Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Журналіста Андрэя Аляксандрава і яго дзяўчыну паставілі на ўлік як «схільных да экстрэмізму»


Андрэй Аляксандраў
Андрэй Аляксандраў

На мінулым тыдні палітвязьняў выклікалі на камісію і пачнуць праводзіць рэгулярныя гутаркі.

Паводле зьвестак БелаПАН з вартых даверу крыніц, на мінулым тыдні журналіста Андрэя Аляксандрава і яго сяброўку Ірыну Злобіну, якія знаходзяцца пад вартай, выклікалі «на камісію» і праінфармавалі аб пастаноўцы «на прафіляктычны ўлік як асоб, схільных да экстрэмісцкіх і дэструктыўных дзеяньняў».

Зараз зь імі будуць праводзіць рэгулярныя гутаркі «ўпаўнаважаныя для гэтага супрацоўнікі».

Раней на падобны ўлік паставілі асуджаную журналістку тэлеканалу «Белсат» Кацярыну Андрэеву, якая ў цяперашні час утрымліваецца ў Жодзінскім СІЗА. Таксама ў падобны сьпіс трапіў журналіст «Новага Часу» анархіст Мікола Дзядок і яшчэ некалькі палітвязьняў.

Аляксандрава і Злобіну затрымалі 12 студзеня. А 14 студзеня ў рамках расьсьледаваньня справы прайшоў ператрус у офісе інфармацыйнай кампаніі БелаПАН, дзе ён у 2014–2018 гадах займаў пасаду намесьніка дырэктара.

Аляксандраў і Злобіна падазраюцца ў фінансаваньні пратэставай дзейнасьці. Намесьнік міністра ўнутраных спраў Генадзь Казакевіч раней заявіў, што яны рабілі гэта «ў тым ліку шляхам аплаты штрафаў, кампэнсацыі ўтрыманьня ў ЦІП і ІЧУ».

Паводле яго, з 22 жніўня да 9 лістапада 2020 году Аляксандраў і Злобіна аплацілі больш за 250 штрафаў на розныя прозьвішчы. Грашовыя сродкі для гэтых мэтаў былі перададзеныя фондам By_help. Аляксандрава абвінавачваюць паводле частак 1 і 2 артыкулу 342 КК (арганізацыя групавых дзеяньняў, што груба парушаюць грамадзкі парадак, і фінансаваньне такой дзейнасьці).

Праваабаронцы лічаць дзейнасьць Аляксандрава і Злобінай законнай, а іх перасьлед з боку ўладаў — палітычна матываваным.

Раней тэрмін зьняволеньня журналісту і ягонай сяброўцы падоўжылі да 12 красавіка.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG