Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Магілёўскі актывіст, «чалавек 2020 году», пакінуў Беларусь празь перасьлед перад Днём Волі


Сяргей Пехцераў
Сяргей Пехцераў

Сяргей Пехцераў вымушана пакінуў краіну з прычыны перасьледу сілавікоў, якія напярэдадні канфіскавалі ў яго ўсю тэхніку і аўтамабіль.

Вядомы гарадзкі актывіст з Магілёва Сяргей Пехцераў пакінуў краіну. У інстаграме ён напісаў, што знаходзіцца ў бясьпецы і за мяжой.

«Пасьля „сутак“ у верасьні мяне 4 разы тузалі людзі ў пагонах, хоць я нічога не рабіў. Не ўваходзіў у дваровыя чаты, не псаваў сьценаў, не распаўсюджваў газэтаў, не спыняў цягнікоў, не раскідваў шрубаў ля РАУС, не заклікаў праз LOSQUE выходзіць на маршы і блякаваў усе падобныя заклікі. Уся мая поствыбарная актыўнасьць была накіравана на дапамогу людзям і разьвіцьцё гораду, як і раней».

17 сакавіка Сяргея Пехцерава затрымалі, увечары адпусьцілі. У магілёўца канфіскавалі аўтамабіль, працоўны кампутар і тэлефон. Канфіскацыю матывавалі неабходнасьцю агляду ў рамках адміністрацыйнай справы.

На думку Сяргея, міліцыя зноў занялася ім за тэлеграм-канал LOSQUE, у якім ён публікуе інфармацыю. Ён назваў гэта «зачысткай» напярэдадні Дня Волі.

«Працаваць, зарабляць і плаціць падаткі ў Беларусі стала немагчыма. Я „лішні“», — дадаў Пехцераў.

Сяргей Пехцераў — дызайнэр і праграміст. Працуе над тым, каб палепшыць Магілёў, зрабіўшы яго камфортнейшым. За рэалізацыю трох праектаў грамадзянская ініцыятыва «Грамадзкі магістрат» прызнала яго «Асобай году».

Пехцераў у інтэрвію Свабодзе казаў, што беларускія ўлады ўспрымаюць незалежную ад іх грамадзкую актыўнасьць стэрэатыпна. Чыноўнікам складана правесьці мяжу «паміж актывізмам і апазыцыйнай палітычнай дзейнасьцю», таму яны зь недаверам ставіцца да такіх актывістаў, як сам Пехцераў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG