых клюбаў, як калісьці ў Радашкавічах, дзе мы зь Віктарам Шалкевічам усё ж выступілі на прыватнай сядзібе, прычым з гаўбца двухпавярховага гаспадаровага дому. І, ведаеце, пры канцы той сустрэчы бабуля з такім да болю беларускім абліччам паднесла нам кветкі і сказала, што за рогам стаіць машына з трыма незнаёмымі мужчынамі і «ўсе яны ў касьцюмах».

Своеасаблівай справаздачай пра тыя паездкі і сустрэчы стала выдадзеная зноў жа ў «Бібліятэцы Свабоды» кніга «Пакуль ляціць страла», дзе я адказваю на сто чытацкіх пытаньняў — простых і складных, вечных і недарэчных, наіўных і падступных. А ўсяго ў маім пісьменьніцкім архіве такіх пытаньняў тысячы і тысячы.

Але цяпер пра сустрэчы з чытачамі ў рэальнасьці можна толькі марыць. На зьмену ім прыйшлі сустрэчы віртуальныя. Менавіта так, праз Zoom, прэзэнтавалася чацьвёртае выданьне «Імёнаў Свабоды», дзе сабраныя 365+1 партрэт тых, хто змагаўся на нашай зямлі за свабоду ў самых розных яе вымярэньнях і ўвасабленьнях з часоў Тадэвуша Касьцюшкі, Тадэвуша Рэйтана і да нашых дзён. Але віртуальныя прэзэнтацыі ніякім чынам не замяняюць раскошы жывой, беспасярэдняй сустрэчы з чытачамі.

Пра цяперашні стан беларускай культуры

— Як бы вы ахарактарызавалі агульны стан беларускай культуры ў наш час і ў той палітычнай сытуацыі, якая ёсьць?

— Я сказаў бы, што наша культура ўва ўсіх сфэрах пасьпяхова трымае ўдар.

Калі ж гаварыць пра найбольш блізкі мне літаратурны працэс, то мне ўяўляецца, што мае калегі імкнуцца па-мастацку асэнсоўваць падзеі і знаходзіць у іх сваё месца. Гэта, як мы ведаем, можа прывесьці і на лаву падсудных.

За той год, калі мы разам з нашай краінай апынуліся ў новай сытуацыі, створаны значны корпус тэкстаў, якія знайшлі водгук і ў замежжы. Назаву эсэ Альгерда Бахарэвіча «Слова дзяцінства» пра сучасныя праявы фашызму, якое перакладзена на некалькі моваў. Яшчэ адзін прыклад — вершы Дзьмітрыя Строцава, якому давялося прайсьці празь зьняволеньне. Той самы досьвед атрымалі паэт і музыка Ўладзь Лянкевіч, паэтка і перакладчыца Ганна Комар — гэты сьпіс можна доўжыць...

Нягледзячы на пандэмію і рэпрэсіі, летась Саюз беларускіх пісьменьнікаў і Беларускі ПЭН-цэнтар здолелі ўручыць усе нашы незалежныя літаратурныя прэміі, якіх ужо болей за два дзясяткі. Увосень летась удалося правесьці фэстываль інтэлектуальнай кнігі «Прадмова». У лютым сёлета прайшоў Стральцоўскі фэст «Вершы на асфальце».

Не спыніў выхаду і наш галоўны літаратурны часопіс «Дзеяслоў», які рэдагуе старшыня Саюзу беларускіх пісьменьнікаў Барыс Пятровіч. Сёлета там зь першага нумару друкуецца вельмі значны, густа замешаны на мэтафізыцы і разам з тым шмат у чым аўтабіяграфічны раман Уладзімера Някляева «Гэй бэн гіном».

Пра Купалаўскі тэатар

— Я ведаю, што вы тэатрал і былі частым госьцем у Купалаўскім тэатры. Што вы думаеце пра сытуацыю, якая склалася з тэатрам? Можа, акторам ня варта было звальняцца ўсьлед за дырэктарам тэатру Паўлам Латушкам? Ці ўсё ж гэта было адзіна правільнае рашэньне?

— Калі я паставіў сябе на месца купалаўцаў, то зразумеў, што на той момант гэта было адзіна правільнае рашэньне. Дарэчы, акторы і іншыя супрацоўнікі тэатру пратэставалі супраць гвалту яшчэ да звальненьня Паўла Латушкі. Ягоны вымушаны сыход з тэатру быў апошняй кропляй.

Я жыву непадалёк ад Купалаўскага тэатру, часта праходжу паўзь яго будынак, і да нядаўняга часу з болем бачыў пустыя рэпэртуарныя тумбы. Цяпер яны не пустыя, але болю і горычы ня стала менш, бо гэта пародыя на рэпэртуар Нацыянальнага акадэмічнага тэатру. У афішы ўсяго два даўнія спэктаклі — «Паўлінка» і «Вечар».

І я баюся, што слова «пародыя» можна ўжыць ня толькі да рэпэртуарных тумбаў. Журналісты, якія паводле прафэсійнага абавязку былі на нядаўнім паказе «Паўлінкі», напісалі і пра перапоўнены публікай буфэт, і пра афішу за ліпень мінулага году, якая вісела ў буфэце і якая пасьля першай дзеі зьнікла — яе прыбралі, каб не нагадваць пра ўбогасьць сёньняшняй афішы, і пра тэатральнае фае, адкуль помсьліва паздыманыя партрэты зорак купалаўскай сцэны.

У тых водгуках я прачытаў і пра Пранцыся Пустарэвіча, ролю якога мусіў выконваць Генадзь Аўсяньнікаў, якому ідзе 87-ы год. А Адольф Быкоўскі быў апрануты ў бел-чырвона-белай гаме, як, у іх уяўленьні, і належыць адмоўнаму герою.

Разам з тым вольныя купалаўцы паказалі ўвосень адноўленых Мікалаем Пінігіным «Тутэйшых». А сёньня, 29 сакавіка, мы будзем глядзець трэцюю, заключную частку новай прэм'еры — спэктакль «Страх» паводле Бэртальда Брэхта.

Пра вяртаньне беларусаў да нацыянальнага

— На вашу думку, за апошні год народ пачаў лепш ставіцца да беларускай мовы і гісторыі ці ўсё засталося па-ранейшаму?

— Безумоўна, гэты працэс ідзе ў пазытыўным кірунку. Самы яскравы прыклад — стыхійны жнівеньскі рэфэрэндум за вяртаньне нашай гістарычнай сымболікі, якая абавязкова зноў стане дзяржаўнай.

Кнігавыдаўцы мне расказвалі пра падвышэньне коштаў на беларускую літаратуру. У некаторых выдавецтвах беларускія кнігі ў мінулую восень замаўлялі значнымі партыямі — на падарункі сябрам, суседзям, аднадумцам. Якраз таму, відаць, пачаўся «наезд» на выдаўцоў. Я ведаю, што цяпер у некаторых кнігарнях вельмі добра разыходзяцца беларускія кнігі з аўтографамі аўтараў.

Згадаю і пра новую форму выяўленьня прыхільнасьці да свайго, беларускага — публічнае чытаньне беларускіх кніг. Мы ведаем пра такія акцыі ў мэтро і цягніках, але яны былі ня толькі ў транспарце, але і ў дварах, на вуліцах. Таму побач зь вядомымі словамі Ніны Багінскай «Я гуляю», цяпер можна паставіць і дэвіз «Я чытаю», пагатоў пакараньне і за адно, і за другое можа быць аднолькавым.

Да гэтых дэвізаў можна дадаць і яшчэ адзін — «Я купляю». Ранейшы заклік «Купляйце беларускае» набыў у нашай сытуацыі новы сэнс. Згадайце пра чэргі каля крамы «Symbal. by». Улада адказвае на гэты попыт забаронамі, закрыцьцём па ўсёй краіне крамаў, дзе можна было набыць нацыянальныя сувэніры, сымболіку і беларускую літаратуру.

Самы сьвежы прыклад — забарона прадаваць часопіс «Наша гісторыя» ў шапіках «Белсаюздруку», але затое рэдакцыя за два дні прадала больш экзэмпляраў, чым раней разыходзілася за месяц. Гэта што да нацыянальных працэсаў.

Пра тое, калі наступяць перамены

— Мінулым летам, задоўга да жнівеньскіх падзеяў, вы прадказалі, што перамены ў 2020 годзе не адбудуцца. Так і сталася, калі не лічыць вялікага скачка, які зрабіў народ на шляху нацыянальнага самаўсьведамленьня. Улада, як вы і казалі, засталася ранейшаю. Колькі яшчэ, на вашу думку, можа захоўвацца статус-кво ў Беларусі — год, тры, пяць, дзесяць?

— Мне згадваюцца словы сацыёляга, былога дырэктара Інстытуту сацыялёгіі Акадэміі навук Беларусі Генадзя Коршунава, які трапіў у лік тых вучоных, што страцілі працу за сваю пазыцыю. Коршунаў нядаўна сказаў, што рэвалюцыя высьпявала даўно. Сярод яе прычын — урбанізацыя, паскарэньне зьмены пакаленьняў, рост узроўню адукацыі, інтэрнэтызацыя грамадзтва. Для беларусаў вяртаньне да нацыянальнага не было нейкім прарывам, а было працэсам, які заняў не адзін год.

Цяпер у мяне ўваччу паўстае Вільня 22 лістапада 2019 году, калі там адбывалася ўрачыстае перапахаваньне Кастуся Каліноўскага і ягоных паплечнікаў. Нягледзячы на будзённы дзень і візавы бар’ер, у старажытную сталіцу Вялікага Княства Літоўскага, радзімы нашых продкаў, зьехаліся тысячы і тысячы беларусаў. (У выходны дзень іх, бясспрэчна, было б шматкроць больш.) Вільня сталася тады амаль цалкам бел-чырвона-белай ад нашых сьцягоў, а вакол лунала «Жыве Беларусь». Гэта была велічная містэрыя, прысьвечаная тым, хто стаяў ля вытокаў нашай незалежнасьці. Пра гэта вы, Сяргей, выдатна сказалі ў сваёй кнізе «Каліноўскі і палітычнае нараджэньне Беларусі».

Той дзень сапраўды стаўся гістарычным, ён увойдзе ў падручнікі. І калі я ішоў тады па Вільні, мне думалася: «Калі ж мы ўбачым такую народную маніфэстацыю ў Менску?» Не прамінула і году, як на вуліцы Менску пад сваімі сьцягамі выйшлі ўжо ня тысячы, а сотні тысяч беларусаў.

Таму я ўпэўнены, што ў 2020 годзе быў не скачок, а магутная дэманстрацыя таго, што нацыя сфармавалася і сталася суб’ектам палітыкі. А каталізатарамі да гэтай дэманстрацыі сталі, па-першае, пандэмія, калі беларусы адчулі сябе кінутымі дзяржавай, па-другое, зьяўленьне рэальных альтэрнатыўных кандыдатаў на прэзыдэнцкіх выбарах, па-трэцяе, абвяшчэньне 9 жніўня тых дзівосных працэнтаў.

Што да няўдзячнай справы прагнозаў. Сапраўды, мінулым летам я сказаў, што 9 жніўня будзе толькі этапам на шляху да той Беларусі, якая пакуль нам толькі сьніцца. Тады я таксама казаў, што можа быць уведзена надзвычайнае становішча. Яно ня ўведзена афіцыйна, але гэта ўжо рэальнасьць цяперашняй Беларусі, мы жывем у такім становішчы.

Колькі яно можа працягвацца? Цяпер, ва ўмовах сусьветных апакаліптычных выклікаў і туманнай будучыні, наша сытуацыя можа зьмяніцца імкліва, але можа і закансэрвавацца на некалькі гадоў.

Адно, што я ведаю дакладна — павярнуць час назад, да кнопкавых тэлефонаў і тэлевізара як галоўнай крыніцы інфармацыі, немагчыма. Беларусы ўжо гатовыя жыць у дэмакратычнай краіне, краіне з рынкавай эканомікай, дзе яны самі будуць выбіраць сваю будучыню.

— Адрозна ад, напрыклад, палітолягаў, эканамістаў ці сацыёлягаў, літаратары ў сваёй ацэнцы пераломных гістарычных момантаў часта зьвяртаюцца да ўласьцівых ім вобразных сродкаў, напрыклад, мэтафараў. Ці можаце вы акрэсьліць сёньняшнія падзеі менавіта такім чынам?

— Сапраўды, палітолягі ці сацыёлягі, якія па-свойму глыбока аналізуюць сёньняшні стан рэчаў, сьцьвярджаюць, што Беларусь ня толькі ідзе ўпоравень з заходняй цывілізацыяй у інфармацыйнай, камунікацыйнай і сацыяльнай перабудове, але ў нечым гэтую заходнюю цывілізацыю і апярэджвае.

А вось пісьменьнік і філёзаф Ігар Бабкоў нядаўна сказаў, што ў нас на вачах ствараецца сучасны беларускі эпас, а сама краіна стала такой лябараторыяй будучыні, і вынікі працы гэтай лябараторыі могуць быць цікавыя ўсяму сьвету.

Я маю сваю мэтафару. Я б сказаў так: у гэтым непрадказальным, ахопленым пандэміяй сьвеце, у гэтым вусьцішным крывавым абсурдзе, дзе мы апынуліся, Беларусь нагадвае мне жанчыну, якая, не зважаючы ні на што, адважылася нарадзіць — яна цяжарная вольнай будучыняй.

Што такое падкаст?

Падкаст — гэта радыё, але лепшае. Гэта аўдыё- або відэаперадача, якая публікуецца ў інтэрнэце. Як і радыёперадачы, яны часта дзеляцца на цыклі, сэзоны, асобныя часткі і прысьвечаныя канкрэтнай тэме.

Падкасты значна зручнейшыя, чым радыё, бо іх можна слухаць у любы момант, без патрэбы сачыць за раскладам.

Як іх можна слухаць?

Падкасты Свабоды можна слухаць

  • на нашым сайце;
  • на відэаплятформе Youtube;
  • на аўдыёплятформе SoundCloud;
  • праз мабільныя праграмы (аплікацыі).

    Для гэтага трэба спампаваць на свой тэлефон праграму (як на iOS, гэтак і на Android), знайсьці праз пошукавую сыстэму падкаст-канал, які вас цікавіць, і падпісацца на яго.

    Аплікацыя сама вам паведаміць, калі зьявіцца новы выпуск падкасту. Вы можаце яго запампаваць на свой тэлефон і паслухаць у любы зручны для вас час.

А дзе можна знайсьці падкасты Свабоды?

Падкасты Свабоды даступныя ў RSS і ў такіх мабільных праграмах:

• iTunes
• Google Podcasts
• CastBox
• Podcast Addict
• Podcast Republic
• SoundCloud

Навошта слухаць, калі можна і пачытаць?

Бо падкасты можна слухаць тады, калі чытаць проста немагчыма.

  • У аўтамабілі, аўтобусе, цягніку. Паўсюль, дзе бракуе сьвятла чытаць
  • Падчас трэнаваньня ў фітнэс-залі
  • Падчас яды (і піцьця)
  • Падчас гатаваньня
  • Падчас шпацыру
  • Падчас выкананьня хатніх абавязкаў (вывешваньня бялізны, прасаваньня, мыцьця посуду)
  • Падчас праполваньня бульбы
  • На рыбе
  • У лазьні ці ў душы
  • Дадайце свае прапановы ў камэнтарах

Якія каналы ў Свабоды ўжо ёсьць?

Калі вам хочацца мець усе падкасты ў адным канале, то падпісвайцеся на гэты канал:

А гэта бясплатна?

Для вас — ТАК.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG