Згодна з адной з паправак, абмежаваньне колькасьці тэрмінаў, на працягу якіх адна і тая ж асоба можа займаць пасаду прэзыдэнта, прымяняецца да дзейнага кіраўніка дзяржавы без уліку яго ранейшых прэзыдэнцкіх тэрмінаў. Такім чынам, гэтая норма дазваляе Ўладзіміру Пуціну займаць пасаду прэзыдэнта Расеі яшчэ два тэрміны.
У адпаведнасьці з папраўкамі ў закон, прэзыдэнтам можа быць абраны грамадзянін Расеі, не маладзейшы за 35 гадоў, які пастаянна жыве ў краіне ня менш за 25 гадоў, які ня мае і ня меў раней грамадзянства замежнай дзяржавы або віду на жыхарства. Пры гэтым патрабаваньне аб адсутнасьці замежнага грамадзянства ня дзейнічае, калі дзяржава або яе частка прынятыя ў склад РФ.
У студзені мінулага году прэзыдэнт Расеі прапанаваў папраўкі да Канстытуцыі. Норма аб «абнуленьні» тэрмінаў, якая тэарэтычна дазваляе Пуціну заставацца прэзыдэнтам да 2036 году, зьявілася пры ўхваленьні паправак у Думе ў сакавіку. Канчаткова яны былі ўхваленыя на так званым агульнарасейскім галасаваньні, якое праходзіла некалькі дзён і завяршылася 1 ліпеня летась.
Паводле дадзеных лютаўскага дасьледаваньня «Лявада-цэнтру», 41 працэнт расейцаў ня хочуць бачыць Уладзіміра Пуціна прэзыдэнтам пасьля 2024 году. Палова з тых, хто ня хоча пераабраньня Пуціна, кажуць, што прэзыдэнт заседзеўся, надакучыў і яму час на пэнсію.