У Канадзе паліцыя гораду Квэбэк 1 лістапада затрымала падазраванага ў нападзе з нажом — яго ахвярамі ў суботу сталі ня менш як два чалавекі, яшчэ пяцёра з нажавымі ранамі былі дастаўленыя ў шпіталь у стане «рознай ступені цяжкасьці», паведамілі заходнія агенцтвы.
Пакуль няма паведамленьняў пра матывы ўчынку падазраванага, узрост якога, як паведамляецца, прыкладна 25 гадоў. Затрыманага даставілі ў шпіталь для абсьледаваньня.
Пошук падазраванага ў нападзе на людзей пачаўся пасьля звароту ў паліцыю відавочцаў здарэньня. Яны сьцьвярджалі, што злачынец быў апрануты ў «сярэднявечнае адзеньне» і трымаў у руках клінковую зброю. Паліцыя заклікала гараджан заставацца дома за зачыненымі дзьвярыма, бо расьсьледаваньне яшчэ працягваецца.
Напад адбыўся ў раёне гістарычнага гатэля Chateau Frontenac у старой частцы Квэбэку, дзе таксама знаходзіцца будынак заканадаўчага сходу правінцыі Квэбэк.