Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Мужыкі, што вы робіце?» У судзе паказалі відэа з машыны сілавікоў, якія везьлі затрыманага Сяргея Ціханоўскага


Затрыманьне Сяргея Ціханоўскага, 29 траўня 2020
Затрыманьне Сяргея Ціханоўскага, 29 траўня 2020

У Горадні працягваецца разгляд крымінальнай справы ў дачыненьні да аднаго зь фігурантаў «справы Ціханоўскага» — кіроўцы аўтадому «Страна для жизни» Аляксандра Арановіча.

38-гадовага мужчыну затрымалі 29 траўня ў Горадні падчас пікету дзеля збору подпісаў за Сьвятлану Ціханоўскую, нагадвае Tut.by. 22 сакавіка ў судзе глядзелі запісы зь відэарэгістратараў супрацоўнікаў міліцыі, а таксама службовых аўтамабіляў.

Аляксандра Арановіча абвінавачваюць у тым, што ён, паводле папярэдняй змовы зь Ціханоўскім і іншымі асобамі, браў удзел у групавых дзеяньнях, спалучаных зь непадпарадкаваньнем законным патрабаваньням прадстаўнікоў улады. На прагледжаных відэа Арановіча няма.

Затое паказалі момант затрыманьня Сяргея Ціханоўскага. Сілавікі бягуць да яго па траўніку, блогер запытвае:

— Хлопцы, што здарылася?

— Пройдзем з намі.

— Я іду, іду...

Наперадзе людзі пачынаюць падбягаць да міліцэйскага транспарту, адбываецца бойка. На відэа чуваць, як сілавік, зайшоўшы ў бус, кажа, што бачыў Уладзімера Кнігу — яшчэ аднаго абвінавачанага ў справе, былога праваахоўніка.

— Я яму лупянуў канкрэтна, — кажа сілавік (у кадры відаць рукі ў пальчатках).

На запісе бачна, як у аўтобус заводзяць затрыманых: загадваюць апусьціць галовы; у гэты час звонку стукаюць людзі. На іншым відэа ў бус пасьля бойкі ўкідваюць Ціханоўскага. Ён на момант аказваецца на падлозе, потым падымаецца на сядушку.

— Мужыкі, што вы робіце? — некалькі разоў паўтарае Ціханоўскі. — Што здарылася, мужыкі? Мірная акцыя, збор подпісаў. Дарма вы гэта робіце, мужыкі.

Ціханоўскі ўсю дарогу да РАУС спакойна сядзіць, часам спрабуе пагаварыць зь сілавікамі пра закон, аб правамернасьці іх дзеяньняў. Тыя не адказваюць.

У судзе Аляксандар Арановіч цікавіцца: якое дачыненьне маюць гэтыя відэа да яго? У чым яго вінавацяць і дзе можна паглядзець, што рабіў канкрэтна ён? Пракурор хадайнічае аб паўторным праглядзе роліка, які паказвалі ў папярэднія дні. Там Арановіч фігуруе. Ролік пакажуць наступным разам.

Ціханоўскага і яшчэ некалькі чалавек затрымалі 29 траўня ў Горадні падчас пікету. Гэтаму папярэднічаў інцыдэнт, у выніку якога ўпаў міліцыянт. Відавочцы казалі аб правакацыі, а вось МУС сьцьвярджае, што быў гвалт супраць праваахоўнікаў (спачатку казалі пра аднаго пацярпелага, затым пра двух).

Сяргею Ціханоўскаму прад’яўлена абвінавачаньне паводле наступных артыкулаў Крымінальнага кодэксу:

  • ч. 1 арт. 293 (арганізацыя масавых беспарадкаў)
  • ч. 3 арт. 130 (распальваньне сацыяльнай варажнечы)
  • ч. 2 арт. 191 (перашкода працы ЦВК)
  • ч. 1 арт. 342 (арганізацыя дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак).

Найбольш цяжкая санкцыя прадугледжвае пазбаўленьне волі да 15 гадоў.

Праваабаронцы прызналі Сяргея Ціханоўскага і астатніх затрыманых у гэтай справе палітвязьнямі і патрабуюць іх вызваленьня.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG