Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Вольная Беларусь — гэта жанчына». Польская набэлістка пра беларускіх жанчын у палітыцы


Вольга Такарчук сярод нобэлеўскіх ляўрэатаў, Стакгольм, 10 сьнежня 2019

Вольга Такарчук, ляўрэатка Нобэлеўскай літаратурнай прэміі 2018 году, выказала салідарнасьць зь беларускімі жанчынамі, якія змагаюцца за свабоду сваёй краіны.

«Сёньня вольная Беларусь — гэта жанчына», — напісала Такарчук у тэксьце, апублікаваным 9 верасьня на сайце Gazety Wyborczej.

«Я захапляюся дзясяткамі тысяч жанчын, якія абараняюць мужчын ад нападаў АМАПу, — адзначыла польская набэлістка. — Я думаю пра беларускіх жанчын-палітыкаў, імёны якіх сёньня ведае ўвесь сьвет і якія сталі сымбалем барацьбы за дэмакратыю. Пра выкрадзеную Марыю Калесьнікаву, якая парвала пашпарт, каб яе не прымусілі перасякаць мяжу з Украінай. Пра Сьвятлану Цiханоўскую і Вераніку Цапкала, якія былі вымушаныя эміграваць. Пра Вольгу Кавалькову, якую гвалтам адвезьлі на мяжу з Польшчай».

Асобна Вольга Такарчук згадала Сьвятлану Алексіевіч:

«Але больш за ўсё я думаю пра Сьвятлану Алексіевіч, выдатную пісьменьніцу, ляўрэатку Нобэлеўскай прэміі, апошняга сябра апазыцыйнай Каардынацыйнай рады, якая засталася на свабодзе. Святлана, я хацела, каб вы ведалі, што калі б гэта было магчыма, я стаяла б разам зь незалежнымі журналістамі перад вашым домам і абараняла вас. Са сьціснутымі ў кулакі рукамі».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG