Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Бурыцца сыстэма маральных каштоўнасьцяў». Вядомы хірург Дзьмітры Харкоў звальняецца ў знак салідарнасьці


Дзьмітры Харкоў

Вядомы трансплянтоляг Дзьмітры Харкоў звальняецца з клінікі, «кіруючыся прынцыпамі гуманізму, этыкі і салідарнасьці лекараў».

Кандыдат мэдычных навук, загадчык аддзелу пэрспэктыўных напрамкаў высокатэхналягічнай мэдычнай дапамогі МНПЦ трансплянталёгіі і гематалёгіі Дзьмітры Харкоў напісаў заяву аб звальненьні.

Ён зрабіў гэта на знак салідарнасьці са сваім віцебскім калегам, загадчыкам аддзяленьня анэстэзіялёгіі і рэанімацыі Віцебскай гарадзкой клінічнай лякарні хуткай мэдычнай дапамогі Ўладзімерам Мартавым, зь якім не падоўжылі кантракт.

8 красавіка ў доктара Харкова канчаецца кантракт, за месяц да заканчэньня ён напісаў заяву аб звальненьні з МНПЦ.

«Я пакінуў заяву ў сакратара дырэктара МНПЦ Алега Румо, у ёй выклаў сваю прынцыповую пазыцыю. Заява ўжо падпісаная. Ніхто нічога не запытаўся», — кажа Дзьмітры Харкоў.

Вядомы трансплянтоляг вучыўся ў Віцебскім мэдыцынскім інстытуце. Бацька Ўладзімера Мартава, прафэсар, доктар мэдычных навук Юры Барысавіч Мартаў, выкладаў у яго хірургію.

Дзьмітры Харкоў публічна зьвяртаецца да галоўнага доктара Віцебскага гарадзкога клінічнага шпіталя хуткай мэдычнай дапамогі Андрэя Захарава, а таксама хоча пачуць думкі старшыні Беларускай асацыяцыі лекараў Дзьмітрыя Шаўцова і прафсаюзнага лідэра мэдыкаў Вячаслава Шылы.

«Вельмі крыўдна, што ніхто не абараняе чалавека — ні прафсаюзы, ні асацыяцыя лекараў. Мне хацелася б даведацца думку галоўнага доктара, якія ў яго тлумачэньні, зь якой прычыны Ўладзімеру Мартаву не працягваюць кантракту, што ён скажа. Бо дынастыя Мартавых вельмі паважаная, вядомая, бацька Ўладзімера Юры Барысавіч быў асобай. Трэба адзін адному дапамагаць і падтрымліваць, інакш нічога ня будзе.

Пытаньне паўстае шырэй: бурыцца сыстэма каардынат, бурыцца сыстэма маральных прынцыпаў. Чалавек — прафэсіянал высокай клясы, ён столькі жыцьцяў выратаваў. Галоўная каштоўнасьць у нас якая? Чалавечае жыцьцё. Атрымліваецца, што абышліся незаслужана. Сыстэма чалавечых каштоўнасьцяў пацярпела. А без сыстэмы каштоўнасьцяў грамадзтва ня можа ісьці да чагосьці сьветлага. Вельмі сумна», — камэнтуе свой учынак доктар Дзьмітры Харкоў.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG