Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гэтыя буйныя крамы на мяжы закрыцьця. І палітыка тут ні пры чым


Праблемны ўнівэрсам "Цэнтральны"
Праблемны ўнівэрсам "Цэнтральны"

Адразу тры буйныя аб’екты гандлю ў Беларусі апынуліся на мяжы закрыцьця пасьля выбараў. Разьбіраемся, чаму гэта адбылося.

Сетка крамаў «Домашний»

Пакупнікі крамаў «Домашний» ужо месяц паведамляюць пра распродажы з буйнымі зьніжкамі. Пастаўшчыкі паведамілі, што рытэйл прыпыніў разьлікі за пастаўленую прадукцыю.

Да гэтых праблем толькі ў Менску гандлёвая сетка налічвала 17 крамаў (цяпер ужо зачыніліся на вуліцах Сухараўскай, Лынькова і некаторыя ў рэгіёнах). Крама на бульвары Шаўчэнкі ўжо тыдзень як абвясьціла татальны распродаж, што можа сьведчыць аб хуткім закрыцьці.

На пачатку сакавіка крэдыторы гандлёвай сеткі «Домашний» сабралі прэс-канфэрэнцыю, дзе заявілі, што яна ня гасіць запазычанасьці. Са сьнежня мінулага году пастаўшчыкі падалі 250 заяваў, каб спагнаць грошы зь яе праз суд. У гэтым пераліку больш за дзясятак прыватных і дзяржаўных кампаній: «Лідзкае піва», «Кока-кола», кандытарская фабрыка «Віцьба» ды іншыя.

Уладальнік гандлёвай сеткі — бізнэсовец Іван Беразоўскі. Сетку пачаў разьвіваць з 2016 году, тэмпы росту былі адны з найвышэйшых. А ў 2018-м у сілавікоў зьявіліся прэтэнзіі да бізнэсоўца, на некаторы час Беразоўскі зьехаў у Лёндан, але пасьля вярнуўся і кампэнсаваў страты, якія яму налічылі.

Агулам рытэйл «Домашний» аб’ядноўвае дзясятак юрыдычных асобаў. За адным зь іх — «Гамма Рытэйл» — 21 крама. З сайта каштоўных папер вынікае, што цяпер яго рэарганізуюць у 16 асобных юрыдычных адзінак.

Згодна са справаздачай за мінулы год (студзень-верасень), «Гамма Рытэйл» меў 11,2 мільёна рублёў кароткатэрміновых даўгоў і 3 мільёны доўгатэрміновых. Чыстыя страты са студзеня па верасень — 725 тысяч рублёў.


Унівэрсам «Цэнтральны»

Адзін з самых старых менскіх аб’ектаў гандлю ўжо месяц адчувае дэфіцыт тавараў: некаторыя паліцы застаўленыя аднолькавымі прадуктамі беларускага паходжаньня, некаторыя — наогул пустыя. У краме татальны распродаж са зьніжкамі ў 30%.

Прадаўцы кажуць, што «ліквідацыя тавару зьвязаная з новым уласьнікам». Хто гэта будзе — пакуль невядома. Унівэрсам, як і сетка крамаў «Домашний», зьвязаны зь бізнэсоўцам Іванам Беразоўскім.

Некалькі разоў «Цэнтральны» выстаўлялі на продаж, адна з апошніх абвестак — у сьнежні 2020 году. Тады краму прадавалі за 9,8 мільёна даляраў.

Паводле парталу каштоўных папер, у чэрвені 2020-га «Цэнтральны» меў запазычанасьць на 10,2 мільёна рублёў па доўгатэрміновых абавязаньнях і 5,9 мільёна — па кароткатэрміновых. Прыбытак за студзень-верасень — 3 тысячы рублёў.

Сетка крамаў Bigzz

Гіпэрмаркет Bigzz на Лагойскім тракце зачыніўся 18 лютага. Новым уладальнікам памяшканьня і крамы будзе сетка «Суседзі». У іншых крамах Bigzz пакупнікі напрыканцы лютага заўважылі пустыя паліцы.

Цяпер Bigzz мае пяць крамаў у Менску, кампанія існуе з 2005 году.

Уладальнік крамаў — кампанія «Баніар». Паводле сайта kartoteka.by, яна ў працэсе ліквідацыі.


«Няма крэдытаў, цэны павышаць не дазваляюць»

Калі праблемы адразу ў некалькіх буйных кампаній — нешта ня так з агульнай сытуацыяй, зважае старшы навуковы супрацоўнік Beroc Леў Львоўскі.

«Гэта і праблема з крэдытаваньнем, бо Нацбанк не задавальняе патрэбы камэрцыйных банкаў. Нармальна, калі ў кампаніі часовыя цяжкасьці, у звычайнай сытуацыі яны б перакрэдытаваліся. А цяпер немагчыма. Да гэтага дадаецца кантроль цэнаў, што не дазваляе кампэнсаваць страты. Агульная дэпрэсія попыту, бо людзі зьмяншаюць спажываньне», — кажа экспэрт.

Паводле Льва Львоўскага, рытэйл — тая сфэра, на якую нават «каранавірус паўплываў станоўча». Але цяпер, да ўсяго, «непрадказальная праваахоўная сыстэма».

Праблемы буйных гандлёвых сетак выкліканыя шматлікімі рызыкамі, якія «цяпер толькі ўзрастаюць», канстатуе эканаміст.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG