Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кіраўніцу «Польскай школы» ў Берасьці пакінулі пад вартай пасьля 72 гадзін затрыманьня


Польская школа, ілюстрацыйнае фота
Польская школа, ілюстрацыйнае фота

Дырэктарка берасьцейскай «Польскай школы» Ганна Панішава ня выйшла на волю зь ізалятару пасьля 72 гадзін з моманту затрыманьня. Паводле праваабаронцаў, яе перавялі ў СІЗА № 7.

Ганна Панішава вярталася аўтобусам з Польшчы ў Беларусь 12 сакавіка, аднак на беларускай тэрыторыі сувязь зь ёй зьнікла.

Напярэдадні ў Берасьці затрымалі сузаснавальніка арганізацыі: 43-гадовы берасьцеец праходзіць падазраваным у крымінальнай справе «аб гераізацыі ваенных злачынцаў».

Падставай стала «незаконнае масавае мерапрыемства» у памяць аб «праклятых жаўнерах» 28 лютага ў памяшканьні, якое арандуюць Берасьцейскі форум польскіх лякальных ініцыятываў і «Польская школа».

Крымінальную справу распачалі 10 сакавіка па факце ўчыненьня групай асобаў наўмысных дзеяньняў паводле нацыянальнай, рэлігійнай, моўнай прыналежнасьці і рэабілітацыі нацызму (ч. 3 арт. 130 КК). Санкцыя крымінальнага артыкулу прадугледжвае ад 5 да 12 гадоў пазбаўленьня волі.

Афіцыйны Менск заявіў, што ўдзельнікі ўшаноўвалі памяць вайсковага злачынцы Рамуальда Райса «Бурага», чые байцы спалілі на Беласточчыне пяць беларускіх вёсак і забілі дзясяткі жыхароў.

За ўдзел у імпрэзе зь Беларусі выслалі польскага консула Ежы Цімафеюка. Варшава адказала адпаведнымі контразахадамі, пасьля чаго беларускі МЗС выдварыў яшчэ двух супрацоўнікаў кансуляту ў Горадні. Польшча зрабіла тое ж самае.

Часовы павераны ў справах Польшчы ў Беларусі Марцін Вайцяхоўскі расказаў, што імпрэза ў «Польскай школе» ня мела ніякага дачыненьня да постаці Рамуальда Райса, а ўсё тое, што адбылося, падобна на непаразуменьне:

«Можа быць, не хапае інфармацыі, можа быць, ня ўсе ў Беларусі ведаюць кантэкст дня памяці 1 сакавіка ці нехта не зусім правільна прадставіў інфармацыю аб гэтай сустрэчы. Я спадзяюся, што зь цягам часу ўсё высьветліцца і сытуацыя не будзе нагодай для працягу канфлікту. Спадзяёмся, што людзі, зьвязаныя са школай, будуць вызваленыя. Але гэта будзе рашэньнем беларускіх уладаў».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG