Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Яшчэ пяцёра дэманстрантаў забітыя ў М’янме


Пратэстоўцы ў М'янме

У нядзелю сілы бясьпекі Мʼянмы пачалі страляць па дэманстрантах у Янгоне.

У Мʼянме шосты тыдзень працягваюцца пратэсты супраць вайсковага перавароту, сярод пратэстоўцаў ёсьць ахвяры.

Як паведамляе DW, СМІ маюць відэа, на якім дэманстранты з самаробнымі шчытамі і ў шлемах супрацьстаяць сілам бясьпекі.

Кітайская дзяржаўная тэлекампанія CGTN паведаміла, што дзьве швейныя фабрыкі, якія фінансуюцца Кітаем і разьмешчаныя ў Янгоне, былі падпаленыя людзьмі, якія прыехалі на матацыклах і былі ўзброенымі жалезнымі прутамі, сякерамі і бэнзінам.

Па стане на суботу, у ходзе маштабных пратэстаў супраць вайскоага перавароту 1 лютага больш за 80 чалавек былі забітыя і звыш 2100 арыштаваныя, паведаміла Асацыяцыя дапамогі палітычным вязьням.

Выканаўца абавязкаў кіраўніка паралельнага грамадзянскай ураду Мʼянмы Ман Він Кхайн Тан зьвярнуўся да грамадскасьці праз Facebook, заявіўшы: «Гэта самы змрочны момант для краіны, і ў той жа час момант, калі сьвітанак блізкі».

Мэдыягрупа Irrawaddy паведаміла, што тры чалавекі загінулі, калі паліцыянты адкрылі агонь па дэманстрантах у Янгоне ў нядзелю. Сайт Myanmar Now паведаміў, што яшчэ 15 чалавек параненыя.

Яшчэ два чалавекі былі забітыя ў іншых месцах краіны пасьля таго, як Ман Він Кхайн Тан, які знаходзіцца ў вышуку, заявіў, што грамадзянскі ўрад будзе спрабаваць надзяліць людзей законным правам на самаабарону.

Горад Маўньюа цэнтральнай частцы Мʼянмы абвясьціў пра фарміраваньне ўласнага мясцовага ўраду і паліцыі.

У Янгоне сотні людзей выйшлі на дэманстрацыі ў некаторых раёнах гораду, збудаваўшы барыкады з калючага дроту і мяшкоў з пяском, каб блякаваць дзеяньні сілаў бясьпекі.

Паводле відавочцаў і мясцовых СМІ, прынамсі 13 чалавек былі забітыя ў суботу, якая стала адным з самых крывавых дзён пасьля перавароту.

Прадстаўнік хунты не адказаў на тэлефонныя званкі Reuters з просьбай аб камэнтары. У суботнім вечаровым выпуску навінаў тэлеканалу MRTV, кіраванага хунтай, дэманстранты былі названыя «злачынцамі» без тлумачэньня прычынаў.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG