Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Судовы канвэер» 12 сакавіка: 6 гадоў калёніі за падпал «апоркі», 3 гады — за «пагрозы службовым асобам» і іншыя прысуды


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

12 сакавіка ў Беларусі працягваў працаваць судовы канвэер.

3 гады калёніі, 13 тысяч кампэнсацыі за пагрозы службовым асобам

Суд Ленінскага раёну Менску асудзіў 22-гадовага Аляксандра Іванова на 3 гады калёніі ўзмоцненага рэжыму па 10 эпізодах: паводле абвінавачаньня, ён двойчы пагражаў праз тэлефон і ў паведамленьнях судзьдзям з прозьвішчамі Малашэнка і Ліньнік, а таксама 8 разоў пагражаў гвалтам супрацоўнікам міліцыі.

Хлопец цалкам прызнаў віну і прасіў пакараць яго абмежаваньнем волі, каб мець магчымасьць працаваць і выплаціць кампэнсацыю — судзьдзя пастанавіў, што ён мусіць выплаціць двум пацярпелым па 1500 рублёў, пяці пацярпелым — па 2 тысячы рублёў. Таксама суд спагнаў зь яго дзяржаўную пошліну — 696 рублёў, піша «Вясна».

6 гадоў калёніі за падпал «апоркі» у Бабруйску

42-гадовага бабруйчаніна асудзілі на 6 гадоў калёніі ўзмоцненага рэжыму і прымусовае лячэньне ад алькагалізму за падпал мясцовага апорнага пункту міліцыі 28 верасьня і хуліганства, піша «Вечерний Бобруйск». У выніку пажару былі пашкоджаныя ўваходныя дзьверы, унутранае аздабленьне і маёмасьць у фае, людзі не пацярпелі.

У судзе абвінавачаны казаў, што зь сябрам пілі піва і глядзелі відэа разгону дэманстрацыі: «Дзяўчынку адну цягнулі і жанчын разганялі, у мяне пад уражаньнем прагледжанага ўзьнікла такая думка. Так я выказаў сваю нязгоду зь дзеяньнямі супрацоўнікаў міліцыі, што яны груба так абыходзяцца з людзьмі». Ён прызнаў віну, але не пагадзіўся з памерам шкоды, які ацанілі ў 4644,14 рубля. У ходзе сьледзтва родныя ўжо выплацілі 1740 рублёў, пазоў за нанесеную пажарам шкоду будуць разглядаць асобна.

1 год і 2 месяцы калёніі за абразу Лукашэнкі

Сёньня таксама стала вядома, што 10 сакавіка суд Рэчыцкага раёну асудзіў жыхара Рэчыцы Ўладзімера Міхалку за абразу Аляксандра Лукашэнкі і прадстаўнікоў улады на 1 год і 2 месяцы калёніі агульнага рэжыму (паводле арт. 368 і 369 КК РБ), паведамляе «Флагшток». Паводле сьледзтва, 1 верасьня 2020 году, калі ў дачыненьні да Міхалкі вялі адміністрацыйны працэс, ён на вуліцы Савецкай, у раённай бальніцы, у будынку РАУС і іншых грамадзкіх месцах «шматкроць публічна ў слоўнай форме выказваў абразы на адрас Лукашэнкі». Мужчына прызнаны палітвязьнем.

2 гады «хатняй хіміі» за абразу прадстаўнікоў улады

Жыхара Берасьця асудзілі на 2 гады абмежаваньня волі без накіраваньня ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу за абразу прадстаўнікоў улады. Паводле абвінавачаньня, ён расклеіў на інфармацыйных стэндах фасадаў жылых дамоў улёткі з фатаздымкам супрацоўнікаў аддзелу ўнутраных спраў зь «непраўдзівай і вельмі нэгатыўнай інфармацыяй пра іх». Мужчына прызнаў віну, раскаяўся і папрасіў прабачэньня ў пацярпелых, піша Генпракуратура Беларусі.

2 гады «хатняй хіміі» за абразу супрацоўніцы АМАПу

29-гадовага менчука, адміністратара камэрцыйнай арганізацыі, асудзілі на 2 гады абмежаваньня волі без накіраваньня ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу па арт. 369 КК РБ. Паводле абвінавачаньня, ён «вельмі непахвальна выказаўся» на адрас супрацоўніцы Берасьцейскага АМАПу, «напісаўшы ёй у мэсэнджар абразьлівае паведамленьне», піша «Минск-Новости». Паводле заключэньня экспэрта-лінгвіста, у паведамленьні «мелася нэгатыўная ацэнка». Што канкрэтна ён напісаў, не паведамляецца.

2,5 і 5 гадоў калёніі за «парушэньне грамадзкага парадку»

Сёньня праваабаронцы паведамілі, што 9 сакавіка ў Жлобіне вынесеныя прысуды Сяргею Бекарэвічу і Андрэю Расулаву. Іх прызналі вінаватымі па арт. 342 і 364 Крымінальнага кодэксу і асудзілі на два з паловай і тры гады пазбаўленьня волі ў калёніі агульнага рэжыму адпаведна, паведамляюць праваабаронцы.

Справу разгледзеў судзьдзя Мікалай Сяргеевіч, дзяржаўны абвінаваўца — пракурор Фядорчанка. У якасьці пацярпелага выступіў намесьнік начальніка Жлобінскага РАУС Дзьмітры Дзядзюн, які быў пацярпелым і ў ранейшых працэсах у Жлобіне.

Плюс 6 новых палітвязьняў

12 сакавіка праваабаронцы Беларусі прызналі палітвязьнямі яшчэ 6 чалавек, двое зь іх непаўналетнія:

  • Кіра Баярэнка (абвінавачваюць па ч. 1 арт. 342 КК, «Групавыя дзеяньні, якія груба парушаюць грамадзкі парадак»),
  • Вольга Глушань (узялі пад варту па ч. 1 арт. 342 КК),
  • Валеры Мельнічук (абвінавачваюць па ч.2 арт. 293 КК, «Масавыя беспарадкі»),
  • Іван Дацышын (абвінавачваюць па ч.2 арт. 293 КК),
  • непаўналетні Дзяніс Хазей (асудзілі на 3 гады па па ч.2 арт. 293 КК),
  • непаўналетні Сяргей Гацкевіч (асудзілі на 3 гады па па ч.2 арт. 293 КК).

Агулам у Беларусі ўжо 285 палітвязьняў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG