Пра гэта гаворыцца ў дакладзе расейскага міністэрства юстыцыі, апублікаваным на сайце Рады Эўропы.
У дакладзе заяўляецца, што Фэдэральная служба выкананьня пакараньняў усталюе ў аўтазаках хімічныя прыбіральні для перавозкі людзей на адлегласьці звыш 200 кілямэтраў. Таксама абяцаюць даваць ежу і ваду. Як хутка гэта маюць зрабіць — не ўдакладняецца, аднак сьцьвярджаецца, што гэта ўжо зроблена ў чатырох рэгіёнах Расейскай Фэдэрацыі.
У 2019 годзе Эўрапейскі суд у правах чалавека прызнаў бесчалавечнымі і зьневажаючымі годнасьць умовы перавозкі расейскіх зьняволеных. Катаваньнямі суд прызнаў перавозку ня толькі ў аўтазаках Фэдэральнай службы выкананьня пакараньняў, але і ў вагонзаках — спэцыяльных вагонах, у якіх возяць падсьледных і асуджаных.
Пасьля гэтага расейскім уладам далі час на разьвязаньне тыповых праблемаў, якія ўзьнікаюць у аўтараў скаргаў у суд на краіну. У тым ліку — каб забясьпечыць тым, каго перавозяць, доступ да ежы, вады, пасьцельнай бялізьны, прыбіральняў.
Беларусь, у адрозьненьне ад Расеі, не ўваходзіць у Раду Эўропы і не ратыфікавала Эўрапейскай канвэнцыі аб правах чалавека. Таму Эўрапейскі суд у правах чалавека ня можа разглядаць скаргі на дзеяньні уладаў Беларусі.
Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў