Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кіраўнік польскай амбасады ў Менску пракамэнтаваў скандал пасьля імпрэзы ў Берасьці, які скончыўся высылкай дыпляматаў


Часовы павераны ў справах Польшчы ў Беларусі Марцін Вайцяхоўскі (справа). Архіўнае фота.
Часовы павераны ў справах Польшчы ў Беларусі Марцін Вайцяхоўскі (справа). Архіўнае фота.

Пракуратура Беларусі завяла крымінальную справу па факце «гераізацыі ваенных злачынцаў» на імпрэзе «Польскай школы» ў Берасьці.

Двух прадстаўнікоў школы затрымалі, за гэтым рушыў усьлед дыпляматычны скандал.

Часовы павераны ў справах Польшчы ў Беларусі Марцін Вайцяхоўскі распавёў Tut.by, што імпрэза ў «Польскай школе» не мела ніякага дачыненьня да постаці Рамуальда Райса, а ўсё тое, што адбылося падобна на непаразуменьне.

Марцін Вайцяхоўскі распавёў, што імпрэза, якая прайшла ў Берасьці 28 лютага, была арганізаваная Форумам польскіх лякальных ініцыятыў.

«Паводле зьвестак, якія мы маем, яе мэтай было ўвекавечаньне памяці тых людзей, якія пасьля Другой сусьветнай вайны ў Берасьці клапаціліся пра польскія месцы памяці, польскія могілкі, аб захаваньні польскай гісторыі — за гэта яны былі рэпрэсаваныя, у тым ліку высланыя ў Сібір, у Варкуту. Толькі пасьля сьмерці Сталіна, на хвалі адлігі, яны змаглі вярнуцца ў Польшчу. З вядомых мне людзей магу назваць спадара Рышарда Снарскага, які жыў у Берасьці, — адзначыў Марцін Вайцяхоўскі.

Паводле ягонай інфармацыі, імпрэза ў «Польскай школе» «не мела ніякага дачыненьня» да імя Рамуальда Райса (Бурага).

«Гэтая імпрэза ніякага дачыненьня да Бурага і да падзеяў у Гайнаўцы ня мела, у адрозьненьне ад таго, што сьцьвярджаюць дзяржаўныя беларускія СМІ і некаторыя экспэрты».

Беларуская пракуратура заявіла, што маладыя людзі на імпрэзе «выконвалі песьні, чыталі вершы ў славу ваенных злачынцаў, у тым ліку Рамуальда Райса, вядомага пад мянушкай Буры».

«Можа быць, вершы і чыталі, але 100% не ў славу Райса, яго імя на той сустрэчы нават не згадвалася. Мы гэта старанна правяралі, калі б было па-іншаму, наш консул проста не ўдзельнічаў бы ў такой сустрэчы, — выказаўся Марцін Вайцяхоўскі. — Імпрэза праходзіць у Берасьці ўжо некалькі гадоў, і ніколі яно не выклікала цікавасьці, увагі, рэзанансу ў той ступені, у якой гэта адбылося ў гэтым годзе».

Падзея была прымеркавана да 1 сакавіка — дня, калі ў Польшчы ўспамінаюць удзельнікаў антысавецкага падпольля, якія змагаліся за незалежнасьць краіны.

«Але гэтае сьвята ахоплівае ўсіх людзей, якія пасьля Другой сусьветнай вайны ў той ці іншай форме аказвалі супраціў камуністычнай уладзе, за што былі рэпрэсаваныя. Але яшчэ раз хачу падкрэсьліць, што імя Бурага ня згадвалася. Наш консул удзельнічаў у сустрэчы, якая была прысьвечана мясцовай гісторыі, мясцовым падзеям — яны, на нашу думку, не маюць ніякага антыбеларускага кантэксту і падтэксту».

Марцін Вайцяхоўскі выказаў надзею, што ўся сытуацыя вакол «Польскай школы» — непаразуменьне.

«Можа быць, не хапае інфармацыі, можа быць, не ўсе ў Беларусі ведаюць кантэкст дня памяці 1 сакавіка ці нехта не зусім правільна я яго прадставіў інфармацыю па гэтай сустрэчы. Я спадзяюся, што з цягам часу ўсё высьветліцца і сытуацыя не будзе нагодай для працягу канфлікту. Спадзяемся, што людзі, якія зьвязаныя са школай, будуць вызваленыя. Але гэта будзе рашэньнем беларускіх уладаў».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG