Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Крымінальныя суды і выракі 24 сакавіка: дызайнэру Кубараву прысудзілі 7 гадоў узмоцненага рэжыму

абноўлена

Дызайнэр Дзьмітры Кубараў, якога паводле абвінавачаньня ў арганізацыі масавых беспарадкаў асудзілі на 7 гадоў зьняволеньня ў калёніі ўзмоцненага рэжыму.

У Беларусі напярэдадні Дня Волі працягнуўся судовы перасьлед у крымінальных справах супраць палітвязьняў і ўдзельнікаў пратэстаў.

У Нясьвіжы асудзілі пэнсіянэрку за камэнтар пад фота амапаўца

Суд Нясьвіскага раёну 24 сакавіка вынес вырак у справе 65-гадовай Сьвятланы Панамаровай, якую вінавацяць у абразе прадстаўніка ўлады паводле арт. 369 Крымінальнага кодэксу, паведамляе Праваабарончы цэнтар «Вясна».

Судзьдзя Вольга Купец прызнала віну Святланы Панамаровай даказанай і прызначыла ёй пакараньне ў выглядзе абмежаваньня волі без накіраваньня ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу тэрмінам на 1 год і 6 месяцаў. Таксама яна пастанавіла спагнаць з абвінавачванай на карысьць пацярпелага амапаўца Віталя Фёдарава 1500 рублёў у якасьці кампэнсацыі нанесенай маральнай шкоды.

Бок абвінавачаньня прадстаўляе памочніца пракурора Алена Каменка. Пацярпелым у справе праходзіць старшы сяржант АМАП Менаблвыканкаму Віталь Фёдараў. Паводле абвінавачаньня, Панамарова 26 кастрычніка 2020 году пакінула камэнтар: «Застрэлься, с**а» пад фатаздымкам Віталя Фёдарава.

Падсудная сваёй віны не прызнала. Жанчына адмовілася ад адваката і абараняла сябе сама.

Палітвязьню Кубараву прысудзілі 7 гадоў узмоцненага рэжыму

Учора ў судзе Фрунзэнскага раёну Менску з апошнім словам у крымінальным працэсе выступіў палітвязень, дызайнэр Дзьмітры Кубараў, якога вінавацяць у арганізацыі масавых беспарадкаў.

Памочніца пракурора Аліна Касьянчык (тая, што была абвінаваўцай у працэсе над журналісткамі Чульцовай і Андрэевай) запрасіла для яго 7 гадоў пазбаўленьня волі ва ўмовах узмоцненага рэжыму.

Згодна з абвінавачаньнем, з 9 па 12 жніўня Кубараў заклікаў людзей у інтэрнэце і офлайн да актыўнага ўдзелу ў масавых беспарадках. А таксама сам арганізоўваў масавыя беспарадкі і ўдзельнічаў у іх. Акрамя таго, ён нібыта меў намер вырабіць «кактэйль Молатава». Віны Кубараў не прызнаў і сказаў, што нават у судовай клетцы пачуваецца больш свабодным, чым людзі ў пагонах, якія яго судзяць.

Вырак Кубараву: 7 гадоў зьняволеньня ў калёніі ўзмоцненага рэжыму. Дзьмітрый прызнаны палітычным зьняволеным. Ён разам з адвакатам плянуе абскарджваць вынесены прысуд, паведамляе Праваабарончы цэнтар «Вясна».

3 гады «хатняй хіміі» за два рэпосты

Уладзімер Акоркаў зь Берасьця асуджаны на 2 гады «хатняй хіміі» за два рэпосты ў тэлеграм-чаце «Берасьце для жыцьця». Першы тычыўся інфармацыі тэлеграм-каналу «Карнікі Беларусі», які абазваў дэкана псыхоляга-пэдагагічнага факультэту БрДУ Тацяну Нікішыну «сабакай, адданай лукаваму». Другі — сьледчага Ўладзімера Сушкевіча, пра якога напісалі, што ён «гатовы кляпаць любыя справы, абы начальнікі хвалілі, давалі чарговыя пасады і зорачкі».

Абвінавачаны Акоркаў віну прызнаў цалкам, на судзе прынёс прабачэньні пацярпелым. Мужчына быў пад падпіскай аб нявыезьдзе. Цяпер асуджаны мусіць яшчэ сплаціць 1000 рублёў кампэнсацыі Сушкевічу, ягоны тэлефон канфіскавалі як «сродак зьдзяйсьненьня злачынства».

Перакладчыцы Вользе Калацкай — 2 гады «хатняй хіміі»

У Менску завяршыўся разгляд справы перакладчыцы Вольгі Калацкай. Паводле матэрыялаў справы, яна 15 лістапада двойчы ўдарыла прапагандыста Рыгора Азаронка, дэманструючы такім чынам «непавагу да грамадзтва». Сам Азаронак сказаў, што справу ініцыяваў Сьледчы камітэт, а ён прэтэнзій да жанчыны ня мае.

Суд вырашыў пакараць Калацкую абмежаваньнем волі на 2 гады без накіраваньня ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу («хатняя хімія») і вызваліць у залі суду. Яе 89-гадовая маці патрабуе штодзённага догляду.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG