Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«За што ж я змагалася?» Мянчанка расказала, як уцякла ў Польшчу і трапіла ў лягер для ўцекачоў


Ніна Бялінская на мітынгу ў падтрымку Сьвятланы Ціханоўскай у Менску

21-гадовая Ніна Бялінская з пачатку выбарчай кампаніі актыўна падтрымлівала пратэставы рух. Увосень пакінула краіну, баючыся крымінальнага перасьледу. Пераехаўшы мяжу на ровары, дзяўчына месяц пражыла ў польскіх лягерах для ўцекачоў. Сваю гісторыю яна расказала Свабодзе.

«Я не баялася. Старалася рабіць усё, каб жыць у вольнай краіне. Але, на жаль, не атрымалася», — кажа мянчанка Ніна Бялінская.

З прычыны сугучнасьці прозьвішчаў і аднолькавай грамадзянскай пазыцыі дзяўчына жартам параўноўвае сябе з апазыцыйнай актывісткай Нінай Багінскай. Сьцьвярджае, што цікавіцца палітыкай пачала, дасягнуўшы паўналецьця.

У 2018 годзе на Дні Волі купіла свой першы бел-чырвона-белы сьцяг, зь якім пазьней хадзіла на акцыі пратэсту. Пасьля пачатку леташняй выбарчай кампаніі Ніна стала незалежнай назіральніцай, старалася не прапускаць мітынгі апазыцыйных кандыдатаў, была адміністратаркай чату раённага тэлеграм-каналу.

На акцыі пратэсту ў Менску 30 жніўня
На акцыі пратэсту ў Менску 30 жніўня

Пазьней пачала шыць бел-чырвона-белыя сьцягі і маскі з элемэнтамі сымболікі. Раздавала іх знаёмым і сваякам. Аднак людзі сталі прыносіць сваю тканіну альбо грошы за яе. У выніку забіралі вырабы па сабекошце.

Ніна Бялінская адукацыяй музыкант, скончыла гімназію-каледж мастацтваў імя І. В. Ахрэмчыка. Працавала музычнай кіраўнцай у дзіцячым садзе ў Менску. Кажа, што калегі ставіліся да яе актывізму нэўтральна.

«Яны не адгаворвалі, але і не падтрымлівалі. Памятаю, як у пачатку верасьня нас наведала кіраўніцтва. У той дзень я прыйшла на працу ў майцы з надпісам „Верым, можам, пераможам“. Намесьніца маёй начальніцы сказала: „Апрані кофту! Ты ж у дзяржаўнай установе знаходзісься. Як ты сабе такое дазваляеш?! Здымі стужачкі з рук!“», — успамінае суразмоўца.

Малюнак Ніны Бялінскай
Малюнак Ніны Бялінскай

«Маці сказала: «Тэрмінова зьбірай рэчы — павязу цябе ў Польшчу»

4 верасьня Ніну затрымалі на адным зь мітынгаў у падтрымку дзейнай улады, куды яна прыйшла з пратэставым плякатам. Сілавікі без апазнавальных знакаў пасадзілі яе зь сябрам у міліцэйскі бус. «Я была з гітарай, і сілавікі казалі: „Сыграй нам што што-небудзь. Вы ж гэтага Цоя пастаянна граеце. Чаму маўчыш?“. Пазьней майго знаёмага перасадзілі ў іншую машыну. А мне сказалі: „Вось ты і засталася адна. Што мы цяпер з табой зробім?.. А як нам зараз будзе весела..“.. Але ў выніку вывезьлі мяне на ўскраіну горада і высадзілі».

З гэтым плякатам Ніну затрымалі на мітынгу прыхільнікаў Лукашэнкі
З гэтым плякатам Ніну затрымалі на мітынгу прыхільнікаў Лукашэнкі

У канцы верасьня Ніне Бялінскай пачалі паступаць званкі са схаваных нумароў. На адзін зь іх адказала яе маці.

«Тэлефанавалі з Кастрычніцкага РАУС. Пыталіся, калі я магу зьявіцца на прафіляктычную размову, нібыта з нагоды продажу незарэгістраванай сымболікі. Прыгразілі штрафам да 100 базавых», — кажа Ніна. Званкі не спыніліся, у выніку дзяўчына памяняла нумар. Аднак празь нейкі час па месцы яе прапіскі прыйшла позва ў пракуратуру.

«Маці сказала: „Тэрмінова зьбірай рэчы, павязу цябе ў Польшчу“. З сабой я пасьпела ўзяць пару швэдраў, бялізну, ноўтбук, тэлефон, зарадку і 50 даляраў». У Польшчы ў Ніны не было ні родных, ні сяброў. Мовы яна ня ведала. Мяжу (праз пункт пропуску «Бераставіца») 23 лістапада перасякала на ровары. «Беларускія памежнікі, убачыўшы, што ў мяне няма візы, пачалі высьвятляць, куды я накіроўваюся і навошта. Знаёмыя папярэджвалі мяне не паведамляць пра свой намер прасіць палітычнага прыстанішча, але я сказала пра гэта. Наступіла цішыня. Праз 10 сэкундаў выйшаў памежнік і сказаў: „Адчыніце вароты, я яе правяду“».

Ніна сьцьвярджае, што ёй пашанцавала — работнік памежнай службы паставіўся да яе па-добраму, з разуменьнем. Расказаў, што на ягонай памяці яна чацьвёртая, хто бязь візы і практычна бяз рэчаў пакідае Беларусь. Цікавіўся, як у такім становішчы асвоіцца ў Польшчы.

«Доўга плакала, не разумела, куды трапіла»

На польскім баку дзяўчыну адразу пускаць не жадалі. Пыталіся: «Куды ты пойдзеш? Якое палітычнае прыстанішча?». Аднак потым ёй усё ж такі дазволілі перасекчы мяжу. Афармлялі актывістку каля 7 гадзінаў — сфатаграфавалі, зьнялі адбіткі пальцаў, зрабілі часовае пасьведчаньне асобы, забралі пашпарт.

Памежнікі завезьлі яе ў горад Васількаў у гатэль для праходжаньня карантыну. Месца ў ім было ўжо аплачана. Пазьней Ніна пераехала ў лягер для ўцекачоў у Белай Падлясцы, дзе пражыла 10 дзён.

На пікеце ў Белай Падлясцы
На пікеце ў Белай Падлясцы

«Праз адсутнасьць свабодных месцаў мяне падсялілі ў пакой да трох афраамэрыканцаў. Першы час я доўга плакала. Не разумела, куды трапіла, ні з кім не размаўляла. Мне было страшна. Вакол лягера агароджа з калючым дротам, усё па пропусках. Звычайна ж апавядаюць, што ў Польшчы добра, усе туды едуць. Але мне на той момант так не здавалася».

Дзякуючы просьбе іншых жыхарак лягера, Ніне на 2 дні выдзелілі пакой на «перавалачным паверсе».

«Наступныя дні я жыла ў 12-мясцовым пакоі з суседкай. Кармілі нас 2 разы на дзень. Рацыён бедны, але пражыць было можна. Я вэгетарыянка, таму есьці ўсё не магла. Грошай у мяне на нармальную ежу асабліва не было, таму купляла аналягі „ролтану“. Неаднаразова з прадуктамі нам дапамагаў фонд для ўцекачоў зь Беларусі „Zachód Wschód Wsparcie“».

Пазьней Ніну перавялі ў жаночы лягер на ўскраіне Варшавы. Умовы ў ім былі лепшыя. У невялікім пакоі стаялі мяккія ложкі, адзін стол, два крэслы. Кармілі раз на дзень, з 13-й да 15-й гадзіны (адразу сьняданак, абед і вячэра). У мэню ўлічылі, што Ніна ня есьць мяса, таму, акрамя супу, была, напрыклад, рыбная або соевая катлета з гарнірам. Дадаткова давалі розныя віды сыроў, тварог, блінчыкі.

«У варшаўскім лягеры ў пераважнай большасьці пражывалі чачэнкі. Іх дзеці пастаянна бегалі і крычалі, таму адпачыць удзень было практычна немагчыма», — расказвае суразмоўца.

«Ці вярнуся ў Беларусь пасьля пераменаў? Наўрад ці»

Агулам у лягерах для ўцекачоў Ніна правяла месяц. За час пражываньня ў Белай Падлясцы яна пасябравала з хлопцам, які таксама пакінуў Беларусь з прычыны рэпрэсій.

Ніна Бялінская ў Варшаве
Ніна Бялінская ў Варшаве

«У лягеры, куды яго разьмеркавалі, бегалі прусакі і пацукі, таму я прапанавала здымаць сумеснае жыльлё. Знайшла пакой, заключыла дамову. Пазьней нам удалося паступіць на навучаньне па праграме Каліноўскага. Аднак празь вялікую колькасьць студэнтаў стыпэндыю адзін раз затрымалі. Не выплачвалі своечасова і заробкі выкладчыкам. Ад гэтага заняткі скарацілі з 4 гадзінаў у дзень да 1,5».

Ніны расказала, што ўцекачу, які пражывае ў лягеры, у месяц выдзяляецца фіксаваная сума — каля 70 злотых (прыблізна 18 даляраў). У выпадку, калі ён сам здымае жытло, то 25 злотых (каля 6 даляраў) на дзень. Стыпэндыі і сацыяльнай дапамогі Ніне хапае на харчаваньне і аплату пакоя.

У пачатку студзеня дзяўчына падала дакумэнты на міжнародную абарону. Па яе словах, атрымаўшы гэты статус, можна зрабіць від на жыхарства, ня маючы візы.

Ніна захапляецца маляваньнем і плянуе зьвязаць сваю будучую працу з графічным дызайнам. Лічыць, што ў Польшчы нарэшце зможа атрымаць адукацыю па гэтай спэцыяльнасьці і рэалізаваць сябе.

«Першы месяц я вельмі шкадавала, што зьехала. Думала, як жа я без маёй краіны, за што ж я змагалася? Але цяпер разумею, што трэба рухацца далей, — прызнаецца суразмоўца. — Ці вярнуся ў Беларусь, калі наступяць перамены? Наўрад ці. Краіну давядзецца доўга адбудоўваць. Цяпер у мяне няма на гэта ні сілаў, ні фінансавай „падушкі бясьпекі“. Можа, неўзабаве змагу годна зарабляць, што дасьць магчымасьць падтрымліваць беларускія фонды, дапамагаць валянтэрам. У любым выпадку, думаю, што ў Польшчы ад мяне будзе больш толку, чым у Беларусі».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG