Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларуская мова выходзіць на пярэдні плян супраціву


Менск, 23 жніўня 2020 году.

Палітычная сытуацыя ўнутры Беларусі і яе геапалітычнае становішча за апошнія паўгода імкліва зьмяніліся і працягваюць мяняцца. Гэта вымагае далейшых зьменаў і ад абуджанага беларускага грамадзтва.

На пачатку сакавіка 2021 году лекары Беларусі стварылі ініцыятыву MovaMed за пашырэньне ўжываньня беларускай мовы ў мэдыцыне. У звароце яны напісалі:

«Беларусы зьмяніліся. Мы адчулі сябе нацыяй, якая мае гістарычныя традыцыі павагі да закону, талерантнасьці і спагады. Мы ня хочам зьяжджаць, мы хочам быць гаспадарамі сваёй зямлі. Хочам, каб нашы дзеці засталіся беларусамі.

Нашай мэтай ёсьць вывучэньне і аднаўленьне беларускай мэдыцынскай тэрміналёгіі, свабоднае валоданьне ёй у стасунках зь беларускамоўнымі пацыентамі і калегамі, пашырэньне ўжываньня беларускай мовы ў мэдыцынскай навуцы і дыскусіях».

Гэтая, магчыма, малазначная для некага падзея насамрэч — знак часу.

Схаваная ад вачэй многіх назіральнікаў нацыянальная эвалюцыя, якая ішла ў Беларусі апошнія дзесяцігодзьдзі, і нацыянальнае паўстаньне 2020 году даюць надзею на тое, што беларускі народ пазьбегне гістарычнай сьмерці ў найбліжэйшай гістарычнай пэрспэктыве.

Чатыры месяцы назад, на пачатку лістапада 2020 году, я думаў, што ў выніку нармальнага разьвіцьця краіны беларуская мова запануе ў Беларусі прыблізна праз 20–30 гадоў. Калі ж краіна будзе акупаваная Расеяй і страціць незалежнасьць — тады беларусы пяройдуць на беларускую мову амаль адразу, за некалькі гадоў.

Але сытуацыя зьмянілася. Ужо ўвосень беларускамоўных затрыманых пазначалі фарбай для больш жорсткага абыходжаньня зь імі ў турмах. Цяпер перайшлі ў наступ на сыстэмаўтваральныя пункты беларускага нацыянальнага грамадзтва. У краіне закрытыя або заблякаваныя незалежныя інфармацыйныя рэсурсы, у тым ліку большасьць беларускамоўных, зачыненыя ўсе крамы, дзе прадавалася тавары з этнічнай і нацыянальнай сымболікай. Бел-чырвона-белы нацыянальны сьцяг і гістарычны герб «Пагоня» таксама трапілі пад забарону, за іх выкарыстаньне людзей судзяць, у іх канфіскоўваюць машыны і б’юць шыбы. Праўладныя гісторыкі выступаюць з абсурднымі заявамі, спрабуючы скампрамэтаваць нацыянальных герояў і нацыянальныя сымбалі. З кіёскаў «Белсаюздруку» выкідаюць апошнія беларускамоўныя або двумоўныя выданьні, такія як «Народная Воля» або «Наша гісторыя».

Сытуацыя ўсё больш нагадвае акупацыю краіны варожым для беларусаў рэжымам, які абапіраецца на прарасейскіх сілавікоў. Фактычна гэта і ёсьць акупацыя. Рэжым і яго прыхільнікі ўсё больш аддаляюцца ад нацыянальнага беларускага этасу.

Таму ў беларускага грамадзтва няма іншага выхаду, як адказаць на акупацыю паскораным зваротам да беларускай мовы.

Сёньня цяжка зразумець палітыкаў і журналістаў, якія ў сытуацыі дзікіх і абсурдных для ХХІ стагодзьдзя рэпрэсій заклікаюць беларусаў далей выходзіць на масавыя маршы — пад дубінкі, арышты, катаваньні, крымінальныя прысуды і доўгія гады турэмнага зьняволеньня. Безабаронны народ ня можа перамагчы ў адкрытым процістаяньні з узброеным войскам. І сёньня ўжо няма сумненьняў, што ў выпадку рэальнай пагрозы рэжыму верныя яму людзі ў пагонах лёгка расстраляюць любую колькасьць дэманстрантаў з баявой зброі і падушаць іх танкамі. А калі загадае камандаваньне, дык і авіяцыя адзначыцца ўзорным бомбакіданьнем па жывых людзях. Партызанскі пратэст выглядае больш разумным і рацыянальным.

Але калі забаронена выходзіць і пазначаць сябе нацыянальным сьцягам, то людзі могуць пазначаць сябе і свой палітычны выбар беларускай мовай. З гэтым уладам змагацца цяжэй.

Цяжка перашкодзіць вывучаць беларускую мову і размаўляць на ёй паўсюль у Беларусі. Немагчыма забараніць беларусам размаўляць па-беларуску са сваімі каханымі і дзецьмі. Нерэальна забараніць людзям чытаць па-беларуску або сьпяваць.

Для гэтага трэба будзе абвясьціць чужую акупацыю фактам. А гэта ў наш час палітычна зрабіць вельмі цяжка, амаль немагчыма.

З апытаньняў апошніх гадоў мы ведаем, што большасьць беларусаў ня хоча зьнікненьня беларускай мовы. Маральны аўтарытэт мовы для народу аказаўся роўны аўтарытэту маці для чалавека. Як гэта звычайна бывае і ў іншых народаў.

Беларуская мова — гэта мяккая сіла і ўнівэрсальны сродак барацьбы з дыктатурай. Дэмакратыя ў Беларусі — гэта беларуская мова. Незалежнасьць Беларусі — гэта беларуская мова.

Мы заканчваем тым, з чаго пачалі. Будучыня Беларусі залежыць ад беларускай мовы.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG