Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Расеі - першае пазбаўленьне волі за акцыі ў падтрымку Навальнага


Затрыманьне ўдзельніка пратэсту ў Расеі, Масква, 31 студзеня 2021
Затрыманьне ўдзельніка пратэсту ў Расеі, Масква, 31 студзеня 2021

Суд ва Ўладзіміры асудзіў на тры гады калёніі жыхара гораду Радужны Ўладзімірскай вобласьці РФ Віталя Цімафеенку, абвінавачанага ва ўжываньні гвалту да супрацоўніка паліцыі на акцыі 23 студзеня

Пра гэта паведамляе інтэрнэт-рэсурс «Медуза» са спасылкай на выданьне «МБХ медиа».

Цімафеенку прызналі вінаватым ва ўжываньні небясьпечнага гвалту да прадстаўніка ўлады (частка 2 артыкула 318 КК РФ). Паводле вэрсіі сьледзтва, 23 студзеня ў часе акцыі ў падтрымку Аляксея Навальнага мужчына пырснуў з газавага балёнчыка ў твар супрацоўніку паліцыі. Той атрымаў хімічны апёк вачэй, лячэньне заняло 3 тыдні.

Гэта другі прысуд па крымінальных справах пасьля зімовых акцый у падтрымку Навальнага, пра які стала вядома, і першы, у рамках якога прызначаны рэальны тэрмін пазбаўленьня волі. Раней жыхар Кастрамы быў асуджаны за ўжываньне гвалту да паліцэйскага на акцыі 23 студзеня, атрымаў паўтара года прымусовых работ.

  • 23 студзеня прайшла першая з сэрыі акцый у падтрымку апазыцыянэра Аляксея Навальнага. Наступныя акцыі адбыліся 31 студзеня, 2 і 14 лютага. Паводле зьвестак праваабаронцаў, у сувязі з пратэстамі па ўсёй краіне затрымалі больш за 10 тысяч чалавек, былі распачатыя прынамсі 40 крымінальных спраў.
  • Акцыі былі зьвязаныя з затрыманьнем Аляксея Навальнага адразу пасьля яго вяртаньня зь Нямеччыны 17 студзеня. У лютым суд прызнаў Навальнага вінаватым у парушэньні абавязкаў умоўнага асуджанага па справе «Іў Рашэ» і замяніў яму ўмоўны тэрмін на рэальны. Палітык атрымаў 2,5 года калёніі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG