Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Страхаваньне асабістага транспарту за год падаражэла на 31%, за люты 2021 найбольшы рост цэнаў у агуркоў і бананаў


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Дзяржаўныя органы тлумачаць рост цэнаў у лютым падаражэньнем імпартных тавараў і адменай падатковых ільготаў.

Сярод прадуктаў цэны больш за ўсё вырасьлі на сьвежыя агуркі (+ 21,6%) і бананы (+ 20,9%), паведамляе finance.tut.by. Прыкметна вырасьлі цэны на многія крупы: пярлоўка падаражэла на 5,2%, проса і грэчка — на 3,5%.

У лютым істотна падаражэлі таксама шматлікія слодычы, у тым ліку мармэляд (+ 4,7%). Цэны на малако вырасьлі на 1,8%, на тлусты тварог — на 1,3%, ёгурт — на 1,7%.

Сярод мясных прадуктаў прыкметней за ўсё вырасьлі цэны на мясны фарш — на 2,5%, курыцу — на 2,3%, паўфабрыкаты зь мяса птушкі — на 2%. Пры гэтым сьвініна (апрача бескасьцёвай) патаньнела на 0,2%.

Лекі сталі даражэйшымі за люты на 5,4%. Антыінфэкцыйныя сродкі і сродкі для лячэньня дыхальнай сыстэмы падаражэлі на 6,5%, сардэчна-сасудзістыя сродкі — на 5,7%. Бінт падаражэў на 6,1%, шпрыц — на 5,9%. Мэдычныя паслугі вырасьлі ў цане на 2,5%.

Як дзяржава тлумачыць рост цэнаў

Міністэрства антыманапольнага рэгуляваньня і гандлю патлумачыла, што рост цэнаў абумоўлены «захаваньнем неспрыяльнага ўплыву падаражэньня імпартуемых тавараў, а таксама адмены падатковых ільготаў».

«У лютым з імпартуемых тавараў найбольшы рост у гадавым вымярэньні захаваўся на рыбу і рыбапрадукты, алей і тлушчы, крупы, а таксама садавіну. Таксама працягнуўся рост цэнаў на мэдыкамэнты і мэдычныя паслугі».

Прырост пастаянна рэгуляваных цэнаў і тарыфаў у гадавым вымярэньні ў лютым склаў 8,5%. У лютым, акрамя падвышэньня цэнаў на лекі і тарыфаў на адпаведныя паслугі падаражэлі й паслугі дашкольных установаў на 10,2%, а таксама цэнаў на аўтамабільнае паліва на 1,1%. Плянава павысіліся тарыфы на жыльлёва-камунальныя паслугі на 8,6%.

У Нацбанку ўдакладнілі, што базавая інфляцыя, якая адлюстроўвае дынаміку свабодных цэнаў без уліку пазыцый, цэны на якія падвяргаюцца ўплыву адміністрацыйнага і сэзоннага фактараў, у лютым у гадавым вымярэньні да аналягічнага пэрыяду 2020 году склала 8,3%. Месяцам раней яна была на ўзроўні 7,5%.

Такім чынам, лекі ў лютым 2021 году ў параўнаньні зь лютым 2020 падаражэлі на 20,9%, страхаваньне асабістага транспарту — на 31%, цыгарэты — на 11,4%, паслугі тэхагляду аўтамабіля — на 10,4%.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG