Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чатыры экс-прэзыдэнты ЗША зьняліся ў рэкляме вакцыны — бяз Трампа


Чатыры экс-прэзыдэнты ЗША і былыя першыя лэдзі зьняліся ў сацыяльнай рэкляме з заклікам прышчапляцца ад каранавірусу. У роліку бяруць удзел Джымі Картэр, Біл Клінтан, Джордж Буш-малодшы, Барак Абама — усё былыя прэзыдэнты, акрамя Дональда Трампа і яго жонкі.

Былыя лідэры ЗША ў роліку тлумачаць, чаму варта зрабіць прышчэпку. Напрыклад, Абама кажа, што хоча зноў сустрэцца з маці жонкі, а Буш-малодшы — што хоча пайсьці на стадыён Texas Ranger. У рэкляме таксама паказана, як удзельнікі відэа атрымліваюць сваю дозу вакцыны.

Па дадзеных CNN, Трамп і яго жонка Мэлані не здымаліся ў рэкляме, бо прышчапіліся ў Белым доме яшчэ ў студзені, але не казалі пра гэта. У самым пачатку пандэміі COVID-19 Дональд Трамп скептычна ставіўся да інфармацыі аб каранавірусе.

Шэраг прадстаўнікоў амэрыканскай навуковай супольнасьці і шараговыя грамадзяне лічаць, што Трамп з прычыны свайго падыходу нясе адказнасьць за шматлікія сьмерці ад каранавірусу ў Злучаных Штатах. Краіна знаходзіцца на першым месцы колькасьцю выяўленых выпадкаў COVID-19. Лік захварэлых з пачатку пандэміі набліжаецца да 30 мільёнаў. Памерлі амаль 550 тысяч пацыентаў.

У ЗША ідзе вакцынацыя насельніцтва прэпаратамі Moderna і Pfizer / BioNTech. Паводле апошніх зьвестак поўную вакцынацыю прайшлі каля 10 адсоткаў жыхароў. Прэзыдэнт Джо Байдэн заявіў, што да 1 траўня ў кожнага амэрыканца будзе магчымасьць зрабіць прышчэпку ад COVID-19.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG