Адна жанчына загінула, яшчэ мінімум шасьцёра чалавек атрымалі раненьні ў выніку разаніны, якую ўчыніў невядомы ў канадзкай бібліятэцы, паведамляе Global News.
Паліцыя пацьвердзіла «шматлікія ахвяры» нападу, які здарыўся ў суботу днём у бібліятэцы Лін Вэлі ў Паўночным Ванкувэры, гэта прадмесьце Ванкувэру.
Шасьцёх пацярпелых даставілі ў шпіталь з нажавымі раненьнямі. Падазраванага ў нападзе затрымалі, паліцыянты мяркуюць, што ён дзейнічаў сам, без дапамогі. Нападнік запісваў відэа сваёй атакі і апублікаваў яго ў твітэры перад тым, як яго схапіла паліцыя. Перад затрыманьнем ён пасьпеў параніць нажом і сябе.
Пры нападзе некалькіх раненьняў зазнаў 7-гадовы хлопчык, сьведкі адзначаюць, што ў яго быў моцны крывацёк.
Мэр Паўночнага Ванкувэру Майк Літл пахваліў за выдатную рэакцыю экстранныя службы, якія «імгненна зрэагавалі на падзеі і прыбылі на месца», што дазволіла пазьбегнуць большай колькасьці ахвяр. Паліцыя разьбіраецца, што стала прычынай нападу.