Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Усё роўна хочацца дадому». Як жыве ў Літве дзяўчына актывіста, якога судзяць па «справе Ціханоўскага»


Вольга Каракіна ў Вільні
Вольга Каракіна ў Вільні

Гарадзенка Вольга Каракіна перажыла затрыманьне свайго хлопца, якога цяпер судзяць па «справе Ціханоўскага», ператрус у кватэры, уласнае затрыманьне на маршы. А калі яе паклікалі ў Сьледчы камітэт, сабрала рэчы і зьехала ў Вільню.

Там знайшла працу і завяла ката, але надалей ходзіць на беларускія акцыі і піша лісты ў турму.

«Сьледчы ня здолеў патлумачыць, навошта мяне выклікаюць»


Актыўную дзяўчыну з рудымі валасамі Вольгу Каракіну часта можна было ўбачыць падчас прэзыдэнцкай кампаніі на зборы подпісаў у Горадні, а потым і на судах над актывістамі. Яна дапамагала камандзе Сьвятланы Ціханоўскай. Ейны хлопец Зьміцер Фурманаў быў каардынатарам ініцыятыўнай групы, езьдзіў зь Сяргеем Ціханоўскім па гарадах.

Вользе 32 гады. У Горадні яна працавала ў краме на рынку. Любіла шпацыры на роварах. Са Зьмітром яны разам два гады.

Вольга і Зьміцер у роварным паходзе
Вольга і Зьміцер у роварным паходзе

Апошні сумесны здымак Зьмітра і Вольгі зрабілі журналісты летась 29 траўня. Зьміцер сядзіць за сталом на Савецкай плошчы і зьбірае подпісы, зьлева ад яго на фота стаіць Вольга. Неўзабаве Зьмітра разам з крэслам схопяць невядомыя ў масках і панясуць у бус. Па дарозе яму ўдарылі кулаком у твар, так што хлопец страціў прытомнасьць. Пасьля гэтага Фурманаў апынуўся пад вартай.

Зьміцер Фурманаў і Вольга Каракіна, 29 траўня 2020 году, архіўнае фота
Зьміцер Фурманаў і Вольга Каракіна, 29 траўня 2020 году, архіўнае фота

Неўзабаве пасьля гэтага на працу да Вольгі прыйшлі 4 чалавекі ў масках і забралі яе на ператрус у кватэры, дзе яна жыла са Зьмітром.

Апошні раз дзяўчына бачыла Зьмітра на судзе летась у ліпені. Тады прайшоў маратон адміністрацыйных спраў над фігурантамі «справы Ціханоўскага». Усе яны выходзілі на сувязь праз скайп. У перапынку тэлевізар ня выключылі, таму блізкія маглі памахаць рукой Зьмітру ў экран.

Зьміцер Фурманаў на судзе 1 ліпеня 2020 году, архіўнае фота
Зьміцер Фурманаў на судзе 1 ліпеня 2020 году, архіўнае фота

Напрыканцы ліпеня Вольга і маці Зьмітра пачалі галадоўку пад сьценамі «Валадаркі», дзе тады сядзеў Фурманаў. Яго ў гэты час перавялі ў Жодзіна. Вольга спыніла галадоўку на дзясяты дзень, бо людзей, якія прыходзілі яе падтрымаць пад сьцены турмы, маглі затрымаць, нібыта за пікет.

У верасьні Вольгу затрымалі на маршы пратэсту. З суду ейную адміністрацыйную справу некалькі разоў накіроўвалі на дапрацоўку. Урэшце скончыўся тэрмін, падчас якога яе маглі пакараць. Пасьля затрыманьня Вольгу выклікалі ў пракуратуру і Сьледчы камітэт у якасьці сьведкі па нейкай крымінальнай справе.

«Сьледчы ня здолеў патлумачыць, навошта мяне выклікаюць, па якой справе. Прыдумляў нейкія адмазкі: „Ну, вас жа затрымлівалі па 23.34“. А пры чым тут Сьледчы камітэт?» — узгадвае Вольга.

Таксама сьледчыя хацелі, каб па рэчы Фурманава пасьля ператрусу прыехала менавіта Вольга, а не бацькі хлопца. Яна не паверыла, што застанецца сьведкай па крымінальнай справе, і зьехала ў Літву.


Знайшла працу з заробкам 800 эўра


Вольга праяжджала мяжу бязь візы, праз гуманітарны калідор. Праблемаў на мяжы не было. Выезду паспрыяў літоўскі фонд «Дапамога». Знаёмыя знайшлі кватэру на час 10-дзённага карантыну. Грашыма на першы час дапамог фонд BySol.

Вольга наняла двухпакаёвую кватэру ў «звычайнай савецкай хрушчоўцы» разам яшчэ з адным беларусам, бо так таньней. За арэнду яны плацяць разам 350 эўра, плюс 60–70 эўра за камунальныя паслугі.

У Літве ў Вольгі зьявіўся кот Кот
У Літве ў Вольгі зьявіўся кот Кот

Праз суполкі беларусаў у Літве дзяўчына знайшла працу па перапрацоўцы поліэтылену. Закладвае плястык у машыну, каб яго драбіць. У наймальніка не было пытаньняў, што дзяўчына зь Беларусі.

«Літоўцы вельмі добра ставяцца да беларусаў. Наш дырэктар таксама. Ён наняў яшчэ аднаго беларуса на працу», — кажа Вольга.

Яна атрымлівае каля 800 эўра ў месяц, зь іх каля 200 ідзе на аплату кватэры, яшчэ 200 траціць на ежу. Мяркуе, што на прадукты ў Літве цэны падобныя да беларускіх.

Ніхто са знаёмых Вольгу не папракаў ад’ездам, наадварот, падтрымлівалі, што яна ў бясьпецы. У Горадні засталася Вользіна маці. Яна нэрвавалася, калі дачка брала ўдзел у пратэстах, таму падтрымала рашэньне зьехаць.

«Спачатку было цяжка, бо я зьехала, а там народ выходзіць на акцыі, іх затрымліваюць. Было цяжка, што я ня зь імі. У мяне тут усё спакойна, ціха, мучыла сумленьне. І цяпер мучае, але ўжо ня так», — кажа суразмоўца.


«Сьветачку я бачыла, калі яна прыяжджала да нас на „Валадарку“»


Моўных перашкодаў у Вільні дзяўчына не адчувае. Літоўцы, хто старэйшы за 30 гадоў, гавораць па-расейску, бо вучылі мову ў школе. Яна не заўважыла, каб хто да яе непрыязна паставіўся за яе расейскую мову.

«Усе падтрымліваюць беларусаў, дапамагаюць, кажуць, што яны таксама супраць Лукашэнкі», — кажа суразмоўца.

Кот «дапамагае» маляваць плякат на акцыю
Кот «дапамагае» маляваць плякат на акцыю

Літва ладзіла акцыі падтрымкі беларусаў. 7 лютага, у дзень салідарнасьці зь Беларусьсю, па Вільні езьдзілі аўтобусы з кірункам «Вільня — Беларусь» і сэрцайкамі.

«Першы час, калі пераехала ў Літву, не хадзіла на акцыі, напэўна, у нейкай дэпрэсіі была, мне нічога не хацелася. Цяпер, калі пачаліся суды ў Дзімы, я зразумела, што трэба выходзіць», — кажа Вольга.

У апошні месяц яна прыходзіць на акцыі каля пасольства Беларусі ў Вільні. Нягледзячы на карантын, зьбірацца дазваляюць, але каб ня больш як 15 чалавек і на дыстанцыі.

Акцыя салідарнасьці ў Літве
Акцыя салідарнасьці ў Літве

Праз карантын у Літве зачыненыя амаль усе крамы, нельга выехаць з гораду без паважных прычын, аднак можна выходзіць на шпацыр і хадзіць на працу. Літоўцы кажуць, што ня вераць лічбам статыстыкі па каранавірусе. Многія перакананыя, што яна адмыслова завышаецца.

Са Сьвятланай Ціханоўскай у Вільні Вольга пакуль не сустракалася.

«Сьветачку я бачыла, калі яна прыяжджала да нас на „Валадарку“. Чысты, сьветлы чалавек, тады былі станоўчыя ўражаньні, цёплыя. Нічога кепскага я ня ўбачыла», — кажа дзяўчына.

Дагэтуль Вольга не расчаравалася ў дзеяньнях беларускай лідэркі, бо «яна рукі пакуль не апусьціла».


«Пра іх забыліся, пра іх вельмі мала гавораць»


Гарадзенка кажа, што сама не патрабуе дапамогі. Але хацела б, каб беларусы прыходзілі на суды падтрымаць Зьмітра Фурманава, Яўгена Разьнічэнку і Ўладзімера Кнігу. Наступныя паседжаньні па «справе Ціханоўскага» ў Кастрычніцкім судзе Горадні плянуюцца па абедзе 11 лютага і 12 лютага. Таксама яна б хацела, каб людзі пісалі зьняволеным у турмы.

Вольга просіць беларусаў падтрымаць Зьмітра на судзе
Вольга просіць беларусаў падтрымаць Зьмітра на судзе

«Пра іх забыліся, пра іх вельмі мала гавораць. Гэта тыя хлопцы, зь якіх усё пачалося. Яны даўжэй за ўсіх сядзяць», — кажа Вольга.

Пра Зьмітра Вольга цяпер даведваецца ад адваката і зь лістоў. Піша яму праз электронны сэрвіс, а Зьміцер дасылае адказ сваім бацькам, тыя робяць фота і перадаюць Вользе.

Вольга і Зьміцер у Горадні да турмы
Вольга і Зьміцер у Горадні да турмы

Пра ўмовы ў камэры і пра сукамэрнікаў Зьміцер ніколі ня піша.

«Заўсёды вясёлыя, бадзёрыя лісты. Падтрымлівае, кажа, што ў яго ўсё добра, што неўзабаве выйдзе, што мы будзем разам», — расказвае пра ягоны настрой дзяўчына.

Пад вартай хлопец займаецца спортам, адціскаецца, прысядае, разьмінаецца, чытае. Хацеў вучыць ангельскую мову, але падручнік на «Валадарцы» не прынялі. Пазьней у Жодзіне не захацелі перадаць расейска-беларускі слоўнік.


«Я не чакала, што яны вось так усе падымуцца»

Вольга ня згодная, што цяпер пратэсты зьдзьмуліся.

«Зацішша перад бурай. Народ у любым выпадку нязгодны. Усімі спосабамі будзе дамагацца перамогі. Напэўна, людзі крышку стаміліся. Іх усё ж столькі білі, саджалі і садзяць дагэтуль. Столькі зьехала людзей. Самыя актыўныя сядзяць або зьехалі», — камэнтуе дзяўчына.

Яна сама спадзяецца вярнуцца на радзіму сёлета ўвесну. Але пакуль вяртацца небясьпечна.

Вольга з плякатам у падтрымку Ігара Лосіка
Вольга з плякатам у падтрымку Ігара Лосіка

«Усё роўна хочацца дадому. Дома ёсьць дома», — прызнаецца яна.

За апошнія восем месяцаў дзяўчына адкрыла, што «беларусы сапраўды неймаверныя».

«Я не чакала, што яны вось так усе падымуцца, уся Беларусь, усе гарады. Гэта для мяне адкрыцьцё. Раней пратэставаў толькі Менск. Было вельмі цяжка падняць народ выходзіць», — прызнаецца дзяўчына.

Яна выходзіла на «маршы недармаедаў» у Горадні ў 2017 годзе. Тады, па ейным адчуваньні, у Горадні выходзіла менш людзей, чым у іншых гарадах.

Цяпер жа яна на сабе адчула салідарнасьць беларусаў.

«Калі пад „Валадаркай“ галадала, пастаянна са мной нехта быў. Я ніколі не заставалася там адна. Моладзь прыходзіла. Ноччу 10–15 чалавек прыходзілі. Я сыходзіла спаць, а яны заставаліся дзяжурыць. Прынялі гэта як вахту. Людзі прыходзілі кіпень ноччу, гарбату, каву», — узгадвае дзяўчына.

Вольга хоча, каб Зьміцер як найхутчэй выйшаў на волю. Яна верыць, што пратэсты ў Беларусі адновяцца.

«Людзям цяпер галоўнае — не спыняцца. Беларусь ужо ня будзе ранейшай, назад дарогі няма. Працягваць пратэставаць, хто як можа, па сваіх сілах. Веру, што неўзабаве мы пераможам», — перакананая Вольга.

Гэтая публікацыя падрыхтаваная з выкарыстаньнем інфармацыі БелаПАН.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG