Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Недатыкальны запас». Як Лукашэнка прызнаў, што існуе пазабюджэтны «прэзыдэнцкі фонд» і што гэта такое


Аляксандар і Мікалай Лукашэнкі разам зь Пятром Пракаповічам

Лукашэнка прызнаў, што мае непрадугледжаны ніякім заканадаўствам спэцыяльны пазабюджэтны фонд, якім асабіста распараджаецца.

Сьцісла:

  • З самага пачатку сваёй дзейнасьці незалежныя мэдыі пісалі пра існаваньне ў Беларусі двух бюджэтаў: дзяржаўнага і прэзыдэнцкага.
  • Зь якіх крыніцаў фарміраваўся прэзыдэнцкі фонд, невядома.
  • Некалькі разоў Лукашэнка быў вымушаны пад напорам крытыкі і непрыемных пытаньняў журналістаў публічна прызнацца ў існаваньні ценявога бюджэту.
  • Апошні раз згадка пра гэты фонд зьявілася падчас прэзыдэнцкіх выбараў 2006 году.
  • Цяпер Лукашэнка фактычна прызнаў, што пазабюджэтны прэзыдэнцкі фонд па-ранейшаму існуе.

У адказах Лукашэнкі на пытаньні журналістаў пасьля ўдзелу ў «Менскай лыжні» 13 сакавіка ёсьць цікавы сюжэт, на які ня ўсе зьвярнулі ўвагу. Лукашэнка сказаў, што мае «недатыкальны запас» грошай, які акумулюецца гадамі, на экстранны выпадак.

«Грошы, якія я выкарыстоўваю, ну вось у пандэмію, – урачам трэба даплаціць, тэрмінова лекі купіць і іншае. У бюджэце не заплянаваныя гэтыя грошы».

Гэта старая гісторыя. З самага пачатку сваёй дзейнасьці Лукашэнка стварыў непрадугледжаны ніякім заканадаўствам спэцыяльны прэзыдэнцкі фонд, якім асабіста распараджаецца, Гэта дало журналістам падставу пісаць пра існаваньне ў Беларусі двух бюджэтаў: дзяржаўнага і прэзыдэнцкага. За ўсе гады яго існаваньня не было не толькі ніякай справаздачы аб выкарыстаньні гэтых грошай, але нават сума іх ніколі не публікавалася. Як няма і ніякага незалежнага ад кіраўніка дзяржавы кантролю за выдаткамі гэтых сродкаў.

Зь якіх крыніцаў фарміраваўся гэты фонд, невядома. Незалежныя мэдыі выказвалі здагадку, што грошы туды ідуць, найперш, ад маштабнай камэрцыйнай дзейнасьці Кіраўніцтва справамі прэзыдэнта. Паводле ацэнак некаторых экспэртаў, аб'ём прэзыдэнцкага фонду ў пэўныя пэрыяды быў роўны дзяржбюджэту.

Некалькі разоў Лукашэнка быў вымушаны пад напорам крытыкі і непрыемных пытаньняў журналістаў публічна прызнацца ў існаваньні ценявога бюджэту.

«- Кажуць, што ў вас самога маюцца нейкія ня ўлічаныя мільёны?
- Звыклы накат: у Лукашэнкі ёсьць пазабюджэтныя грошы. Так, ёсьць. Але яны не мае асабістыя і ў замежных банках не вылежваюцца. Грошы ляжаць на рахунках у беларускіх банках і працуюць на краіну.
- Чаму ж вы не пералічыце іх у бюджэт?
- Каб там разбазарылі? Гэтая валюта – рэзэрв. Ці мала што заўтра здарыцца... ». (Имя, 1997, 6 лістапада).
«Ёсьць у прэзыдэнта невялікі рэзэрв – на чорны дзень, я яго не аддам! А чорны дзень – гэта бясьпека нашай дзяржавы». (Наша свабода, 2001, 12 января).

Час ад часу Лукашэнка выдзяляў грошы са свайго фонду на нейкія грамадзкія патрэбы, і гэтым выхваляўся. Вось цяпер ён кажа, што падтрымаў мэдыцыну.

Пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2001 года Лукашэнка аддзячыў кіраўнікоў вэртыкалі за атрыманыя вынікі тым, што вылучыў кожнаму зь іх па «Мэрсэдэсу», а ў адказ на крытыку апазыцыі і незалежных СМІ адказаў так:

«Ну, я што, зь бюджэту гэтыя грошы ўзяў? Ды ні капейкі зь бюджэту ня ўзяў. Дзе ўзяў – гэта мая справа. Я законна іх узяў. Я ні ў каго не адабраў, ня скраў і сабе ня ўзяў. Так і па спартыўных збудаваньнях. Дажылі да таго, што прэзыдэнт, каб слова хтосьці дрэннага не сказаў, павінен дзесьці выкручвацца і шукаць гэтыя сродкі. Так што, я сабе гэта раблю? І ўсе лічаць: ах, колькі грошай!». (Советская Белоруссия. 2002, 24 апреля).

Апошні раз згадка пра гэты фонд зьявілася падчас прэзыдэнцкіх выбараў 2006 году. Тады адзін з кандыдатаў у прэзыдэнты Аляксандр Казулін абвінаваціў кіраўніка дзяржавы ў прысваеньні сродкаў ад продажу зброі і задаў пытаньне: «Дзе грошы, Саша?».

Той факт, што грошы ад гандлю зброяй ідуць не ў дзяржаўную казну, у свой час прызнаў міністар фінансаў Беларусі Мікалай Корбут, адказваючы ў парлямэнце на пытаньні дэпутатаў. У выніку Лукашэнка быў вымушаны апраўдвацца. Выступаючы з заключным словам на Трэцім Усебеларускім народным сходзе, ён паведаміў, што, па-першае, даходы ад продажу зброі не такія вялікія, як пра гэта кажуць апазыцыя і СМІ, гаворка ідзе пра мільёны, а не пра мільярды даляраў. Па-другое, ён гэтыя грошы накіраваў на мадэрнізацыю ўзбраеньня для беларускай арміі, а таксама для падтрымкі банкаўскай сыстэмы, будаўніцтва сацыяльных абʼектаў.

Паколькі праверыць гэтыя сьцьвярджэньні немагчыма, то верыць ці не верыць словам Лукашэнкі – справа асабістага выбару.

І вось цяпер Лукашэнка фактычна прызнаў, што пазабюджэтны прэзыдэнцкі фонд па-ранейшаму існуе. Ён, як і раней, лічыць, што ў гэтым няма ніякага карупцыйнага складніка. Лукашэнка ўпэўнены, што мае права распараджацца згаданымі рэсурсамі, заробленымі з выкарыстаньнем структур дзяржавы, як захоча, і не каму не даючы справаздачы. А выдзяленьне адтуль грошай на патрэбы грамадзтва (у дадзеным выпадку на падтрымку мэдыцыны) разглядае як праява свайго высакародзтва і гуманітарнай дапамогі.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG