Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як праходзіў закрыты суд у справе журналісткі Барысевіч і лекара Сарокіна


Кацярына Барысевіч і Арцём Сарокін падчас суду 19 лютага 2021 году
Кацярына Барысевіч і Арцём Сарокін падчас суду 19 лютага 2021 году

Працэс аднавіўся 2 сакавіка, абаім абвінавачаным пагражае да трох гадоў пазбаўленьня волі, за кратамі яны ўжо больш як 100 дзён. Чакаецца, што сёньня пройдуць спрэчкі бакоў.

Суд у справе журналісткі парталу Tut.by Кацярыны Барысевіч і лекара Арцёма Сарокіна пачаўся ў Менску 19 лютага — амаль роўна праз тры месяцы пасьля іх затрыманьня.

І Барысевіч, і Сарокіна вінавацяць у выдаваньні мэдычнай таямніцы Рамана Бандарэнкі, які загінуў ад рук невядомых. Крымінальную справу па факце яго сьмерці завялі амаль адначасова з пачаткам гэтага працэсу, яе падрабязнасьцяў не публікуюць. Вядома толькі, што сілавікоў сярод падазраваных у забойстве Бандарэнкі няма.

Працэс закрыты

Працэс пачаўся ў Доме правасудзьдзя на вуліцы Сямашкі. Суд Маскоўскага раёну, у якім павінны былі судзіць Барысевіч і Сарокіна, быў заняты працэсам Віктара Бабарыкі. У залю раніцай 19 лютага запусьцілі каля 30 чалавек (яна магла зьмясьціць каля 50. — РС) — удзельнікаў працэсу, родных абвінавачаных, некалькіх іх калег а таксама дзяржаўныя СМІ. Звонку засталося каля ста чалавек. Ня ўсіх, хто хацеў прысутнічаць у залі суду, пусьцілі нават у фае. Барысевіч і Сарокіна прывезьлі ў Дом правасудзьдзя ў кайданках, канвой завёў іх праз адмысловыя дзьверы.

Судзьдзя Бандарэнка пастанавіла зрабіць працэс закрытым ужо праз паўгадзіны пасьля яго пачатку. Прычынай стала тая ж мэдычная тайна пра стан Рамана Бандарэнкі неўзабаве пасьля інцыдэнту на «плошчы Перамен», якую, па вэрсіі абвінавачваньня, абнародавалі Арцём Сарокін і Кацярына Барысевіч. У залі засталіся толькі адвакаты, абвінавачаныя і судзьдзя з пракурорам і сакратаркай.

Што расказалі родныя абвінавачаных пра іх стан

«Суд закрылі, таму што пракурор падаў хадайніцтва, — расказаў Свабодзе брат Кацярыны Барысевіч Вадзім у першы дзень працэсу. — Хоць усе, і адвакаты — і Каці, і лекара, — былі супраць. І сама Каця была супраць. Судзьдзя сказала, што ёсьць яшчэ нейкія матэрыялы, якія не былі агучаныя раней. Таму суд закрыты. Каця малайчына, яна трымаецца. Выглядае вельмі добра. Паразмаўляць мы, натуральна, не змаглі. Але выглядае добра, усьміхаецца».

Кацярына Барысевіч на судзе 19 лютага
Кацярына Барысевіч на судзе 19 лютага

Па словах брата Кацярыны Барысевіч Вадзіма, перад закрыцьцём працэсу так і ня стала вядома, ці прызнаюць віну абвінавачаныя. Магчыма, адкрыта пра гэта нельга будзе паведаміць нават пасьля прысуду.

«Нам толькі зачыталі абвінавачаньне, прадставілі пракурора, адвакатаў — і ўсё, нас выдалілі, — расказаў брат лекара Арцёма Сарокіна Павал. — Мы адмоўна ставімся да таго, што працэс закрыты.

Прыйшло столькі людзей падтрымаць нас, мы вельмі ўдзячныя ўсім. Чакалі, што будзе шмат, але не настолькі. Усе гаварылі пра гэты працэс, усе СМІ, нават дзяржаўныя. Павінна быць усё адкрыта, каб людзі ведалі. Арцём добра выглядае, я нават зьдзіўлены. Як на сямейных фота, ён не зьмяніўся. Гэта радуе, што ён трымае сябе ў форме».

Арцём Сарокін падчас суду 19 лютага
Арцём Сарокін падчас суду 19 лютага

Па словах Паўла Сарокіна, ён да апошняга спадзяваўся на тое, што судзьдзя Бандарэнка падтрымае бок абароны і працэс пройдзе ў адкрытым рэжыме.

Як паводзяць сябе сьведкі

Сьведкамі на працэсе выступілі калегі Арцёма Сарокіна і Кацярыны Барысевіч, а таксама стрыечная сястра загінулага Рамана Бандарэнкі Вольга Кучарэнка. Яна давала паказаньні на трэці дзень працэсу і перад гэтым расказала Свабодзе, што асабіста дазволіла Барысевіч публікаваць інфармацыю пра стан яе брата.

«Мы не рабілі таямніцы з стану здароўя Ромы, — сказала Вольга. — Аб прычынах яго сьмерці, аб нейкіх лябараторных абсьледаваньнях. Аб тым, што запісана ў яго даведцы аб сьмерці, і гэтак далей. То бок мы ўсяляк ухвалялі пашырэньне гэтай інфармацыі, каб не ачарнілася імя майго брата і ён не аказаўся тым, кім ён не зьяўляецца.

Суду я б хацела сказаць, што яго маці напярэдадні сьмерці Ромы, калі ён яшчэ быў у коме, дазволіла мне быць кантактнай асобай са СМІ. Паведамляць пра стан Ромы. Кацярына (Барысевіч. — РС) насамрэч атрымлівала ад мяне дазвол на публікацыю яго лябараторных дасьледаваньняў».

Вольга таксама выказала спадзяваньне, што пасьля агучаных ёю паказаньняў суд прыме справядлівае рашэньне.

Што кажуць адвакаты

Ад таго, што працэс зрабілі закрытым, ад абаронцаў Барысевіч і Сарокіна таксама нельга даведацца амаль нічога пра ход разбору. Кацярыну абараняюць адвакаты Міхаіл Баднарчук і Андрэй Мачалаў, лекара Арцёма Сарокіна — адвакатка Вольга Бацюк. Яны ня змогуць расказаць журналістам нават таго, якога пакараньня для абвінавачаных будзе прасіць пракурор.

«Настрой у нашых падабаронных бадзёры, гэта ўсё, што мы можам сказаць, — расказалі адвакаты ў перапынку аднаго з паседжаньняў. — Яны чулі падтрымку, якая была ў першы дзень, чулі, што прыйшло шмат людзей. Гэтага нельга было не пачуць. Бачылі ўсіх, хто ня змог трапіць у залю суду. Гэта ўзбадзёрыла, настрой баявы».

Па словах адвакатаў, закрыцьцё працэсу было чаканае для яго ўдзельнікаў. Аднак і адвакаты, і абвінавачаныя да апошняга моманту спадзяваліся, што суд у справе Барысевіч і Сарокіна пройдзе ў адкрытым рэжыме. Абаронцы таксама не бяруцца дакладна спрагназаваць, калі працэс скончыцца. Паводле прыкладных ацэнак, рашэньне будзе прынята судом да 6 сакавіка.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG