Нягледзячы на тое, што фігурантка справы прынесла прабачэньні пабітаму аўтару СТВ і той ня меў да яе матэрыяльных ці маральных прэтэнзій, дзяржаўная абвінаваўца Валерыя Таратынка прасіла пакараць Вольгу Калацкую абмежаваньнем волі на 2 гады без накіраваньня ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу («хатняя хімія»).
24 сакавіка судзьдзя Ала Скуратовіч абвясьціла канчатковы вэрдыкт: 2 гады абмежаваньня волі без накіраваньня ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу. З Калацкай узялі падпіску аб нявыезьдзе і вызвалілі ў судовай залі.
Паводле матэрыялаў справы, летась 15 лістапада Вольга Калацкая двойчы ўдарыла журналіста дзяржаўнай тэлевізіі Рыгора Азаронка, дэманструючы такім чынам непавагу да грамадзтва.
Жанчыну затрымалі 15 студзеня ў сваёй кватэры. Адвакату паведамілі, што яна праходзіць паводле крымінальнага артыкула (арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак). Аднак празь некалькі дзён прад’явілі абвінавачаньне па частцы 1 артыкула 339 (хуліганства). Не ўзялі пад увагу тое, што яе 90-гадовая маці патрабуе штодзённага догляду.
Перакладчыца патлумачыла свой учынак «эмацыйным станам» пасьля забойства актывіста і мастака Рамана Бандарэнкі. Падчас судовага працэсу яна выказала жаль, што не змагла ўстрымацца, за што ўрэшце папрасіла ў прапагандыста прабачэньня.
Рыгор Азаронак сказаў, што прэтэнзій да жанчыны ня мае, справу, зь яго слоў, распачаў Сьледчы камітэт. Рыгора Азаронка пасьля разгонаў пратэстаў узнагародзілі мэдалём «За адвагу».
Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com