Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Вінаватыя ў злачынствах нідзе не схаваюцца». Ціханоўскі з турмы адказаў на пытаньні чытачоў «Страны для жизни»


Сяргей Ціханоўскі, архіўнае фота

Палітвязень Сяргей Ціханоўскі адказаў з-за кратаў на пытаньні чытачоў тэлеграм-каналу «Страна для жизни». Ацаніў свае прэзыдэнцкія пэрспэктывы, выказаўся пра Ўсебеларускі народны сход і паразважаў, «чый Крым».

«Каб цяпер сталі прэзыдэнтам у новай Беларусі, якое рашэньне было б першачарговым?», — пацікавіўся ў блогера і актывіста адзін з падпісчыкаў.

Сяргей Ціханоўскі: «Перадусім мусяць панесьці пакараньне вінаватыя ў злачынствах супраць людзей. Яны нідзе не павінны схавацца».

«Што мелі на ўвазе, калі казалі па тэлефоне Сьвятлане з СІЗА КДБ, што трэба дзейнічаць больш жорстка?»

Сяргей Ціханоўскі: «Я меў на ўвазе, што Сьвятлане трэба больш жорстка выказваць сваё меркаванне, быць больш рашучай ў зносінах з палітыкамі».

«Ці ведаеце, што цяпер выкладваецца на вашым YouTube-канале? Што пра гэта думаеце?»

Сяргей Ціханоўскі: «Я ведаю, што на канале зараз выкладваюцца рэальныя навіны. Навіны з гумарам. Гэта выдатна! Сам ня бачыў, але сцэнары чытаў».

«Як ставіцеся да так званага Ўсебеларускага народнага сходу?»

Сяргей Ціханоўскі: «Гэта проста цырк. Клоўн выступаў даўжэй за ўсіх».

«Сяргей, дык чый Крым?»

Сяргей Ціханоўскі: «Тое, што ў Беларусі трансьлююцца расейскія каналы, — велізарная зло. Раней, гледзячы тыя ж „60 хвілін“, у мяне былі сумневы адносна дакладнасьці адлюстраваньня таго, што адбываецца ва Ўкраіне. Цяпер, калі бачу, як яны асьвятляюць падзеі ў Беларусі, як падтрымліваюць дыктатара, абсалютна відавочна, што яны абылгалі і ўкраінцаў. Крым павінен быць ня толькі дэ-юрэ, а і дэ-факта ўкраінскім».

Новыя пытаньні Сяргею Ціханоўскаму ягоныя паплечнікі прапануюць пакідаць у камэнтарах на тэлеграм-канале «Страна для жизни». Адказы будуць друкавацца па меры іх паступленьня на волю.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG