Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Перакладчыкі Эўропы патрабуюць вызваленьня Вольгі Калацкай


Вольга Калацкая
Вольга Калацкая

Эўрапейская рада асацыяцыяў літаратурных перакладчыкаў заклікала прафэсійныя арганізацыі, якія ў яе ўваходзяць, падтрымаць ініцыятыву чэскіх перакладчыкаў, якія накіравалі ліст амбасадзе Беларусі ў Празе з патрабаваньнем вызваліць іх калегу Вольгу Калацкую.

Зварот эўрапейскай рады быў прыняты ў падтрымку ініцыятывы пяці чэскіх прафэсійных арганізацыяў — Чэскай гільдыі літаратурных перакладчыкаў, Саюзу вусных і пісьмовых перакладчыкаў, Асацыяцыі чэскіх перакладчыкаў Поўначы, Чэскага ПЭН Цэнтру і групы «Tváře překladu» чэскіх прафесійных перакладчыкаў у Facebook.

Чэскія перакладчыкі зьвярнуліся да дыпляматычнага прадстаўніцтва Рэспублікі Беларусь з патрабаваньнем неадкладнага вызваленьня іх беларускай калегі Вольгі Калацкай:

«Зьвяртаемся да вас як да міжнародных прадстаўнікоў беларускага народу ў Чэскай Рэспубліцы з надзеяй і верай, што ваша пасольства актыўна і дзейсна паспрыяе неадкладнаму вызваленьню спадарыні Калацкай са зьняволеньня. У сувязі з гэтым мы былі б вельмі ўдзячныя, калі б вы накіравалі наша патрабаваньне аб неадкладным вызваленьні спадарыні Калацкай належным дзяржаўным органам Беларусі. Мы пільна сочым за яе справай і салідарныя ў гэтым з нашымі калегамі з міжнароднай супольнасьці перакладчыкаў».

На ліст чэскіх калегаў адрэагавала і Эўрапейская рада асацыяцыяў літаратурных перакладчыкаў, заявіўшы, што рада цалкам падтрымлівае гэты ліст і віншуе чэскіх калегаў з выдатнай ініцыятывай. «Паралельна з рознымі заявамі і акцыямі, да якіх рада ўжо далучылася, мы заклікаем іншыя партнэрскія арганізацыі разгледзець падобныя ініцыятывы», — сказана ў лісьце, які даслаў усім арганізацыям – удзельніцам рады яе прэзыдэнт Мортэн Вісьбю.

Сёньня ў Менску пачаўся суд над Вольгай Калацкай, якую абвінавачваюць у пабіцьці супрацоўніка каналу СТВ Рыгора Азаронка.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG