Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Амэрыканскі адмірал: Кітай можа пайсьці на захоп Тайваню ў наступныя шэсьць гадоў


Амэрыканскі авіяносец "Німіц" ў Паўднёва-Кітайскім моры
Амэрыканскі авіяносец "Німіц" ў Паўднёва-Кітайскім моры

Кітай можа ўварвацца на Тайвань ў наступныя шэсьць гадоў, заявіў высокапастаўлены амэрыканскі вайсковец, адзначыўшы ўмацаваньне спробаў Пэкіну адціснуць амэрыканскіх вайскоўцаў у Азіі.

«Мяне турбуе, што яны імкнуцца хутчэй адціснуць ЗША і зьнівэляваць нашую лідэрскую ролю ў сусьветным парадку, заснаваным на правілах, да 2050 году», — цытуе «Голас Амэрыкі» кіраўніка Індыйска-Ціхаакіянскага камандаваньня ЗША адмірала Філіпа Дэвідсана.

«Відавочна, што Тайвань — адна зь іх мэтаў, якіх яны хочуць дасягнуць да таго. Думаю, што гэтая пагроза праявіцца ў гэтым дзесяцігодзьдзі, насамрэч, у наступныя шэсьць гадоў», — заявіў ён, выступаючы ў камітэце Сэнату.

Тайвань аддзяліўся ад Кітая ў канцы грамадзянскай вайны, у 1949 годзе, і існуе пад пастаяннай пагрозай уварваньня з мацерыка.

У 1979 году Вашынгтон разарваў дыпляматычныя адносіны з Тайванем і наладзіў іх з Кітаем, але, тым ня менш, застаецца самым важным неафіцыйным саюзьнікам і вайсковым прыхільнікам вострава.

Кітай таксама выставіў шырокія тэрытарыяльныя прэтэнзіі ў багатым рэсурсамі Паўднёва-Кітайскім моры і нават пагражае амэрыканскаму востраву Гуам, падкрэсьліў Дэвідсан.

«Сёньня Гуам зьяўляецца мішэньню», — папярэдзіў ён, нагадаўшы, што кітайскія вайскоўцы апублікавалі відэа, на якім сымулюецца напад на астраўную базу, якая моцна нагадвае аб’екты ЗША на выспах Дыега-Гарсія і Гуам.

Адмірал заклікаў заканадаўцаў ухваліць ўстаноўку на Гуаме супрацьракетнай батарэі «Іджыс Эшор», здольнай перахопліваць у палёце самыя магутныя кітайскія ракеты.

Дэвідсан таксама заклікаў заканадаўцаў прафінансаваць наступальныя ўзбраеньні, «каб Кітай ведаў, што цана таго, што яны хочуць зрабіць, занадта высокая».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG