Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сачэньне, кантроль крыптавалюты, сацыяльны рэйтынг? Чаго чакае ад Лукашэнкі беларускі IT-бізнэсовец


Парк высокіх тэхналёгій у Менску
Парк высокіх тэхналёгій у Менску

У Беларусі плянуецца новае рэгуляваньне IT-сфэры: Аляксандр Лукашэнка заявіў пра неабходнасьць пераймаць «досьвед Кітаю» у пабудове лічбавага грамадзтва.

Плянуецца сфармаваць адзіны дзяржаўны орган па рэгуляваньні лічбавай сфэры. Лукашэнка патлумачыў, што ў некаторых краінах «інструмэнты IT-карпарацый актыўна і адкрыта выкарыстоўваюцца ў палітычных працэсах» і таму працэсы нельга выпускаць з-пад кантролю.

У апошнія некалькі гадоў у Беларусі ішло бурнае разьвіцьцё IT-тэхналёгій: улада ўзмоцнена займалася разьвіцьцём галіны, быў створаны «Парк высокіх тэхналёгій» (ПВТ) са спэцыяльным прававым і падатковым рэжымам для кампаній.

Аднак выбары прэзыдэнта Беларусі ў 2020 годзе, пратэсты і рэакцыя ўладаў на іх — пачынаючы ад адключэньня інтэрнэту і заканчваючы масавымі затрыманьнямі і прысудамі ўдзельнікам пратэстаў, сярод якіх былі і IT-спэцыялісты, — вымусілі многія кампаніі перавесьці сваіх супрацоўнікаў у іншыя краіны.

Павал Багданаў, тэхнічны дырэктар Aventus IT, стаў адным з тых, хто разам са сваімі супрацоўнікамі пераехаў у Кіеў. Ён распавёў журналісту «Настоящего времени» Ўладзіміру Міхайлаву, чаго варта чакаць ад новых задумак уладаў Беларусі і як гэта адаб’ецца на разьвіцьці IT-індустрыі ў краіне.

— Чаму вы выехалі з Беларусі?

— З многіх прычынаў. Трэба разумець, што беларускія айцішнікі жылі ў так званай унутранай эміграцыі. Падзеі пасьля выбараў дастаткова моцна адбіліся на самых рухомых, самых моцных спэцыялістах, якія проста выбіраюць месца, дзе ім лепш жыць. Таму спэцыялісты менавіта ў маёй кампаніі выбралі рэлякацію ва Ўкраіну, таму што тут ужо быў невялікі офіс. Адпаведна, было прасьцей пераехаць.

— Яшчэ ўвосень прэзыдэнт Украіны абяцаў беларускім айцішнікам, якія прыедуць ва Ўкраіну, дапамогу. Вы змаглі атрымаць абяцаную дапамогу ад украінскага ўраду?

— Тут мноства фактараў. Атрыманьне віду на жыхарства — гэта дастаткова проста зроблена ва Ўкраіне, але вялікая колькасьць пытаньняў па далейшай рэгістрацыі пакідаюць жадаць лепшага. Насамрэч я чакаю, што да лета ва Ўкраіне запрацуе новы дэкрэт аб парку высокіх тэхналёгій, які называецца Diia, які ўсе гэтыя пытаньні спросьціць.

— Вы ў адным з інтэрвію казалі пра тое, што беларускае заканадаўства больш зручнае, чым украінскае, для IT-сфэры. Можаце растлумачыць?

— Так, сапраўды. Я кажу са свайго вопыту пераезду і рэлякацыі супрацоўнікаў, я, як быў дырэктарам у менскім офісе, зарэлякаваў дастатковую колькасьць супрацоўнікаў, і гэты працэс быў пабудаваны па прынцыпе аднаго акна: трэба было падаць у адну міграцыйную ўстанову адзін дакумэнт, і ўсё было гатова.

Калі мы гаворым пра Ўкраіну, тут мноства розных устаноў, трэба атрымліваць ВНЖ ў адным, трэба рабіць рэгістрацыю ў іншым, трэба атрымліваць нешта ў трэцім і гэтак далей. Гэта трэба ўсюды самому хадзіць, гэта досыць ускладняе працэс пераезду, калі тое ж самае параўноўваць з Беларусьсю. Але я думаю, што ва Ўкраіне ў гэтым пляне ёсьць добрыя зрухі і гэты працэс таксама будзе наладжаны.

— Учора Аляксандр Лукашэнка паклапаціўся пра IT-сфэру, прыцягненьне інвэстыцый у гэту галіну. Як вы лічыце, ёсьць будучыня ў IT-сфэры ў Беларусі пасьля заявы Лукашэнкі?

— На ўчорашняй нарадзе ў асноўным гаворка ішла аб рэгуляваньні ПВТ, гэта зьвязана з асаблівасьцю дзеяньня саміх IT-кампаній. Трэба разумець, што ўсе IT-кампаніі, якія ПВТ, яны ў асноўным экспартна арыентаваныя — яны робяць софт для рынку ЭЗ, для рынку ЗША. Пры гэтым многія IT-кампаніі ў Беларусі проста адмаўляюцца супрацоўнічаць з дзяржаўнымі органамі на розныя замовы праграмнага забесьпячэньня ўнутры краіны. Я думаю, што Лукашэнка так і сказаў, што ён хоча скарыстацца момантам і разьвіць унутраныя рэсурсы. Якраз гэтае рэгуляваньне, я думаю, прывядзе да таго, што кампаніі, якія знаходзяцца ў ПВТ, абавяжуць нейкім чынам распрацоўваць софт для дзяржаўных органаў і дзяржаўных прадпрыемстваў.

Акрамя таго, Лукашэнка заявіў аб тым, што ён хоча ўзяць лепшыя практыкі з Кітая, а тут ужо велізарны палёт для фантазіі — што гэта будзе. Гэта можа быць сацыяльны рэйтынг, гэта можа быць сачэньне, гэта можа быць дадатковае рэгуляваньне крыптабіржы, пра што ён казаў, а можа быць увогуле стварэньне якога-небудзь ўнутранага мэсэнджэра або сувэрэннага інтэрнэту, пра што часам мільгае ў беларускай прэсе.

— Гэта значыць небясьпека працаваць IT-спэцыялістам у Беларусі застаецца?

— Гледзячы якая небясьпека. Калі вы выходзіце на вуліцу са сьцягамі, натуральна, незалежна ад таго, айцішнік вы ці не, гэта для вас небясьпечна. Калі вы проста сядзіце і працуеце, то вас, напэўна, ніхто чапаць не будзе.

— Але ці будуць прыцягваць да супрацоўніцтва з дзяржаўнымі органамі?

— Так. Я мяркую, што гэта будзе менавіта так. Цяпер такога няма, але, я думаю, гэта рэгуляваньне якраз накіравана на гэта.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG