Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Нобэлеўская ляўрэатка Вольга Такарчук: «Я бясконца захапляюся дзясяткамі тысяч беларускіх жанчын, якія пратэстуюць»


Вольга Такарчук.

Нобэлеўская ляўрэатка ў літаратуры польская пісьменьніца Вольга Такарчук заявіла, што актыўна сочыць за пратэстамі ў Беларусі супраць рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.

Пра гэта яна сказала ў інтэрвію расейскамоўнаму сайту «Медуза».

«Я бясконца захапляюся дзясяткамі тысяч пратэстуючых жанчын, якія бяруць на сябе сьмеласьць абараняць мужчын ад нападаў АМАПу.

Я думаю пра беларускіх жанчын-палітыкаў, імёны якіх сталі сымбалем барацьбы за дэмакратыю і пра якіх гавораць ва ўсім сьвеце.

Аб выкрадзенай Марыі Калесьнікавай, якая парвала свой пашпарт на мяжы, каб пазьбегнуць дэпартацыі ва Ўкраіну.

Аб вымушаных эмігрантках Сьвятлане Ціханоўскай і Вераніцы Цапкале. Аб прывезенай сілай на мяжу з Польшчай Вользе Кавальковай.

Але больш за ўсё, мабыць, я думаю аб Сьвятлане Алексіевіч, выбітнай пісьменьніцы, нобэлеўскую ляўрэатцы, апошняму, наколькі я ведаю, сябру апазыцыйнай Каардынацыйнай рады, якая засталася на волі».

У 2019 годзе Нобэлеўскую прэмію ў літаратуры атрымала польская пісьменьніца Вольга Такарчук — за «пісьменьніцкае ўяўленьне, якое з энцыкляпэдычным запалам паказвае парушэньне межаў як лад жыцьця».

У лістападзе 2020 году Вольга Такарчук была сярод 50 польскіх пісьменьнікаў, якія падпісаліся пад адкрытым лістом да беларускіх літаратараў, у якім асуджаюць беларускія «самазваныя ўлады, якія топчуць Канстытуцыю і асноўныя правы чалавека і грамадзяніна».

Адказваючы на адкрыты ліст беларускай пісьменьніцкай супольнасьці, польскія пісьменьнікі напісалі, сярод іншага:

«У цяжкі і для Польшчы час мы са сьціснутым сэрцам чытаем ваш адкрыты ліст і навіны, якія надыходзяць зь Беларусі, пра штораз шырэйшыя бяспраўе і гвалт. (...) У час выпрабаваньня будзьце ўпэўненыя ў нашай салідарнасьці. Правы чалавека аднолькавыя для ўсіх — у іх абароне мы заўсёды змагаемся за нашу і вашу свабоду».

Пад лістом падпісалася пляяда найбольш вядомых польскіх пісьменьнікаў, сярод якіх Вольга Такарчук, Юзэф Гэн, Уршуля Козел, Рышард Крыніцкі, Эва Ліпска, Пётар Сомэр, Малгажата Шэйнэрт, Адам Паморскі, Адам Загаеўскі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG