Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Памёр польскі «паэт нумар адзін» Адам Загаеўскі, які падтрымліваў Беларусь


Адам Загаеўскі

Польскі паэт і дысыдэнт Адам Загаеўскі памёр у Кракаве на 77-м годзе жыцьця ўвечары 21 сакавіка. Ён быў прадстаўніком «новай хвалі» польскай паэзіі 70-х, ягоныя вершы перакладзеныя на многія мовы сьвету.

У лістападзе Загаеўскі разам з больш як 50 польскімі пісьменьнікамі падпісаўся пад адкрытым лістом да беларускіх літаратараў, у якім асуджаліся беларускія «самазваныя ўлады, якія топчуць Канстытуцыю і асноўныя правы чалавека і грамадзяніна».

Загаеўскі нарадзіўся ў Львове ў 1945 годзе. Пасьля Другой сусьветнай вайны палякаў выселілі з гораду, ягоная сям’я пераехала ў Глівіцэ (Сілезія). Скончыў Ягелёнскі ўнівэрсытэт у Кракаве.

У 1967 дэбютаваў зь вершамі, публікаваўся ў часопісах Życie Literackie, Odra, Twórczość. Пасьля задушэньня студэнцкіх пратэстаў у Польшчы ў 1968 годзе быў адным з заснавальнікаў паэтычнай групы Teraz ( «Цяпер»), адначасова выкладаў марксізм-ленінізм у Горна-мэталюргічнай акадэміі ў Кракаве.

У сярэдзіне 70-х гадоў Загаеўскі далучыўся да польскай апазыцыі. У сьнежні 1975 году ён стаў адным з 66 прадстаўнікоў польскай інтэлігенцыі, якія падпісалі «Ліст 59» ў знак пратэсту супраць зьмяненьняў у Канстытуцыю краіны.

У дакумэнце меркавалася зафіксаваць курс Польскай абʼяднанай працоўнай партыі і зафіксаваць «саюз» з СССР, а ўрад абавязваўся выконваць правы грамадзян толькі ў выпадку, калі грамадзяне выконваюць свае абавязкі. Пасьля выступу інтэлігенцыі гэтыя папраўкі былі адмененыя.

Пасьля адкрытага ліста паэту забаронена было друкавацца. Ён працаваў выкладчыкам, друкаваўся пад псэўданімамі, выяжджаў у Заходнюю Нямеччыну і ЗША. У 1982 годзе, пасьля ўвядзеньня ваеннага становішча, зьехаў у Францыю. Быў адным з заснавальнікаў часопіса Zeszyty Literackie, створанага на ініцыятыву Ёсіфа Бродзкага, Томаша Вэнцлавы і Чэслава Мілаша.

Выкладаў у Чыкаскім унівэрсытэце, атрымаў некалькі прэстыжных літаратурных прэмій. У ЗША стаў вядомы вершам пра тэракт 11 верасня. У Польшчу вярнуўся толькі ў 2002 годзе. Доўгія гады лічыўся асноўным прэтэндэнтам ад польскай літаратуры на Нобэлеўскую прэмію.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG