Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Бяз Пуціна не было б Лукашэнкі». Гісторык Зубаў пра Маскву як цэнтар тыранічнага кіраваньня сьветам і ахвяру Навальнага і Калесьнікавай


Андрэй Зубаў ля Салавецкага камня ў Маскве. Архіўнае фота.
Андрэй Зубаў ля Салавецкага камня ў Маскве. Архіўнае фота.

Расейскі гісторык параўноўвае вяртаньне Аляксея Навальнага ў Расею з тым, што зрабіў Хрыстос; ён перакананы, што сьвядомыя ахвяры беларусаў, негвалтоўны супраціў прывядуць да перамогі.

Глядзіце размову на відэа цалкам.


Сьцісла:

  • Не было б Пуціна, не было б ужо Лукашэнкі ў Беларусі, ён быў бы ў зусім іншых месцах, магчыма, у гасьцях у Асада.
  • Як палітык я не ва ўсім з Навальным згодны, але па-чалавечы мне стала лягчэй жыць, калі я пабачыў, што ёсьць чалавек, які ідзе на такі шлях. Як і Марыя Калесьнікава. Гэты подзьвіг заўсёды вызваляе.
  • Негвалтоўны супраціў не дае хуткіх эфэктаў, гэта сродак, які дзейнічае павольна, але ён практычна заўсёды прыводзіць да перамогі.
  • Такія людзі насамрэч вызваляюць душу народу. Навальны, Калесьнікава, Севярынец і многія іншыя выйдуць з турмы...
  • Дыктатары адчуваюць, каля зямля пачынае гарэць у іх пад нагамі. Дыктатары баязьліўцы насамрэч. Ніколі не забуду, як беларускі дыктатар бегаў з аўтаматам у жаху.


Пра Беларусь без Лукашэнкі і сусьветны цэнтар падтрымкі тыраніі


— 15 сакавіка будзе 10 гадоў ад пачатку сырыйскай рэвалюцыі супраць дыктатара Асада. Пачалося ўсё зь мірных дэманстрацый, вялікая частка войска перайшла на бок паўстанцаў. Гэты рэжым бы абрынуўся, але ўмяшалася пуцінская Расея, у 2015 годзе былі ўведзеныя войскі. Дзякуючы расейскай вайсковай і грашовай дапамозе рэжым Асада існуе дагэтуль, а апазыцыя займае апошнія невялікія анклявы на поўначы краіны. Гэта адбылося не таму, што ў сырыйскага народу не хапіла волі, а таму, што ёсьць вялізарная дзяржава, якая дапамагае тырану. Тое самае з Лукашэнкам.

Не было б Пуціна, я перакананы, Лукашэнка ўжо б сышоў, не было б ужо Лукашэнкі ў Беларусі, быў бы ён у зусім іншых месцах, магчыма, у гасьцях у Асада. Менавіта праз Пуціна трымаецца гэты рэжым. І, найхутчэй, і рэжым у Сырыі, і рэжым у Беларусі абваляцца, калі абрынецца рэжым у Маскве. У пэўным сэнсе цяпер у Маскве цэнтар тыранічнага кіраваньня сьветам. Шмат робяць Кітай і Іран для замацаваньня тыраніі, але чамусьці так атрымалася, што менавіта ў Маскве гэты цэнтар. Мы разумеем, што тут «пасад зьвера», які трымае значную частку сьвету ў рабстве, апасродкавана, праз сваіх сяброў-дыктатараў. Давайце памножым высілкі, каб сышоў гэты рэжым у Маскве, і тады і тыдня не праіснуе рэжым у Менску.


Пра сьвядомыя ахвяры Калесьнікавай і Навальнага


— Часта кажуць, што да палітыка маральныя ацэнкі няма як прыкладаць. І сапраўды, на жаль, многія палітыкі ва ўладзе і ў апазыцыі маглі б быць лепшымі ў маральным сэнсе. Нашыя грамадзтвы, беларускае і расейскае, постсавецкія, посткамуністычныя грамадзтвы сапсаваныя нэгатыўным стаўленьнем да чалавека. Грамадзтва ня верыць у ідэалы. І такія акты самаахвяраваньня палітыка абсалютна «выбіваюць» пасьлякамуністычнага чалавека са стану перакананасьці, што ўсе дрэнныя. Нібыта і Навальны, і Калесьнікава — людзі, якія паставілі на мэце адправіць на заслужаны адпачынак Лукашэнку і Пуціна, але і людзі, якія імкнуцца так ці інакш адыграць вялікую ролю ў палітыцы пасьля Лукашэнкі і Пуціна. Чаму ж тады яны ахвяруюць сваёй свабодай, а то і жыцьцём? Навальны на адным з апошніх працэсаў сказаў, што ён і трох капеек за сваё жыцьцё ня дасьць. І ён мае рацыю. Яго спрабавалі забіць, і ён вярнуўся ў рукі тых, хто гэта зрабіў.

Пра вольныя ахвяры як найвышэйшую сілу


— У любой культуры, ня толькі хрысьціянскай, акт самаахвяраваньня лічыцца найвышэйшым актам чалавечай сілы і мужнасьці і дапамогі іншым. Ахвяра дзеля іншых. Калі чалавек ахвяруе сабой, ён больш нічога ў фізычным пляне не набывае, ён гіне, але іншыя дзякуючы яму набываюць. У хрысьціянскай традыцыі парадыгмальнай формай зьяўляецца Ісус Хрыстос. Ён абсалютна мірна, адмовіўшыся ад усялякага супраціву, пайшоў на вольную сьмерць. І вобраз вольнай ахвяры, які пранізвае ўсё хрысьціянства, гэта найвышэйшая сіла. Ці сьвядома ідуць на гэта Марыя Калесьнікава і Аляксей Навальны, ці несьвядома, я ня ведаю. Мне падаецца, што дастаткова сьвядома, але ня дзеля большай папулярнасьці, а дзеля таго, каб вызваліць свае народы ад улады тырана. Як палітык я не ва ўсім з Навальным згодны, мы неаднойчы асабіста спрачаліся, і будзем спрачацца, калі будзем жыць, але па-чалавечы мне стала лягчэй жыць, калі я пабачыў, што ёсьць чалавек, які ідзе на такі шлях. Гэты подзьвіг заўсёды вызваляе.

Пра безумоўную перамогу негвалтоўнага супраціву


— Акрамя вобразу Хрыста і нашых сучасных герояў у нашых краінах, даволі шмат людзей выбіралі шлях негвалтоўнага супраціву. І ў выніку, нават загінуўшы, яны перамагалі. Каб вызваліцца ад улады Брытанскай кароны, у Індыі пачаўся рух Махатмы Гандзі. І гэты негвалтоўны рух аказаўся больш эфэктыўны, чым усе формы гвалтоўнага супраціву. Сам Гандзі загінуў ад рукі правага індыйскага фундамэнталіста, які, верагодна, марыў пра гвалтоўны варыянт перамогі. І Гандзі — сымбаль вызваленьня.

Чаму ахвяры ня будуць марнымі


— Гэта ўсё дакладна не дарма ў Беларусі, Расеі і ва ўсім сьвеце. Той жа Нэльсан Мандэла правёў за кратамі 27 гадоў, і ў выніку Паўднёвая Афрыка вызвалілася ад апартэіду і карэннае насельніцтва атрымала ўладу, за што ён і змагаўся. Негвалтоўны супраціў не дае хуткіх эфэктаў, тады як гвалтоўны супраціў можа перамагчы ў тры дні. Гвалтоўны супраціў, як правіла, нясе на месца адной тыраніі другую, калі не тыранію, то жорсткасьць. Негвалтоўны супраціў не нясе жорсткасьці. Гэта сродак, які дзейнічае павольна, але ён практычна заўсёды прыводзіць да перамогі. Такіх выпадкаў у сьвеце вельмі шмат. І самы галоўны прыклад — самога Хрыста. Я думаю, што і справа беларускіх мужных патрыётаў, і справа такіх жа людзей у Расеі і ва ўсім сьвеце прынясе посьпех. Больш за тое, гэта самы слушны шлях да перамогі над тыраніяй.

Пра абуджэньне «сацыяльнага балота»


— Камуністычны рэжым рухнуў у СССР практычна празь негвалтоўны супраціў. Я думаю, што Беларусь і Расея блізкія да гэтага. Таму што простыя людзі, якія зьяўляюцца «сацыяльным балотам» (ведаюць, што ня ўсё добра, ня робяць фэтыш з Лукашэнкі і Пуціна, але прывыклі так жыць, нейкія грошы ёсьць), калі раптам бачаць такі подзьвіг, і ў іх нешта мяняецца. А калі зьменіцца ў многіх, рэжым ня выстаіць. Я амаль перакананы, што Навальны, Калесьнікава, Севярынец і многія іншыя выйдуць з турмы і будуць дзейнічаць не як дыктатары, а як звычайныя палітыкі дэмакратычных дзяржаваў. Такія людзі насамрэч вызваляюць душу народу.

Крыніца таталітарных рэжымаў — любоў да сябе і страх за сябе любімага. Гэта стварае тыраніі, на гэтым паразытуюць тыраны. А такія людзі сваёй маральнай ахвярай вызваляюць іншых ад гэтага тлятворнага пачуцьця і робяць іх адкрытымі да дабра.

Пра дыктатараў-баязьліўцаў


— Дыктатары адчуваюць, каля зямля пачынае гарэць у іх пад нагамі. У гэтым сэнсе дыктатары — баязьліўцы. Ніколі не забуду, як беларускі дыктатар бегаў з аўтаматам у жаху... Яны дакладна адчуваюць гэты момант, калі іх перастаюць ня тое што любіць, а калі іх перастаюць баяцца. Паміж момантам, калі народ перастае баяцца, і момантам, калі народ праганяе дыктатара, дыстанцыя не такая вялікая.

Праблема Гітлера ў Нямеччыне і Сталіна ў СССР заключалася ў тым, што іх ня толькі баяліся, але і любілі. Гэта жах, але прапаганда так працавала, што большасьць простых людзей іх любіла, а тых, хто не любіў, зьнішчылі. Цяпер ёсьць інтэрнэт, ёсьць адкрытае інфармацыйнае поле, і людзям лягчэй вызваліцца, бо яны разумеюць, што любіць гэтых людзей няма за што. Практычна ніхто ня любіць ні Пуціна, ні Лукашэнку. Толькі цярпяць, але хутка і цярпець перастануць. Так што пэрспэктывы нядрэнныя, хоць тыя, хто вырашыў ахвяраваць сабой, павінны быць гатовыя да самых цяжкіх момантаў, якія могуць быць.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG