Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«У бусе білі, ужылі электрашокер». Ідзе суд над айцішнікам, на якога наехаў міліцэйскі бус


Сьцяпан Чыкілёў у судзе
Сьцяпан Чыкілёў у судзе

У першы дзень выступілі шэсьць сьведак — кіроўцаў і байцоў спэцназу, дапыталі абвінавачанага, паглядзелі відэа.

Працэс вядзе судзьдзя Натальля Бугук.

Дзяржабвінаваўца сьцьвярджае, што 15 лістапада Сьцяпан Чыкілёў з хуліганскіх пабуджэньняў, наўмысна, беспрычынна разам з групай асобаў зьдзейсьніў ня менш як 3 кідкі ў бок міліцэйскіх аўтамабіляў, у выніку чаго былі пашкоджаныя прынамсі 3 міліцэйскія аўтамабілі — дэфармаваныя лякафарбавыя пакрыцьці бусаў, і тым самым вайсковай частцы 3033 нанесена матэрыяльная шкода ў суме 1180 рублёў.

Такім чынам, Сьцяпан Чыкілёў абвінавачваецца ў злосным хуліганстве па частцы 2 артыкула 339 Крымінальнага кодэксу.

Чыкілёў з абвінавачаньнем пагадзіўся часткова: ён ня дзейнічаў у групе асобаў, а быў адзін; кідок быў таксама адзін і трапіў у агароджу, а не ў аўтамабілі; ня згодны Сьцяпан Чыкілёў і з сумай матэрыяльнай шкоды.

Сьведкі ў паказаньнях блытаюцца, толькі двое з шасьці пазналі Чыкілёва

Сьведак дапытваюць без высьвятленьня іх асобы, асабістых дадзеных, каб забясьпечыць іх непазнавальнасьць. Твары іх цалкам закрытыя балаклавамі, на вачах цёмныя акуляры, усе яны выступаюць пад несапраўднымі прозьвішчамі, месца працы — органы ўнутраных спраў, а месца жыхарства — вайсковая частка на праспэкце Незалежнасьці, 191а.

У судовай залі
У судовай залі

Усе аўтамабілі былі зь іншымі нумарамі — для схаванага перасоўваньня, кажуць сьведкі.

Першы сьведка расказаў, што ў той час на праспэкце Пушкіна чалавек 100 знаходзілася на праезнай частцы — людзі блякавалі рух. На ўчастак прыбылі 3 альбо 4 аўтамабілі з байцамі САХР, яны пачалі адцясьняць людзей з праезнай часткі.

«Адзін чалавек у шэрай байцы з капюшонам рабіў замахі — ня менш за 4, і нешта кідаў у бок аўтамабіля. Што ў яго руках, я ня бачыў. Але замахі былі ў бок службовых аўтамабіляў. Адзін удар трапіў у мой аўтамабіль — «гук нечым па мэталу», — сьцьвярджае сьведка.

Дзяржабвінаваўца пытаецца, ці можа сьведка апазнаць Чыкілёва.

«Па целаскладзе — падобны». Гукаў ад удараў у іншыя аўтамабілі ён ня чуў і ня бачыў, ня ведае, што туды трапляла.

«Пад’ехаў „Форд“, пачаў тармазіць, а чалавек быў сьпінаю да аўто, тузануўся, разьвярнуўся, каб зьбегчы, і ўрэзаўся ў аўто. Хлопец упаў, выскачыла група з аўтамабіля, ён упіраўся, яго пасадзілі ў аўтамабіль. Нам далі каманду ехаць у іншае месца.

Увечары агледзеў аўтамабіль — на даху аўто былі сколы лякафарбавага пакрыцьця, драпіна. Паведаміў пра пашкоджаньні камандзіру групы», — расказвае сьведка пра здарэньне.

Дзяржабвінаваўца ў судовым працэсе
Дзяржабвінаваўца ў судовым працэсе

Супярэчнасьці ў паказаньнях

Судзьдзя кажа, што ў паказаньнях, якія сьведка даваў 17 лістапада, і ў паказаньнях на судзе шмат супярэчнасьцяў. Раней сьведка казаў, што сэктар агляду быў у іншы бок, называў іншую колькасьць кідкоў, якія трапілі ў аўтамабілі. І казаў, што выходзіў з аўтамабіля — а на судзе паказаў, што не выходзіў. Абвінавачаны пытаецца, ці бачыў сьведка ягоны твар (бо хлопец быў у масцы і капюшоне), і чаму ён сьведчыць, што апазнаў па раздрукоўцы фатаграфіі ў пашпарце. Сьведка кажа: «Ня ўпэўнены».

Другі сьведка абвінавачанага не пазнаў. Трэці таксама ня бачыў, хто кідаў камяні, апісаць людзей ня мог, твараў не разгледзеў, сутыкненьня буса з чалавекам ня бачыў.

Чацьвёрты сьведка ня памятае, як выглядаў чалавек, які бег. Магчыма, у шэрай куртцы, стаяў сьпінаю. Чым кідаў, ня бачыў, але штосьці ляцела.

Яшчэ адзін сьведка кіраваў бусам, які зьбіў Сьцяпана. Ён расказаў, што прыехаў на «фордзе» на дапамогу калегам па сустрэчнай паласе. Бачыў, як менавіта Чыкілёў зьдзейсьніў адзін кідок у кірунку міліцэйскага бусіка. Ня памятае, дзе канкрэтна знаходзіліся іншыя аўтамабілі.

Сьведка ня бачыў, як падаў Чыкілёў. Калі ён выйшаў з буса, Сьцяпан ужо ўстаў на ногі і спрабаваў зьбегчы. Фізычная сіла пры яго затрыманьні не прымянялася, сьцьвярджае кіроўца.

«Пры надглядзе асабістых рэчаў у левай кішэні Чыкілёва знайшлі камень памерам крыху меншы за тэнісны мяч», — кажа ён.

Аднак на ўдакладняльнае пытаньне, хто дастаў камень, ці бачыў сьведка гэты камень, сказаў, што не, вызначылі навобмацак.

«Чыкілёў сказаў: „Адпусьціце, я гатовы аплаціць штраф на месцы“. У чым быў апрануты Чыкілёў, ня памятаю, але па целаскладзе і прычосцы я пазнаю яго. Бачных пашкоджаньняў у Чыкілёва не было, ён ні на што ня скардзіўся», — сьцьвярджае кіроўца буса, які зьбіў Сьцяпана.

У пісьмовых матэрыялах былі іншыя паказаньні гэтага сьведкі: Чыкілёў зьдзейсьніў ня менш як тры кідкі ў бок бусікаў. Калі дзяржабвінаваўца і абаронца задавалі ўдакладняльныя пытаньні, сьведка пачаў блытацца, колькі было кідкоў і колькі зь іх дасягнулі мэты.

«У бусе паклалі на падлогу, ціснулі каленам на грудзі, моцна білі, ужылі электрашокер»

Сьцяпан Чыкілёў расказаў, што ў выходны рабіў рамонт у сваёй кватэры каля Ждановічаў. Прыкладна аб 11-й выехаў з кватэры, машыну пакінуў у дварах непадалёк ад мэтро. Хацеў зайсьці ў «Ракаўскі кірмаш». Выйшаў на праспэкт Пушкіна каля 49-га дома і рушыў у бок мэтро. Каля пешаходнага перахода ўбачыў шмат людзей з паднятымі рукамі. Там адбываўся нейкі рух, зграмаджэньне людзей.

«Пад’ехала каля трох мікрааўтобусаў, выскачылі супрацоўнікі міліцыі, я выйшаў на пераходны пераход, мне падалося, там насьпявае канфлікт. Пляну канкрэтнага ў мяне не было, выйшаў на праезную частку на эмоцыях. Рух на праспэкце быў перакрыты. Спачатку назіраў, што адбываецца на процілеглым баку. Убачыў, як пачалі хапаць людзей, выкарыстоўваць спэцсродкі. Намераў у мяне не было, але я падабраў шчэбень, які зьліпся з брудам (дыямэтрам сантымэтраў 5) і зьдзейсьніў адзін кідок. Прадмет, які я кінуў, трапіў у агароджу. Гэта быў адзіны камяк, які я падняў», — сьцьвярджае Чыкілёў. Ён адмаўляе, што ў ягонай кішэні быў яшчэ адзін камяк.

Сьцяпан зрабіў пару крокаў назад, хацеў сысьці з праезнай часткі, і ў гэты момант яго зьбіў бус, які ехаў па сустрэчнай паласе.

«Пасьля падзеі памятаю слаба. Памятаю, што мяне зацягнулі ў бус, нацягнулі куртку на галаву. Паклалі на падлогу, супрацоўнік міліцыі націснуў каленам на грудзі, было цяжка дыхаць. Страчваў прытомнасьць, у бусе білі, ужылі электрашокер. Потым перасадзілі ў аўтазак.

Ціснулі маральна. Падчас відэазапісу настойвалі, каб я сказаў, што кідаў камяні, а не адзін камяк. Мне стала дрэнна, пасадзілі ў дворык. Потым адвезьлі ў Фрунзэнскае РУУС.

Што я моцна зьбіты, заўважыў дзяжурны адвакат, настаяў, каб выклікалі хуткую дапамогу. Два дні мяне трымалі ў шпіталі хуткай дапамогі. Але праваахоўнікі настаялі, каб мяне вельмі хутка вярнулі на Акрэсьціна», — расказаў пра сваё затрыманьне і зьбіцьцё Сьцяпан.

На пытаньне, хто вінаваты ў сутыкненьні, Сьцяпан адказаў, што сукупнасьць чыньнікаў: ён выйшаў на праезную частку, бус ехаў па сустрэчнай паласе.

У судзе паказалі і відэа допыту Чыкілёва: на кадрах бачна, што ён моцна зьбіты, гук не адпавядае таму, як адкрываецца рот. Фрагмэнт прагледзелі некалькі разоў. Чыкілёў тлумачыць, што яго прымушалі, каб казаў, што ён кідаў менавіта камяні.

Падчас вывучэньня пісьмовых матэрыялаў справы зачыталі і эпікрыз са шпіталя хуткай дапамогі — у Сьцяпана былі множныя траўмы і пашкоджаньні.

Мяркуецца, што ў чацьвер адбудуцца судовыя спрэчкі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG