Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ад абароны Леаніда Судаленкі адмовілася адвакатка


Леанід Судаленка
Леанід Судаленка

Сьледзтва ў справе супраць Леаніда Судаленкі падоўжылі да 18 траўня, пра што праваабаронца паведаміў у адным зь лістоў на волю. А яго першая адвакатка адмовілася ад працы зь ім, не патлумачыўшы прычын.

Сьледзтва ў крымінальнай справе кіраўніка гомельскага аддзяленьня праваабарончага цэнтру «Вясна» Леаніда Судаленкі падоўжылі да 18 траўня, паведаміла «Вясна» з спасылкай на ліст палітвязьня.

Яго вінавацяць паводле арт. 342 Крымінальнага кодэксу «Арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, і фінансаваньне такой дзейнасьці».

Судаленка застаецца пад вартай у гомельскім СІЗА № 3. Ён двойчы абскарджваў меру стрыманьня, аднак яму адмовілі на падставе таго, што праваабаронца нібыта можа ўцячы ці перашкодзіць сьледзтву.

Таксама ў Судаленкі зьмяніўся абаронца: першая адвакатка адмовілася далей займацца ягонай справай без тлумачэньня прычын.

У лісьце праваабаронца павіншаваў беларусаў з Днём Волі. Ён напісаў, што атрымлівае шмат лістоў і ўсё гэта для яго «мае асаблівы сэнс і значэньне».

Судаленку затрымалі 18 студзеня па дарозе ў офіс. Яго адвезьлі на допыт у Сьледчы камітэт, куды яго адвакат змог трапіць толькі бліжэй да вечара.

За два тыдні да затрыманьня ў Грамадзка-палітычным цэнтры на Палескай, 52, дзе месьціцца й офіс «Гомельскай вясны», прайшоў ператрус, падчас якога забралі дакумэнты, якія тычацца дзейнасьці праваабаронцы: пастановы судоў, абскарджваньні і іншае.

Справу Судаленкі перадалі з абласнога Сьледчага камітэту ў Цэнтральны апарат СК у Менску.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG