Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У М’янме экс-прэмʼера Аўн Сан Су Чжы абвінавацілі ў парушэньні дзяржаўнай таямніцы


М'янма
М'янма

Вайсковая хунта, якая захапіла ўладу ў Мʼянме, вылучыла супраць зрынутай дзяржаўнай дарадцы Аўн Сан Су Чжы новае абвінавачаньне. Яно тычыцца парушэньня закону аб дзяржаўнай таямніцы.

Як паведамляе CNN, гэтая справа стала пятай па ліку і найбольш сурʼёзнай з ужо ўзбуджаных: экс-кіраўніцы ўраду краіны могуць прысудзіць да 14 гадоў турмы. Раней яе абвінавацілі ў нелегальным увозе партатыўнай прыёмаперадавальнай тэхнікі, выкарыстаньні гэтай апаратуры безь дзяржаўнай рэгістрацыі, парушэньні рэжыму надзвычайнага становішча і атрыманьні хабару.

Па словах адваката, у яе склалася ўражаньне, што яе падабаронная, якая цяпер пад хатнім арыштам, не валодае ўсёй інфармацыяй пра апошнія падзеі ў краіне.

Як паведамляе амэрыканскі тэлеканал, у мінулую суботу вайскоўцы перайшлі да паветраных удараў па пазыцыях апанэнтаў, якія пратэстуюць супраць дзяржаўнага перавароту. Тысячы мясцовых жыхароў былі вымушаныя ўцякаць у джунглі і ў суседні Тайлянд. CNN атрымала ў сваё распараджэньне відэа, якое паказвае наступствы адной з атак. Яна была праведзена ў раёне залатога рудніка. У кадрах — целы, якія ляжаць на зямлі.

Апошнія паўтара месяца вайскоўцы эпізадычна рабілі спробы блякаваць інтэрнэт-сувязь, у асноўным у начны час. У пятніцу, 2 красавіка, у Мʼянме быў цалкам адключаны бяздротавы інтэрнэт на нявызначаны тэрмін. Ім карыстаецца большасьць жыхароў. Доступ у сетку застаўся толькі ў тых, хто выкарыстоўвае кабэльнае падключэньне. Так новыя ўлады краіны спрабуюць падарваць спробы мітынгоўцаў каардынаваць свае дзеяньні.

У выніку перавароту ў Мʼянме 1 лютага ўладу ў краіне захапілі вайскоўцы. Яны ўзялі пад варту Аўн Сан Су Чжы — лідэра «Нацыянальнай лігі за дэмакратыю», якая перамагла на парлямэнцкіх выбарах у лістападзе. Вайскоўцы абвінавачваюць яе партыю ў маштабных фальсыфікацыях. Яны распусьцілі ранейшы склад выбарчай камісіі і маюць намер правесьці праз год новыя выбары. У краіне пачаліся маштабныя акцыі супраць вайскоўцаў. Ад пачатку перавароту ў пратэстах загінулі больш за 400 чалавек.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG