Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Гэта тая Маша, якую я ведаю ўсё жыцьцё». Размова зь сястрой Марыі Калесьнікавай


Марыя Калесьнікава

У якой сям’і вырасла Марыя Калесьнікава, чым захапляецца, акрамя музыкі, і якім чынам трапіла ў палітыку. Расказвае яе сястра Тацьцяна Хоміч.

7 верасьня побач з Нацыянальным мастацкім музэем Беларусі група невядомых мужчын выкрала Марыю Калесьнікаву і зьвезла ў невядомым кірунку. У ноч на 8 верасьня стала вядома, што Марыя адмовілася зьяжджаць зь Беларусі, разарваўшы свой пашпарт на беларуска-ўкраінскай мяжы. Празь дзень пасьля гэтага бацьку Марыі пазваніў сьледчы і паведаміў, што яна знаходзіцца ў СІЗА № 1 на вуліцы Валадарскага ў Менску.

Пакуль абвінавачаньня Калесьнікавай не прад’явілі (яе падазраюць у закліках да захопу ўлады), а пра яе ўчынак пішуць найбуйнейшыя сусьветныя СМІ. Свабода пагутарыла зь сястрой Марыі Тацьцянай Хоміч пра тое, якой галоўную апазыцыянэрку краіны ведаюць родныя і як увогуле чалавек, чыё жыцьцё заўсёды было зьвязана з мастацтвам, трапіў у палітыку.

«Маша такой была заўсёды»

«Ці зьмянілася Марыя за апошнія месяцы? Яна зь дзяцінства вельмі ўпэўнены ў сабе чалавек, — гаворыць Тацьцяна Хоміч. — Але я думаю, што апошнія месяцы толькі ўзмацнілі яе ўпэўненасьць у сабе. Веру ў сябе і веру ў беларусаў найперш. Нейкіх карэнных зьменаў у ёй я не заўважыла, я б не сказала, што Марыя моцна зьмянілася. Маша такой была заўсёды. Гэта тая Маша, якую я ведаю ўсё жыцьцё».

Тацьцяна і Марыя разам. Фота Тацьцяны Хоміч
Тацьцяна і Марыя разам. Фота Тацьцяны Хоміч

Па словах Тацьцяны, сувязі зь сястрой яна не губляла, нават нягледзячы на празьмерную занятасьць Марыі ў выбарчай кампаніі. Яны кантактавалі амаль кожны дзень да самага затрыманьня Марыі. Гэтак павялося яшчэ зь дзяцінства.

«Нашыя бацькі — інжынэры, — расказвае Тацьцяна пра родных. — Але ў сям’і вельмі заўсёды любілі музыку. Прычым мама вельмі любіла клясычную музыку, і яна прышчапіла гэтую любоў нам зь сястрой. А тата — ён стары рокер. Таму ў нас такая музычная сям’я, я так магу сказаць. Мы разам з Машай атрымлівалі музычную адукацыю. Яна выбрала гэтую прафэсію для сябе. Мы нарадзіліся ў Чыжоўцы, а расьлі ва Ўруччы. Маша вельмі любіць гарадзкія шпацыры, можа хадзіць па 10 км на дзень. Мы зь ёй часта гулялі па праспэкце і ў Асмалоўцы. Адна з улюбёных прагулак Машы — уздоўж Сьвіслачы, бо там прыгожы захад. Мы таксама маем традыцыю сямейную з бацькамі — заходзіць у кавярню „Гурман“, што насупраць другога корпуса акадэміі музыкі».

Па словах Тацьцяны, з Марыяй яны найперш сяброўкі. У дзяцінстве, вядома, часам сварыліся. Але цяпер моцна сябруюць.

Марыя Калесьнікава на акцыі пратэсту ў Менску
Марыя Калесьнікава на акцыі пратэсту ў Менску

«Сястра сазвоньвалася з мамай кожны дзень цягам дзесяці гадоў»

«Нашыя бацькі — свабодныя і незалежныя людзі, — гаворыць Тацьцяна Хоміч. — Яны заўсёды разумелі, што адбываецца ў Беларусі ў гэтыя апошнія дзесяцігодзьдзі. Думаю, я магу сказаць, што ў нас вельмі добрая сям’я, бацькі вельмі добрыя. Яны нас заўсёды вельмі любілі. Мамы ня стала летась. Мама была сяброўкай і мне, і Машы. Нават жывучы ў Нямеччыне, Маша цягам дзесяці гадоў сазвоньвалася з мамай кожны дзень. Калі мне ў дзяцінстве рабілі ўколы, то Маша плакала разам са мной з пачуцьця салідарнасьці. Яна вялікі эмпат. Акрамя блізкіх родных, у нас вельмі добрыя стасункі з больш далёкімі — бабулямі, дзядамі, стрыечнымі роднымі. Мы ўсе вельмі часта бачымся. Нас усе падтрымліваюць цяпер».

Тацьцяна гаворыць, што яе сястра Марыя найбольш цікавіцца і займаецца праектамі, зьвязанымі з мастацтвам. Калі музыкай займаецца прафэсійна і вучылася гэтаму, то іншымі відамі мастацтва захаплялася як хобі.

«Маша, акрамя музыкі, вельмі любіць чытаць і чытае вельмі шмат з самага раньняга дзяцінства, — успамінае сястра Марыі Калесьнікавай. — Ужо ў дзесяць гадоў яна чытала кнігі паліцамі. І з часам гэтае захапленьне не зьнікла. Чытае пра мастацтва, палітыку, мастацкую літаратуру. Марыя вельмі цікавіцца архітэктурай, выяўленчым мастацтвам. Адмыслова езьдзіць па гарадах у Італіі, Нямеччыне, Польшчы, у Літве, каб наведаць выставы і міжнародныя фэстывалі. Асабліва любіць сучаснае мастацтва. Гэта ўсё вылілася ў тое, што Маша стала дырэктаркай культурніцкай прасторы „ОК16“ у Менску. У апошнія некалькі гадоў яна арганізоўвала імпрэзы на стыку некалькіх відаў мастацтва — музыкі, тэатру, пэрформансу; штосьці літаратурнае».

Марыя Калесьнікава на пратэставай акцыі ля Дому ўраду
Марыя Калесьнікава на пратэставай акцыі ля Дому ўраду

«Нічога дзіўнага ў тым, што Маша трапіла ў палітыку»

Адкуль тады ўзялася палітыка? Па словах Тацьцяны, яна гэтаму не зьдзівілася.

«Думаю, што, папраўдзе, гэта блізкія рэчы, — кажа сястра Марыі. — Гэта гавораць, што сфэры палітыкі і мастацтва далёка адна ад адной знаходзяцца. Я думаю, што ўсё зусім ня так. І Марыя таксама гэта паўтарала. Свабоднага мастацтва ня можа быць у краіне, дзе няма свабоды слова, дзе ёсьць цэнзура. Чалавек ня можа разьвівацца, ствараць штосьці, рэалізоўваць сябе, калі на яго ціснуць, калі ён ня можа сябе праявіць. Таму няма нічога дзіўнага ў тым, што Маша трапіла ў палітыку. Чалавек мастацтва ня можа быць па-за палітыкай. У нашай краіне ўлады аказваюць уплыў, ціск на свабоду слова, самавыяўленьне людзей. У тым ліку на людзей мастацтва».

Пасьля арышту Віктара Бабарыкі і ягонага сына Эдуарда, які ўзначальваў выбарчы штаб бацькі, менавіта Марыя Калесьнікава разам з адвакатам Максімам Знакам фактычна стала тварам штабу Бабарыкі. Па словах сястры Тацьцяны, гэта таксама ня стала сюрпрызам для ўсіх, хто добра ведае Марыю.

«Я не зьдзівілася гэтаму, — кажа Тацьцяна Хоміч. — Думаю, Марыя разумела, што гэта можа здарыцца. І Віктар Дзьмітрыевіч таксама. Ён зьбіраў каманду вельмі моцных людзей, якія падзяляюць аднолькавыя каштоўнасьці. Таму я не зьдзівілася, калі гэта адбылося».

Марыя Калесьнікава і Павал Латушка на прэс-канфэрэнцыі Каардынацыйнай рады
Марыя Калесьнікава і Павал Латушка на прэс-канфэрэнцыі Каардынацыйнай рады

«Яна дакладна не зьбіралася зьяжджаць»

Увечары 8 верасьня на прэсавай канфэрэнцыі ў Кіеве паплечнікі Марыі Калесьнікавай Антон Раднянкоў і Іван Краўцоў падрабязна расказалі, якім чынам Марыя Калесьнікава вярнулася ў Беларусь, ужо фактычна знаходзячыся на нэўтральнай паласе паміж Беларусьсю і Ўкраінай. Гісторыя пра парваны на шматкі і пакамечаны пашпарт Калесьнікавай сапраўды разышлася па ўсім сьвеце. Тацьцяна Хоміч прызнаецца, што акурат яна гэтаму зусім не зьдзівілася.

«У гэтым выпадку я таксама не зьдзівілася, папраўдзе, — кажа Тацьцяна. — Я ведаю, што Маша ні пры якіх умовах не пакінула бы з уласнага жаданьня Беларусь. Яна дакладна не зьбіралася зьяжджаць. І, ведаючы Машу, я разумею, што яна б зрабіла ўсё магчымае, каб гэтага не адбылося. Мы ведаем, што сястру гвалтоўна прывезьлі на мяжу. І яна паказала, што сапраўды не зьбіраецца зьяжджаць зь Беларусі ні пры якіх умовах. Што яна нам і пацьвердзіла».

Па словах Тацьцяны, магчымы ад’езд Марыя абмяркоўвала з роднымі і сябрамі. Яна заўсёды настойвала, што ня будзе гэтага рабіць.

«Маша часта гаварыла, што ня зьедзе, — прыгадвае яна. — І ня зьедзе таму, што тут, у Беларусі, застаюцца яе сябры. Затрыманыя Віктар Бабарыка, яго сын Эдуард. Маша гаварыла, што ня можа пакінуць іх тут і зьехаць зь Беларусі. Яна заўсёды гаварыла нам, што зробіць усё магчымае, каб вызваліць іх. Яна проста не магла зьехаць, гэта галоўная прычына».

Калесьнікава ля ЦВК падчас падачы скаргі на нерэгістрацыю Бабарыкі ў якасьці кандыдата ў прэзыдэнты
Калесьнікава ля ЦВК падчас падачы скаргі на нерэгістрацыю Бабарыкі ў якасьці кандыдата ў прэзыдэнты

Што Марыя Калесьнікава думае пра сваю вялікую папулярнасьць? Сястра Тацьцяна прызнаецца, што ня можа гэтага пракамэнтаваць, яны ніколі не гаварылі пра гэта.

«Так, я заўважала, якую рэакцыю Маша выклікала ў людзей на вуліцах, падчас акцый пратэсту, — гаворыць Тацьцяна. — Бачыла гэта, калі была побач зь ёй. Але напэўна мне цяжка сказаць, што яна сама адчувала ў гэтыя моманты. Маша вельмі любіць беларусаў, яна вельмі радая таму, што грамадзтва прачнулася. Што беларусы зразумелі, што яны разам. Што яны могуць мяняць свой лёс, што яны самі павінны змагацца за сваю будучыню. Машу гэта заўсёды радуе, дапамагае рухацца далей».

Праз два дні пасьля зьнікненьня стала вядома, што Марыя Калесьнікава мае статус падазраванай у крымінальнай справе аб захопе ўлады. Калі ёй прад’явяць абвінавачаньні, Марыі можа пагражаць да 5 гадоў пазбаўленьня волі. Сястра Тацьцяна прызнае, што, быўшы за мяжой, Марыя таксама магла б дзейнічаць. Як гэта робяць цяпер Сьвятлана Ціханоўская ці Вераніка Цапкала. Аднак выбар сястры таксама разумее.

«Я разумею, што яна не магла зрабіць іначай, — кажа Тацьцяна. — Я не магу больш нічога сказаць. Разумею, чаму яна так зрабіла. Маша — моцны арэшак. Ёй казалі, што можна зьехаць у мэтах бясьпекі. Але Маша здрадзіла б сваім сябрам. Яна б здрадзіла гэтым у першую чаргу самой сабе».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG