Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Генпракуратура хоча ўвесьці крымінальную адказнасьць за «любое спрыяньне» «экстрэмізму» і распаўсюд «экстрэмісцкай сымболікі»


Генэральная пракуратура прапаноўвае ўзмацніць адказнасьць за экстрэмісцкую дзейнасьць, увёўшы крымінальную адказнасьць для ўдзельнікаў экстрэмісцкіх фармаваньняў, тых, хто іх фінансуе або аказвае любое спрыяньне, заявіў генпракурор Андрэй Швед у праграме «Тыдзень» на тэлеканале СТВ. Пра гэта паведамляе агенцтва БелаПАН.

«Генэральная пракуратура ў першую чаргу прапаноўвае ўзмацніць адказнасьць за экстрэмісцкую дзейнасьць, унесьці зьмены і ў Крымінальны кодэкс (у закон «Аб супрацьдзеяньні экстрэмізму»), і ў шэраг іншых актаў заканадаўства», – сказаў Швед.

Ўзмацненьне адказнасьці за экстрэмізм ён бачыць у тым, каб дапоўніць некаторыя артыкулы Крымінальнага кодэксу нормамі аб адказнасьці ня толькі для арганізатараў экстрэмісцкіх фармаваньняў і іх кіраўнікоў, але і для ўдзельнікаў, людзей, якія іх фінансуюць ці аказваюць любое спрыяньне (навучаюць, распаўсюджваюць экстрэмісцкія погляды, экстрэмісцкую сымболіку, прапагандуюць, распальваюць варожасьць).

«Гэта значыць любыя формы дзеяньні, якія накіраваны на тое, каб надаць дзеяньням экстрэмісцкіх фармаваньняў пэўны вынік, накіраваны на дэстабілізацыю грамадзкай абстаноўкі, парушэньне грамадзкага парадку і іншыя супрацьпраўныя і нэгатыўныя наступствы», – растлумачыў генпракурор.

Ён лічыць, што гэтая норма «будзе мець ня толькі прафіляктычны сур'ёзны характар, але і дазволіць нам у тым ліку на корані спыняць факты, зьвязаныя з фінансаваньнем экстрэмісцкай дзейнасьці».


Швед таксама паведаміў, што абмяркоўваецца пытаньне амністыі і «прынята рашэньне абмеркаваць падыходы, канцэпцыі да поглядаў, якія раней у нас былі замацаваныя на практыцы па прымяненьню гэтых інстытутаў». Ён мяркуе, што «у далейшым да прыняцьця амністыі наша дзяржава будзе падыходзіць больш узважана».

29 студзеня афіцыйны прадстаўнік Генпракуратуры Анжаліка Курчак паведаміла, што ў ведамства «паступіў калектыўны зварот, пад якім падпісаліся больш за сотню грамадзян з просьбай аб прызнаньні бел-чырвона-белага сьцяга экстрэмісцкім». «З улікам раней праведзенай Генэральнай пракуратурай работы па ўдасканаленьні заканадаўства аб супрацьдзеяньні экстрэмізму ў цяперашні час мы рыхтуем пакет дакумэнтаў аб прызнаньні экстрэмісцкімі бел-чырвона-белага сьцяга і іншай сымболікі», – сказала Курчак.

Пасьля гэтага на сайце petitions.by («Зручны горад») пачаўся збор подпісаў супраць прызнаньня бел-чырвона-белага сьцяга экстрэмісцкім. Да 21 гадзіне 31 студзеня сабрана амаль 59.200 подпісаў.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG