Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Бульба — плюс 26%, рыба — плюс 16%. Цэны растуць, нягледзячы на забарону іх павышаць


Параўноўваем цэны на папулярныя прадукты ў Менску за люты і за сакавік.

24 лютага Саўмін прыняў пастанову, якая забараняе павышаць цэны на прадукты ў лютым, а з наступнага месяца дазваляе іх павышаць толькі на 0,2% за месяц. У сьпіс тавараў, цэны на якія забаранілі павышаць, увайшлі амаль усе прадукты штодзённага ўжываньня: малако, хлеб, цукар, соль, ялавічына і сьвініна, рыба, кансэрвы, яйкі, малочныя вырабы, яблыкі, амаль усе крупы, кава, гарбата, а таксама мыла.

Белстат кожны месяц публікуе сярэднія цэны на прадукты. Бяром сярэднія цэны на папулярныя прадукты ў лютым і глядзім, колькі гэтыя прадукты каштуюць у крамах у сакавіку.

Мяса

Паводле Белстату, у лютым кіляграм сьвініны бяз косткі каштаваў у сярэднім 9 рублёў 58 капеек. У сэрвісе «Е-дастаўка» 19 сакавіка лапатачная частка сьвініны каштуе 10 рублёў 69 капеек, шыйная частка — 13 рублёў 99 капеек.

Рыба

Сьвежая рыба ў лютым, паводле афіцыйнай статыстыкі, у сярэднім каштавала 7 рублёў 43 капейкі за кіляграм. Цяпер у дастаўцы кіляграм карпа каштуе 8 рублёў 89 капеек. Даражэй на 16%, чым сярэдняя цана ў мінулым месяцы.

Гародніна

Сярэдні кошт кіляграма гуркоў у лютым — 5 рублёў. У сэрвісах дастаўкі знаходзім таньнейшыя гуркі: за 4 рублі 35 капеек.

Памідоры, паводле Белстату, у лютым каштавалі 5,22 рубля, на сэрвісах дастаўкі знаходзім таматы па 5,59 і 8,19 рубля.

Кіляграм бульбы, паводле дзяржаўнай статыстыкі, каштаваў у Менску ў лютым 1 рубель 17 капеек, цяпер знаходзім бульбу па цане ад 1 рубля 19 капеек да амаль 2 рублёў. Значыць, сярэдняя цана яе цяпер — 1,6 рубля, вырасла на 26,8%. Паводле афіцыйнай статыстыкі, за студзень і люты бульба падаражэла на 21,3%.

Бакалея

Кіляграм цукру ў лютым каштаваў 1 рубель 72 капейкі. І гэтая цана супадае з тым, што цяпер можна пабачыць у крамах. Сярэдняя цана на муку ў крамах таксама супадае зь сярэднялютаўскім значэньнем паводле Белстату.

Малако, яйкі

Малако ў лютым каштавала 1 рубель 57 капеек, цяпер самы танны варыянт знаходзім за 1 рубель 99 капеек, самы дарагі — за 2 рублі 85 капеек (і гэта 900 мл, а ня літар). З самым нізкім і самым высокім значэньнем маем сярэднюю цану 2 рублі 42 капейкі. Рост — плюс траціна ад сярэднялютаўскай цаны.

2 рублі 63 капейкі — столькі ў сярэднім каштаваў дзясятак яек у лютым, паводле афіцыйнай статыстыкі. Самыя танныя яйкі цяпер знаходзім па 2,61 рубля, самыя дарагія — па 2 рублі 90 капеек. Сярэдняя цана цяпер — 2,77 рубля, або вышэй на 5%.

Інфляцыя

Паводле Нацбанку, інфляцыя ў Беларусі «разганяецца» са жніўня мінулага году. За люты гадавы прырост спажывецкіх цэнаў склаў 8,7%, месячны — 1,9%.

Найбольш вырасьлі цэны на садавіну і гародніну — плюс 15,9% за год.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG