Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Літва, Латвія і Эстонія ўводзяць санкцыі супраць яшчэ 118 беларускіх чыноўнікаў


«Ланцуг салідарнасці», які адбыўся ў Літве 23 жніўня 2020 году. На пярэднім пляне былая прэзыдэнтка Літвы Даля Грыбаўскайце

Літва, Латвія і Эстонія «падрыхтавалі новы пакет нацыянальных санкцый у дачыненьні да беларускага рэжыму», перадае БелаПАН.

Пра новы пакет было заяўлена 25 сакавіка падчас сустрэчы прэзыдэнта Літвы Гітанаса Наўседы зь беларускім дэмакратычным лідэрам Сьвятланай Ціханоўскай, паведамляе прэсавая служба літоўскага прэзыдэнта.

Сьпіс з 118 прозьвішчаў будзе апублікаваны сёньня.

Наўседа падкрэсьліў, што сустрэча 25 сакавіка, калі беларусы адзначаюць Дзень Волі, зьяўляецца знакам салідарнасьці і падтрымкі беларускага народу. Ён выказаў надзею, што «хутка надыдзе дзень, калі народ Беларусі зможа афіцыйна адсьвяткаваць гэтую дату з законна выбранымі прадстаўнікамі свабоднага і дэмакратычнага ўраду».

Наўседа запэўніў, што Літва разам зь іншымі краінамі Эўразьвязу працягне працу дзеля вызваленьня палітычных зьняволеных, спыненьня рэпрэсій і правядзеньня дэмакратычных выбараў.

«Беларускі народ прачнуўся і хоча змагацца за свабоднае жыцьцё ў дэмакратычнай краіне, і мы рашуча падтрымліваем гэтую мэту», — сказаў Наўседа.

У сваю чаргу прэс-служба Ціханоўскай паведаміла, што на сустрэчы абмяркоўваўся ініцыятыва «Голас». Ціханоўская расказала, як працуе гэтая ініцыятыва і колькі беларусаў прагаласавала ў падтрымку мірнага вырашэньня крызісу празь перамовы пры міжнароднай мэдыяцыі.

Наўседа і Ціханоўская таксама абмеркавалі, як ЭЗ можа падтрымаць Беларусь. Паводле інфармацыі прэс-службы Ціханоўскай, на сёньняшнім пасяджэньні Эўрапейскай рады ў Брусэлі будзе паднятая тэма вырашэньня крызісу ў Беларусі.

«Беларусы хочуць сьвяткаваць Дзень Волі, а ў рэжыму — патрэба паказаць сваю сілу, запалохаць. Мы патрабуем ад рэжыму не прымяняць сілу да мірных дэманстрантаў і пратэстоўцаў», — сказала Ціханоўская.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG