Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рада БНР: Забарона сьцяга прадэманструе страх рэжыму перад народам


Старшыня Рады БНР Івонка Сурвіла

Рада Беларускай Народнай Рэспублікі прыняла заяву, у якой выказала абурэньне намерам афіцыйна забараніць выкарыстаньне бел-чырвона-белага сьцяга.

Тэкст заявы зьмешчаны на старонцы Рады Беларускай Народнай Рэспублікі ў фэйсбуку.

«Бел-чырвона-белы сьцяг зьяўляецца галоўным беларускім нацыянальным сымбалем і, бясспрэчна, ізноў будзе дзяржаўным сьцягам дэмакратычнай справядлівай Беларусі, — гаворыцца ў заяве. — Ніякія распараджэньні незаконнай улады ня змогуць адняць гэты сьцяг у беларускага народу. Бел-чырвона-белы сьцяг — адзіны легітымны сьцяг Беларусі і ўсіх беларусаў, незалежна ад роднай мовы і палітычных поглядаў.

Пад гэтым сьцягам Беларусь упершыню абвясьціла пра свой дзяржаўны сувэрэнітэт у 1918 годзе і здабыла незалежнасьць у 1991 годзе, роўна трыццаць год таму. Пад гэтым сьцягам адчыніліся першыя амбасады Беларусі ў сьвеце, а беларускія спартоўцы ўпершыню выступілі на Алімпійскіх гульнях ад імя незалежнай Рэспублікі Беларусь».

Рада БНР нагадвае, што «у 2020 годзе сотні тысяч беларусаў выйшлі на вуліцы беларускіх гарадоў пад бел-чырвона-белым сьцягам. Яны выйшлі за сваю годнасьць, за свабоду і справядлівасьць — супраць тыраніі, страху, нянавісьці і хлусьні, якія ўвасабляе чырвона-зялёны сьцяг. Размовамі пра забарону беларускага сьцяга рэжым былога прэзыдэнта Лукашэнкі чарговы раз праяўляе сваю антыбеларускую і акупацыйную сутнасьць, сваю нянавісьць да беларусаў».

У заяве адзначаецца, што «адзіная прычына магчымай спробы забароны сьцяга — страх дыктатарскага рэжыму перад беларускім народам, які падняў сваю галаву. Страх перад сотнямі тысяч свабодных і годных людзей, якія адчулі сябе гаспадарамі на сваёй Бацькаўшчыне. Ніякія забароны ня выратавалі савецкі рэжым, трыццацігодзьдзе скону якога сёлета адзначаюць усе краіны нашага рэгіёну і ўвесь свабодны сьвет. Ніякія забароны і ніякія рэпрэсіі ня выратуюць рэжым А. Лукашэнкі ад непазьбежнага канца і непазьбежнага справядлівага суду».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG