Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЭЗ: Занадта доўга беларусам адмаўлялі ў асноўных свабодах


Прэсавы сакратар зьнешнепалітычнай службы Эўрапейскага Зьвязу Пэтэр Стана зрабіў заяву ў сувязі з прысудам журналістцы Кацярыне Барысевіч і лекару Арцёму Сарокіну.

У заяве адзначаецца, што Барысевіч і Сарокін былі асуджаныя ў закрытым працэсе за раскрыцьцё праўды пра забойства Рамана Бандарэнкі: «Паводле дакладных зьвестак, 11 лістапада 2020 году спадара Бандарэнку да зьмерці зьбілі асобы, зьвязаныя з супрацоўнікамі органаў унутраных спраў. Вінаватыя не былі прыцягнуты да адказнасьці».

«Занадта доўга беларусам адмаўлялі ў асноўных свабодах, уключаючы свабоду выказваньня меркаваньняў і інфармацыі, а таксама асноўныя правы, такія як права на празрысты і справядлівы суд, — канстатуе прадстаўнік ЭЗ. — Гэтыя парушэньні непрымальныя і супярэчаць міжнародным абавязаньням Беларусі па захаваньні правоў чалавека. ЭЗ будзе працягваць падтрымліваць беларускі народ у законным патрабаваньні дэмакратыі і шанаваньня асноўных свабодаў. Эўразьвяз будзе працягваць актыўна падтрымліваць намаганьні дзеля збору доказаў катаваньняў і рэпрэсій у Беларусі і прыцягненьня вінаватых да адказнасьці».

2 сакавіка суд Маскоўскага раёну Менску асудзіў журналістку Кацярыну Барысевіч на 6 месяцаў пазбаўленьня волі ў папраўчай калёніі агульнага рэжыму і штраф 2900 рублёў.

Анэстэзіёлага-рэаніматоляга Арцёма Сарокіна, які праходзіць зь ёй у адной справе, асудзілі на 2 гады пазбаўленьня волі з адтэрміноўкай выкананьня пакараньня на 1 год і далі штраф у памеры 1450 рублёў.

Працэс вяла судзьдзя Сьвятлана Бандарэнка.

Барысевіч прызнаная вінаватай у падбухторваньні да выдаваньня мэдычнай таямніцы (ч. 3 арт. 178, ч. 5 арт. 16 КК), Сарокін — у разгалошваньні мэдычнай таямніцы, што прывяло да цяжкіх наступстваў (ч. 3 арт. 178 КК).

Кацярына Барысевіч засталася пад вартай, Арцёма Сарокіна пастанавілі вызваліць у залі суду. Праваабаронцы прызналі іх палітвязьнямі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG