Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Байдэн: да 1 траўня кожны амэрыканец зможа прышчапіцца ад каранавірусу


Джэзэф Байдэн
Джэзэф Байдэн

Прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн выступіў у чацьвер увечары са зваротам да краіны, у якім паведаміў аб намеры да 1 траўня даць кожнаму амэрыканцу магчымасьць вакцынавацца ад COVID-19.

Выступаючы ў Белым доме роўна праз год пасьля таго, як Сусьветная арганізацыя аховы здароўя заявіла аб тым, што сьвет стаў ахвярай пандэміі новага каранавірусу, прэзыдэнт Байдэн абвясьціў аб тым, што яго адміністрацыя робіць усё магчымае, каб паскорыць працэс вакцынацыі амэрыканцаў. Да арганізацыі вакцынацыі будуць прыцягнуты 4 тысячы вайскоўцаў, будзе пашырана кола мэдычных работнікаў за кошт студэнтаў-мэдыкаў, вэтэрынараў, стаматолягаў, якія атрымаюць права прышчапляць амэрыканцаў. Людзі змогуць зрабіць прышчэпкі ў мясцовых цэнтрах аховы здароўя і аптэках.

Мэта, заяўленая прэзыдэнтам, — перамагчы каранавірус да 4 ліпеня, Дня Незалежнасьці.

«Мы пачнём адзначаць незалежнасьць ад вірусу да 4 ліпеня», — абвясьціў Джо Байдэн.

Ён спадзяецца, што амэрыканцы, нарэшце, змогуць сабрацца ў гэты дзень хаця б невялікімі групамі і адзначыць гэтае сьвята асабліва.

Разам з тым прэзыдэнт заклікаў амэрыканцаў працягваць выконваць захады засьцярогі, насіць маскі, трымаць сацыяльную дыстанцыю і не зьбірацца вялікімі групамі. Ён таксама просіць людзей прышчапляцца, як толькі ім будзе дадзена такая магчымасьць. «Мне трэба, каб кожны амэрыканец зрабіў свой унёсак» у барацьбу з COVID-19, заявіў прэзыдэнт Байдэн.

Раней у чацьвер Джо Байдэн падпісаў законапраект, якім прадугледжваецца выдзяленьне 1,9 трыльёна даляраў на нэўтралізацыю эканамічных наступстваў пандэміі каранавірусу. Большасьць амэрыканцаў атрымае па 1400 даляраў, да восені будуць падоўжаныя выплаты дапамогі па беспрацоўі, штаты атрымаюць значную фэдэральную дапамогу.

На вакцынацыю насельніцтва выдзелена некалькі дзясяткаў мільярдаў даляраў.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG