Празь месяц пасьля перавароту ў Мʼянме колькасьць ахвяр ужо перавысіла 120 чалавек, а хунта ўсё мацней запужвае і перасьледуе журналістаў, перадае «Настоящее время».
Калі хунта прыйшла да ўлады, у Мʼянме прапаў інтэрнэт. Экран дзяржаўнай тэлевізіі пагас, але ненадоўга — толькі для таго, каб неўзабаве паказаць патрэбную карцінку.
За паўтара месяца пратэстаў затрымалі больш за дзьве тысячы чалавек, у тым ліку дзясяткі журналістаў.
Мясцовыя журналісты апавядаюць, што хунта сьвядома перасьледуе супрацоўнікаў СМІ.
«Апошнім часам вайскоўцы ладзілі ператрусы ў некалькіх незалежных рэдакцыях, у пяці мэдыя адклікалі ліцэнзіі. Я думаю, такім чынам яны спрабуюць схаваць ад сьвету свае злачынствы супраць пратэстоўцаў і ўсяго насельніцтва Мʼянмы», — расказала сузаснавальніца выданьня Myanmar NOW Тын Лей Він.
Журналісты паведамляюць пра сачэньне і зьбіцьцё, кажуць, што баяцца за свае семʼі. І ўсё ж рэпартэры выходзяць на вуліцы, каб асьвятляць пратэсты — толькі бяз бэйджаў і камізэлек «прэса», так лягчэй зьмяшацца з натоўпам, які здымае падзеі на тэлефоны.
Вайсковы пераварот у Мʼянме адбыўся 1 лютага. Пасьля пачаліся масавыя пратэставыя выступы, у тым ліку з патрабаваньнем вызваліць арыштаваных урадавых чыноўнікаў. Сярод узятых пад варту — Аўн Сан Су Чы, лідэр «Нацыянальнай лігі за дэмакратыю», якая перамагла на парлямэнцкіх выбарах у лістападзе. Вайскоўцы абвінавачваюць яе партыю ў маштабных фальсыфікацыях. Яны распусьцілі ранейшы склад выбарчай камісіі і маюць намер правесьці праз год новыя выбары.
Некалькі заходніх краін, у тым ліку ЗША, увялі санкцыі супраць вайскоўцаў Мʼянмы альбо пагражалі зрабіць гэта.