Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Старшыня Рады БНР Сурвіла: Вашая салідарнасьць, гераізм, любоў да свае Бацькаўшчыны перамогуць рэжым


Старшыня Рады БНР Івонка Сурвіла
Старшыня Рады БНР Івонка Сурвіла

Старшыня Рады Беларускай Народнай Рэспублікі Івонка Сурвіла зьвярнулася да беларусаў у сувязі з гадавінай абвяшчэньня незалежнасьці БНР.

«Ад імя Рады Беларускай Народнай Рэспублікі вітаю вас з угодкамі таго слаўнага дня, калі наш народ стварыў, пасьля доўгае няволі, сваю першую мадэрную незалежную дзяржаву, Беларускую Народную Рэспубліку, — пачынае свой зварот старшыня Рады БНР. — Прысьвячаю свой сёлетні зварот героям, якія выйшлі пасьля жнівеньскіх „выбараў“ сотнямі тысяч на вуліцы нашых гарадоў пад бел-чырвона-белымі сьцягамі, і ўсім беларусам замежжа, якія падтрымалі іх у змаганьні за праўду і людзкую годнасьць, адабраныя ў іх 26 гадоў таму здраднікам на службе суседняй імпэрыі».

«Хачу сказаць усім вам, мае дарагія сябры, як моцна ганаруся вамі. Тры гады таму, з нагоды 100-годзьдзя БНР, я выказала веру, што вы, нашая моладзь, вызваліце Беларусь ад дыктатуры, і што нягледзячы на тое, што вы цярпелі 26 гадоў пад ботам камуністычнага спадкаемца, вашая нябачная зброя — вашае пачуцьцё прыналежнасьці да беларускае зямлі і вашая генэтычная памяць — перамогуць усе перашкоды на вашай дарозе, а менавіта — страх, на які разьлічваў дасюль несумленны ўзурпатар, фальшуючы выбары», — сказана ў звароце.

«Працэс пачаўся, — перакананая Івонка Сурвіла. — Веру, што зьдзек, які рэжым яшчэ ўсё дазваляе сабе, хутка саступіць сьветлай, вольнай і дэмакратычнай Рэспубліцы Беларусь. А ў міжчасе, моцна прашу вас — не губляйце надзеі! Заставайцеся зьяднанымі і салідарнымі пад знакам Пагоні. Вашая салідарнасьць, ваш гераізм, вашая любоў да свае Бацькаўшчыны і да найбліжэйшых вам людзей, вашых братоў і сёстраў беларусаў, перамогуць нялюдзкі рэжым, які ўжо 26 гадоў зьдзекуецца з вас. Веру, што, як гэта абяцае наш нацыянальны гімн, разам мы „адродзім жыцьцё рэспублікі сваёй“. Дык — дай Божа! Жыве Беларусь!»

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG